ДЭКРЭТ ПРА МІСІЙНУЮ ДЗЕЙНАСЦЬ КАСЦЁЛА
ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ
ДЭКРЭТ
ПРА МІСІЙНУЮ ДЗЕЙНАСЦЬ КАСЦЁЛА
«AD GENTES»
УСТУП
РАЗДЗЕЛ I - ДАКТРЫНАЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ
РАЗДЗЕЛ II - МІСІЙНАЯ СПРАВА
АРТ. 1 - ХРЫСЦІЯНСКАЕ СВЕДЧАННЕ
АРТ. 2 - АБВЯШЧЭННЕ ЕВАНГЕЛЛЯ І СХОД БОЖАГА НАРОДУ
АРТ. 3 - СТВАРЭННЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
РАЗДЗЕЛ III - МЯСЦОВЫ КАСЦЁЛ
РАЗДЗЕЛ IV - МІСІЯНЕРЫ
РАЗДЗЕЛ V - АРГАНІЗАЦЫЯ МІСІЙНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
РАЗДЗЕЛ VI - СУПРАЦОЎНІЦТВА
ЗАКАНЧЭННЕ
УСТУП
1. Касцёл, пасланы Богам да народаў як «паўсюдны сакрамэнт збаўлення»1, імкнецца абвяшчаць Евангелле ўсім людзям паводле найглыбейшай патрэбы свайго каталіцкага духу, а таксама паводле наказу свайго Заснавальніка2. Самі Апосталы, на якіх быў заснаваны Касцёл, ідучы за Хрыстом, «абвяшчалі слова праўды i нараджалі Касцёлы»3. Заданне іх наступнікаў — няспынна працягваць гэтую справу, «каб слова Пана пашыралася і праслаўлялася» (2 Тэс 3, 1) i каб па ўсім свеце абвяшчалася і будавалася Божае Валадарства.
Аднак пры сённяшнім парадку рэчаў, з якога вынікае новы стан чалавецтва, Касцёл, соль зямлі і святло свету4, яшчэ больш адчувае сваё пакліканне да збаўлення і адновы ўсяго стварэння, каб усё было адноўлена ў Хрысце i каб у Ім людзі стваралі адну сям’ю i адзін Божы народ.
Таму гэты Святы Сабор, узносячы Богу падзяку за цудоўныя справы, здзейсненыя высакароднымі намаганнямі ўсяго Касцёла, жадае вызначыць прынцыпы місійнай дзейнасці і з’яднаць сілы ўсіх вернікаў, каб Божы народ, ідучы вузкім крыжовым шляхам, усюды пашыраў Валадарства Хрыста, Пана i Валадара вякоў5, i рыхтаваў шляхі для Яго прыйсця.
РАЗДЗЕЛ I
ДАКТРЫНАЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ
2. Пілігрымуючы Касцёл па сваёй сутнасці з’яўляецца місійным, бо паводле плана Бога Айца бярэ свой пачатак з місіі Сына i са спаслання (ex missione) Духа Святога6.
Гэты план вынікае з «крыніцы любові», гэта значыць з любові Бога Айца, які, будучы Пачаткам без пачатку, з якога нараджаецца Сын, a праз Сына паходзіць Дух Святы, добраахвотна стварыў нас у сваёй невымернай i міласэрнай ласкавасці i міласціва кліча да ўдзелу з сабой у жыцці і хвале, шчодра выліўшы і няспынна выліваючы сваю боскую дабрыню, каб, будучы Стварыцелем усяго, Ён стаў канчаткова ўсім ва ўсім (пар. 1 Кар 15, 28), дасягаючы адначасова i ўласнай хвалы i нашага шчасця. Аднак спадабалася Богу паклікаць людзей да ўдзелу ў сваім жыцці не толькі паасобку, выключаючы ўсялякую ўзаемную сувязь, але так, каб яны ўтварылі народ, у якім Яго рассеяныя дзеці сабраліся б у адно7.
3. Гэты паўсюдны Божы план збаўлення чалавецтва здзяйсняецца не толькі таямніча, у чалавечым розуме або праз ініцыятывы, нават рэлігійныя, пры дапамозе якіх людзі па-рознаму шукаюць Бога, «можа, намацаюць і знойдуць Яго, бо Ён недалёка ад кожнага з нас» (Дз 17, 27). Згаданыя ініцыятывы патрабуюць асвячэння i аздараўлення, хоць паводле ласкавага прысуду добрага Бога можна часам лічыць іх выхаваўчымі шляхамі да сапраўднага Бога або евангельскай падрыхтоўкай8. Аднак дзеля ўстанаўлення спакою, гэта значыць паяднання з Ім, а таксама дзеля стварэння братняй супольнасці сярод людзей, i пры гэтым грэшных, Бог вырашыў увайсці ў чалавечую гісторыю па-новаму i канчаткова, пасылаючы ў нашым целе свайго Сына, каб праз Яго вызваліць людзей з-пад улады цемры i сатаны9 і паяднаць у Ім з сабою свет10. Таму свайго Сына, праз якога таксама стварыў стагоддзі11, Ён устанавіў спадкаемцам усяго, каб у Ім усё аднавіць12.
Езус Хрыстус быў пасланы ў свет як праўдзівы пасрэднік паміж Богам і людзьмі. Паколькі Ён — Бог, «у Ім цялесна жыве ўся паўната боскасці» (Клс 2, 9), а паводле чалавечай натуры Ён, новы Адам, «поўны ласкі і праўды» (Ян 1, 14), устаноўлены галавой адноўленага чалавецтва. Такім чынам, Сын Божы прайшоў шлях сапраўднага Уцелаўлення, каб зрабіць людзей удзельнікамі боскай натуры. Будучы багатым, Ён стаў для нас убогім, каб нас узбагаціць сваім убоствам13. Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць i аддаць сваё жыццё дзеля адкуплення многіх, гэта значыць за ўсіх14. Святыя айцы пастаянна зазначаюць, што не можа быць аздароўлена тое, чаго Хрыстус не прыняў15. А прыняў Ён усю чалавечую натуру, уласцівую нам, гаротным і бедным, аднак за выключэннем граху16. Бо Хрыстус, якога «Айцец асвяціў і паслаў у свет» (Ян 10, 36), сказаў пра сябе: «Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок» (Лк 4, 18), i зноў: «Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула» (Лк 19, 10).
Тое, што Пан аднойчы абвясціў або што калісьці ў Ім споўнілася дзеля збаўлення чалавечага роду, трэба абвяшчаць i распаўсюджваць аж да межаў зямлі17, пачынаючы ад Ерузалема18, каб тое, што было аднойчы здзейснена для збаўлення ўсіх, з часам ва ўсіх здабыло свой плён.
4. Для здзяйснення гэтага Хрыстус паслаў ад Айца Духа Святога, каб Ён здзяйсняў сваю справу збаўлення знутры i пабуджаў Касцёл пашырацца. Несумненна, Дух Святы ўжо дзейнічаў у свеце перад праслаўленнем Хрыста19.
Аднак, калі ў дзень Пяцідзесятніцы Дух Святы сышоў на вучняў, каб застацца з імі назаўсёды20, Касцёл публічна аб’явіў сябе мноству людзей. Пачалося распаўсюджванне Евангелля сярод народаў праз прапаведаванне і, нарэшце, вобразна стала бачным з’яднанне людзей у паўсюднай веры ў Касцёле Новага Запавету, які гаворыць усімі мовамі і ў любові разумее і ахоплівае ўсе мовы, перамагаючы Бабілёнскае рассеянне21. З дня Пяцідзесятніцы пачаліся «дзеі Апосталаў»: як з моманту сыходжання Духа Святога на Дзеву Марыю быў зачаты Хрыстус, a пасля сыходжання на Яго таго ж Духа Святога ў часе малітвы Ён распачаў сваё служэнне22. Сам жа Пан Езус, перад тым як добраахвотна аддаць сваё жыццё за свет, устанавіў апостальскае служэнне i паабяцаў спаслаць Духа Святога, каб і служэнне, і Дух былі з’яднаныя ў справе збаўлення, якое ўсюды і заўсёды павінна станавіцца больш плённым23. Ва ўсе часы Дух Святы аб’ядноўвае ўвесь Касцёл у супольнасці i служэнні i ўдзяляе яму разнастайныя іерархічныя і харызматычныя дары24, ажыўляе касцёльныя ўстановы, нібы душа25, i ўлівае ў сэрцы вернікаў той самы місійны дух, які вёў самога Хрыста. Часам нават бачным чынам Ён апярэджвае апостальскую дзейнасць26, якой няспынна па-рознаму спадарожнічае i кіруе27.
5. Пан Езус з самага пачатку «паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў... і выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць» (Mк 3, 13-14)28. Такім чынам Апосталы сталі парасткамі новага Ізраэля i адначасова пачаткам новай іерархіі. Затым, раз і назаўсёды сваёй смерцю i ўваскрасеннем споўніўшы ў сабе таямніцу нашага збаўлення i аднаўлення ўсяго, Пан, якому была дадзена ўсялякая ўлада ў небе i на зямлі29, перад тым, як быў узяты ў неба30, заснаваў свой Касцёл як сакрамэнт збаўлення. І паслаў Апосталаў па ўсім свеце, як і сам быў пасланы Айцом31, наказваючы ім: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам» (Mц 28, 19-20). «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны» (Mк 16, 15-16). Таму Касцёлу даручаны абавязак распаўсюджваць веру i Хрыстовае збаўленне: як паводле выразнага наказу, які пасля Апосталаў атрымаў у спадчыну стан біскупаў, які падтрымліваюць святары i які з’яднаны з наступнікам Пятра, Найвышэйшым Пастырам Касцёла, так і з прычыны жыцця, якое перадае сваім членам Хрыстус, з якога «ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне цела для будавання самога сябе ў любові» (Эф 4, 16). Таму місія Касцёла здзяйсняецца ў той дзейнасці, праз якую ён, паслухмяны наказу Хрыста і натхнёны ласкай i любоўю Духа Святога, цалкам паказвае сваю дзейсную прысутнасць усім людзям і народам, каб праз прыклад жыцця і прапаведаванне, а таксама праз святыя сакрамэнты i іншыя сродкі ласкі давесці іх да веры, свабоды i Хрыстовага спакою, каб ім адкрыўся свабодны i пэўны шлях да поўнага ўдзелу ў таямніцы Хрыста.
Паколькі гэтая місія надалей трывае i на працягу гісторыі развіваецца місія самога Хрыста, які быў пасланы несці ўбогім добрую навіну, Касцёл, пад уздзеяннем Хрыстовага Духу, павінен ісці той самай дарогай, якую прайшоў Хрыстус, а менавіта дарогай убоства, паслухмянасці, служэння i самаахвярнасці аж да смерці, з якой Хрыстус праз сваё ўваскрасенне выйшаў пераможцам. Так з надзеяй крочылі ўсе Апосталы, дапаўняючы шматлікім смуткам i цярпеннямі недахоп цярпенняў Хрыста дзеля дабра Яго цела, якім ёсць Касцёл32. Часта зернем была таксама кроў хрысціянаў33.
6. Гэтае заданне, якое пры супрацоўніцтве і малітве ўсяго Касцёла павінен выконваць стан біскупаў на чале з наступнікам Пятра, з’яўляецца ўсюды i ў кожнай сітуацыі адным і тым самым, хоць у залежнасці ад акалічнасцяў яно выконваецца па-рознаму. Таму адрозненні, якія трэба прызнаць у гэтай дзейнасці Касцёла, паходзяць не з унутранай прыроды самой місіі, але з умоў, у якіх яна здзяйсняецца.
Гэтыя ўмовы залежаць ці ад Касцёла, ці таксама ад народаў, супольнасцяў або паасобных людзей, да якіх скіравана гэтая місія. Касцёл, хоць змяшчае ў сабе ўсю паўнату сродкаў збаўлення, не заўсёды i не адразу дзейнічае або можа дзейнічаць у поўнай меры, але зведвае перыяд пачатку i этапы развіцця сваёй дзейнасці, у якой імкнецца паспяхова ажыццявіць Божы план. Часам пасля паспяхова распачатага развіцця ён вымушаны, на жаль, зноў адступаць або прынамсі заставацца ў стане нейкай непаўнаты i недахопу. Што датычыць людзей, груп i народаў, то Касцёл толькі паступова выходзіць да іх i пранікае, каб увесці іх такім чынам у каталіцкую паўнату. Кожнай умове або стану павінны адпавядаць пэўныя дзеянні або сродкі. Наогул «місіямі» называюцца спецыяльныя ініцыятывы, скіраваныя Касцёлам да прапаведнікаў Евангелля, якія, ідучы па ўсім свеце, ажыццяўляюць заданне абвяшчаць Евангелле i засноўваць Касцёл сярод народаў або супольнасцяў, якія яшчэ не вераць у Хрыста, што паспяхова здзяйсняецца праз місійную дзейнасць, якая вядзецца на пэўных тэрыторыях, прызнаных Апостальскай Сталіцай. Уласцівай мэтай такой місійнай дзейнасці з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля i заснаванне Касцёла сярод тых народаў i супольнасцяў, дзе Касцёл яшчэ не ўкараніўся34. Такім чынам з зерня Божага слова павінны развівацца аўтахтонныя мясцовыя Касцёлы, заснаваныя ў дастатковай колькасці па ўсім свеце, якія маюць уласныя сілы i адзначаюцца сталасцю. Маючы ўласную іерархію, з’яднаную з верным народам, і дастатковыя дапаможныя сродкі для поўнага хрысціянскага жыцця, яны павінны рабіць свой уклад у супольную справу дзеля дабра ўсяго Касцёла. Галоўным сродкам заснавання Касцёла ёсць абвяшчэнне Евангелля Езуса Хрыста, для прапаведавання якога Пан паслаў сваіх вучняў па ўсім свеце, каб людзі, адроджаныя словам Бога35, былі далучаныя праз хрост да Касцёла, які, як цела ўцелаўлёнага Слова, корміцца i жыве Божым словам i эўхарыстычным хлебам36.
У гэтай місійнай дзейнасці Касцёл трапляе на розныя этапы, часам перамешаныя паміж сабою: найперш — пачатак або заснаванне, затым — навізна або маладосць. Аднак пасля гэтага місійная дзейнасць Касцёла не спыняецца, бо паасобныя, ужо заснаваныя Касцёлы маюць у сваю чаргу абавязак працягваць гэтую дзейнасць i абвяшчаць Евангелле тым, хто ўсё яшчэ знаходзіцца па-за Касцёлам. Акрамя гэтага, супольнасці, сярод якіх прысутнічае Касцёл, нярэдка цалкам змяняюцца з розных прычын, так што могуць узнікнуць абсалютна новыя ўмовы. Тады Касцёл павінен вырашыць, ці дадзеная сітуацыя не патрабуе зноў місійнай дзейнасці.
Больш за тое, абставіны часам складваюцца так, што непасрэдна і адразу абвяшчаць евангельскую навіну часова немагчыма. У такіх выпадках місіянеры могуць i павінны цярпліва, разважліва і адначасова з вялікім даверам даваць сведчанне любові i Хрыстовай дабрыні i такім чынам праставаць дарогу Пану i сведчыць пра Яго прысутнасць.
Так, становіцца зразумелым, што місійная дзейнасць вынікае з самой сутнасці Касцёла, бо яна распаўсюджвае яго збаўчую веру, пашырае і ажыўляе каталіцкую еднасць, абапіраецца на яго апостальства, здзяйсняе супольны характар іерархіі, пацвярджае яго святасць, павялічвае яе i падтрымлівае. Місійная дзейнасць сярод народаў, якія не вызнаюць хрысціянства, адрозніваецца ад пастырскай дзейнасці сярод вернікаў і ад ініцыятыў, якія прымаюцца для вяртання еднасці сярод хрысціянаў.
Аднак гэтыя два віды дзейнасці цесна з’яднаны з місійнай дзейнасцю Касцёла37, бо падзел паміж хрысціянамі прыносіць шкоду святой справе абвяшчэння Евангелля ўсялякаму стварэнню38 i многім закрывае шлях да веры. Таму з прычыны неабходнасці місійнай дзейнасці ўсе ахрышчаныя пакліканы да з’яднання ў адной аўчарні, каб праз гэта яны маглі даць выразнае сведчанне перад народамі пра Хрыста, свайго Пана. A калі яны яшчэ не ў стане даваць поўнае сведчанне пра адну веру, то павінны прынамсі мець узаемную павагу і любоў.
7. Місійная дзейнасць мае сваё абгрунтаванне ў волі Бога, «які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды. Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх» (1 Цім 2, 4-6), «і няма ні ў кім іншым збаўлення» (Дз 4, 12). Таму да Яго, пазнанага праз навучанне Касцёла, усе павінны навярнуцца i праз хрост злучыцца з Ім і Касцёлам, які з’яўляецца Ягоным целам. Сам Хрыстус, «выразна падкрэсліваючы неабходнасць веры i хросту39... адначасова пацвердзіў неабходнасць Касцёла, у які людзі ўваходзяць праз хрост, як праз браму. Таму не могуць збавіцца тыя людзі, якія не жадаюць увайсці ў Касцёл ці заставацца ў ім, ведаючы, што ён заснаваны Богам пры пасрэдніцтве Хрыста як неабходны»40. Хоць Бог вядомымі толькі Яму шляхамі можа давесці людзей, якія не па ўласнай віне не ведаюць Евангелля, да веры, без якой немагчыма падабацца Богу41, аднак Касцёл абавязаны42 i адначасова мае святое права евангелізаваць, a значыць місійная дзейнасць як сёння, так і заўсёды цалкам захоўвае сваю моц i неабходнасць.
Праз гэтую дзейнасць Містычнае цела Хрыста нястомна збірае сілы i накіроўвае іх для свайго ўзрастання43. Да гэтай дзейнасці членаў Касцёла пабуджае любоў, якой яны любяць Бога i натхнёныя якой жадаюць падзяліцца з усімі людзьмі духоўнымі дабротамі як цяперашняга, так i будучага жыцця. І нарэшце, праз гэтую місійную дзейнасць Бог атрымлівае поўную хвалу, калі людзі свядома i цалкам прымаюць Яго збаўчую справу, здзейсненую Ім у Хрысце. Такім чынам у ёй здзяйсняецца Божы план, якому Хрыстус у паслухмянасці i любові служыць дзеля хвалы Айца, які паслаў Яго44, каб увесь чалавечы род утварыў адзін Божы народ, злучыўся ў адно цела Хрыста i з’яднаўся ў будаванні адной святыні Духа Святога. Усё гэта сапраўды вядзе да братняй згоды, адпавядае найглыбейшым жаданням усіх людзей. Так канчаткова споўніцца план Стварыцеля, які стварыў чалавека паводле свайго вобраза і падабенства, калі ўсе ўдзельнікі чалавечай натуры, адроджаныя ў Хрысце праз Духа Святога, змогуць, сузіраючы Божую хвалу, адзінагалосна сказаць: «Ойча наш»45.
8. Місійная дзейнасць звязана таксама вельмі цесна з самой чалавечай натурай i яе імкненнямі. Паказваючы Хрыста, Касцёл тым самым аб’яўляе людзям сапраўдную праўду пра іх стан, а таксама пра паўнату іх паклікання, бо Хрыстус — гэта крыніца і прыклад таго адноўленага чалавецтва, прасякнутага братняй любоўю, шчырасцю i духам спакою, якога ўсе жадаюць. Хрыстус і Касцёл, які сведчыць пра Яго праз абвяшчэнне Евангелля, знаходзяцца па-над усялякім расавым і нацыянальным партыкулярызмам, і таму нікім i нідзе не могуць лічыцца чужымі46. Сам Хрыстус ёсць праўдай i жыццём, якія абвяшчэнне Евангелля робіць даступнымі для ўсіх, перадаючы ўсім словы Хрыста: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Mк 1, 15). A паколькі той, хто не верыць, ужо асуджаны47, таму словы Хрыста з’яўляюцца адначасова словамі асуджэння і ласкі, смерці і жыцця. Бо да новага жыцця мы можам дайсці толькі тады, калі аддадзім смерці старыя справы. Гэта перадусім датычыць асоб, а таксама розных дабротаў гэтага свету, якія адначасова маюць рысы граху чалавека i Божага благаслаўлення: «Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай» (Рым 3, 23). Ніхто сам па сабе, уласнымі сіламі не атрымлівае вызвалення ад граху; ніхто таксама не вызваляецца цалкам ад сваёй слабасці, самотнасці ці няволі48. Усе патрабуюць Хрыста — прыкладу, настаўніка, вызваліцеля, збаўцы, ажыўляльніка. Сапраўды, Евангелле было ў гісторыі чалавечых і зямных спраў рошчынай свабоды i развіцця i надалей застаецца рошчынай братэрства, еднасці і спакою. Не без падстаў вернікі ўшаноўваюць Хрыста як «чаканне народаў i свайго Збавіцеля»49.
9. Місійная дзейнасць прыпадае на перыяд паміж першым і другім прыйсцем Пана, калі Касцёл, быццам жніво, збярэцца з чатырох бакоў свету ў Божае Валадарства50. Але пакуль не прыйдзе Пан, Евангелле павінна абвяшчацца ўсім народам51.
Місійная дзейнасць заключаецца толькі і выключна ў маніфестацыі Божага плана, або Эпіфаніі, i ў поўным яго здзяйсненні ў свеце і яго гісторыі, у якой Бог праз місіі выразна ажыццяўляе гісторыю збаўлення. Місійная дзейнасць выяўляе прысутнасць Хрыста, крыніцы збаўлення, праз словы Евангелля i цэлебрацыю сакрамэнтаў, вяршыняй i цэнтрам якіх з’яўляецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя. Тое, што з праўды i ласкі народы ўжо мелі дзякуючы як бы ўкрытай прысутнасці Бога, яна вызваляе ад шкодных уплываў i вяртае свайму Стварыцелю, Хрысту, які руйнуе ўладу сатаны i стрымлівае зло розных злачынстваў. Таму кожнае добрае зерне, пасеянае ў сэрцах i розумах людзей, у абрадах і культурах розных народаў не толькі не гіне, але аздараўляецца, узвышаецца i ўдасканальваецца дзеля Божай хвалы, на ганьбу сатаны i для шчасця чалавека52. Такім чынам місійная дзейнасць скіравана да эсхаталагічнай поўні53, бо праз яе аж да часу i гадзіны, якія ўстанавіў Айцец сваёй уладай54, павялічваецца Божы народ, да якога былі скіраваны прарочыя словы: «Пашыр месца шатра твайго, расцягні покрыва жылля твайго! Не саромся!» (Іс 54, 2)55; узрастае таксама Містычнае цела аж да меры поўнага ўзрастання Хрыстовай сталасці56, a духоўная святыня, у якой аддаецца хвала Богу ў духу і праўдзе57, паўстае i будуецца «на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем» (Эф 2, 20).
РАЗДЗЕЛ II
МІСІЙНАЯ СПРАВА
10. Касцёл, пасланы Хрыстом абвяшчаць Божую любоў i прышчапляць яе ўсім людзям i народам, разумее, што павінен яшчэ выканаць вялікую місійную справу. Бо два мільярды людзей, лічба якіх расце з кожным днём, людзей, якія ствараюць вялікія i ўстойлівыя супольнасці, з’яднаныя трывалымі культурнымі сувязямі, старажытнымі рэлігійнымі традыцыямі і моцнымі грамадскімі сувязямі, яшчэ не чулі або пачулі евангельскую навіну зусім нядаўна. Некаторыя з іх вызнаюць адну з вялікіх рэлігій, для іншых чужым з’яўляецца само паняцце Бога, хтосьці выразна аспрэчвае Яго існаванне, a часам нават змагаецца з Ім. Каб усім ахвяраваць таямніцу збаўлення i жыццё, падараванае Богам, Касцёл павінен увайсці ва ўсе гэтыя супольнасці такім чынам, як Хрыстус праз сваё ўцелаўленне далучыўся да пэўных культурных i сацыяльных умоў побыту людзей, сярод якіх Ён жыў.
АРТ. 1
ХРЫСЦІЯНСКАЕ СВЕДЧАННЕ
11. Касцёл павінен у гэтых чалавечых супольнасцях прысутнічаць у асобе сваіх дзяцей, якія жывуць у іх або пасланыя да іх. Усе вызнаўцы Хрыста, дзе б яны не знаходзіліся, абавязаны сведчаннем слова i прыкладам свайго жыцця паказваць новага чалавека, у якога яны апрануліся праз хрост i дзеянне Духа Святога, які ўмацаваў іх у сакрамэнце канфірмацыі, каб іншыя людзі, бачачы іх добрыя ўчынкі, праслаўлялі Айца58 i глыбей зразумелі сапраўдны сэнс чалавечага жыцця i паўсюдную лучнасць чалавечай супольнасці.
Дзеля плённага сведчання пра Хрыста яны павінны гэтым людзям аказваць любоў i павагу, лічыць сябе членамі чалавечай супольнасці, у якой жывуць, i ўдзельнічаць у культурным і грамадскім жыцці праз розныя жыццёвыя кантакты i заняткі. Яны павінны таксама пазнаёміцца з нацыянальнымі i рэлігійнымі традыцыямі; павінны з радасцю i з павагай адкрываць пасеянае ў іх зерне Слова. Адначасова павінны звяртаць увагу на глыбокія перамены, якія адбываюцца ў жыцці народаў, i старацца, каб людзі нашай эпохі, празмерна захопленыя навукай i тэхнікай сучаснага свету, не занядбоўвалі Божыя справы, але абуджалі ў сабе ўсё большае прагненне праўды i любові, аб’яўленай Богам. Як Хрыстус напаўняў сэрцы людзей i праз сапраўды чалавечую гутарку вёў іх да Божага святла, так няхай і Яго вучні, напоўненыя Хрыстовым духам, пазнаюць людзей, сярод якіх жывуць i з якімі маюць зносіны, каб яны праз пакорлівы і цярплівы дыялог даведаліся, якімі багаццямі адарыў народы шчодры Бог. Няхай таксама намагаюцца гэтыя багацці асвятляць святлом Евангелля, выяўляць іх i аддаваць пад уладу Бога Збаўцы.
12. Прысутнасць хрысціянаў у чалавечых супольнасцях павінна быць ажыўлена той любоўю, якой палюбіў нас Бог, які хоча, каб і мы любілі адно аднаго той самай любоўю59.
Хрысціянская любоў сапраўды ахоплівае ўсіх, не робячы адрозненняў паводле нацыянальнай прыналежнасці, сацыяльнага становішча ці веравызнання, не чакае ніякай карысці ці ўдзячнасці. Як Бог палюбіў нас сваёй бескарыслівай любоўю, так і вернікі павінны з любоўю клапаціцца пра кожнага, аказваючы яму такую самую любоў, з якой Бог шукаў чалавека. Як Хрыстус абыходзіў усе гарады i вёскі, вылечваючы ад усялякай хваробы i немачы на знак прыйсця Божага Валадарства60, так і Касцёл праз сваіх дзяцей лучыцца з людзьмі кожнага грамадскага стану, асабліва з беднымі i прыгнечанымі, i ахвотна прысвячае сябе ім61. Ён удзельнічае ў іх радасці i цярпеннях, ведае іх прагненні i таямніцы жыцця, спачувае ім у смяротнай трывозе. Жадае ў братэрскім дыялогу выйсці насустрач тым, хто шукае спакою, прыносячы ім мір i святло Евангелля.
Хрысціяне павінны імкнуцца супрацоўнічаць з іншымі ў належным наладжванні эканамічных і грамадскіх адносінаў. З асаблівай стараннасцю няхай клапоцяцца пра выхаванне дзяцей і моладзі ў школах рознага ўзроўню, якія трэба лічыць не толькі дасканалым сродкам выхавання i развіцця хрысціянскай моладзі, але таксама, найперш у развіццёвых краінах, надзвычай важным служэннем людзям, якое ўзвышае годнасць чалавека i рыхтуе ўмовы больш гуманнага жыцця. Акрамя гэтага, яны павінны падтрымліваць намаганні тых народаў, якія, перамагаючы голад, непісьменнасць i хваробы, імкнуцца стварыць лепшыя ўмовы жыцця i ўмацаваць спакой ва ўсім свеце. У гэтай дзейнасці вернікі павінны старацца разважліва падтрымліваць ініцыятывы, якія распачынаюць прыватныя i публічныя ўстановы, урады, міжнародныя арганізацыі, розныя хрысціянскія супольнасці, а таксама нехрысціянскія рэлігіі.
Аднак Касцёл абсалютна не хоча ўмешвацца ў кіраўніцтва зямной дзяржавай. Не патрабуе для сябе ніякай іншай улады, акрамя адной: з Божай дапамогай i з любоўю служыць людзям верным служэннем62.
Вучні Хрыста, цесна злучаныя з людзьмі ў сваім жыцці i дзейнасці, маюць надзею, што змогуць даваць ім праўдзівае сведчанне пра Яго i працаваць для іх збаўлення таксама там, дзе не могуць у поўні абвяшчаць Хрыста. Яны не імкнуцца выключна да матэрыяльнага прагрэсу i дабрабыту людзей, але прычыняюцца да ўзрастання іх годнасці i братняй еднасці, навучаючы рэлігійным і маральным праўдам, якія Хрыстус асвяціў сваім святлом, i такім чынам паступова пракладваюць больш шырокі шлях да Бога. Праз любоў да Бога i бліжняга людзі атрымліваюць дапамогу ў дасягненні збаўлення. Так пачынае ззяць таямніца Хрыста, у якой аб’явіўся новы чалавек, створаны паводле Божага вобраза,63 — таямніца, у якой аб’яўляецца Божая любоў.
АРТ. 2
АБВЯШЧЭННЕ ЕВАНГЕЛЛЯ І СХОД БОЖАГА НАРОДУ
13. Усюды, дзе Бог адкрывае дзверы для слова, што абвяшчае таямніцу Хрыста64, там усім людзям65 павінен адважна i няспынна66 абвяшчацца67 жывы Бог i пасланы для збаўлення ўсіх Езус Хрыстус68, каб нехрысціяне, якім Дух Святы адкрывае сэрцы69, паверыўшы, навярнуліся па ўласнай волі да Пана i шчыра прыгарнуліся да Яго, бо Ён — «дарога, праўда i жыццё» (Ян 14, 6). Ён спаўняе ўсе іхнія духоўныя чаканні, больш за тое, бясконца пераўзыходзіць іх.
Гэтае навяртанне трэба, канешне, разглядаць як пачатковае, але тым не менш дастатковае, каб чалавек, адвярнуўшыся ад граху, зразумеў, што ён уваходзіць у таямніцу любові Бога, які кліча яго да асабістага паяднання з Ім у Хрысце. Праз Божую ласку новаканвертыт уваходзіць на духоўны шлях, па якім, маючы ўжо праз веру ўдзел у таямніцы Смерці i Уваскрасення, ён пераходзіць ад старога да новага чалавека, дасканалага ў Хрысце70. Гэты пераход, які нясе з сабою паступовую змену перакананняў i паводзін, павінен выяўляцца па сваіх грамадскіх выніках і паволі здзяйсняцца падчас катэхумэнату. Паколькі Пан, якому вераць, ёсць знакам супраціўлення71, таму канвертыт часам адчувае раздваенне i самотнасць, але таксама радасць, якую Бог удзяляе без меры72.
Касцёл сурова забараняе прымушаць або падштурхоўваць каго-небудзь да прыняцця веры ці неадпаведнымі сродкамі прывабліваць да яе, але з другога боку цвёрда абараняе права, каб нікога пагрозамі і ўціскам не змушалі адысці ад веры73.
Паводле старажытнага касцёльнага звычаю трэба правяраць і пры неабходнасці ачышчаць матывацыю навяртання.
14. Той, хто прыняў ад Бога праз пасрэдніцтва Касцёла веру ў Хрыста74, праз літургічны абрад дапускаецца да катэхумэнату, які заключаецца не толькі ў тлумачэнні дагматаў i запаведзяў, але ў фарміраванні ўсяго хрысціянскага жыцця i ў дастаткова доўгім выпрабаванні. Дзякуючы ўсяму гэтаму вучні яднаюцца з Хрыстом, сваім Настаўнікам. Таму катэхумэнаў трэба адпаведным чынам уводзіць у таямніцу збаўлення, а праз практыкаванне евангельскіх звычаяў і праз святыя абрады, якія здзяйсняюцца паслядоўна, адзін за другім75, іх трэба ўтаямнічваць у жыццё веры, літургіі i любові Божага народу.
Затым, выбаўленыя праз сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання з-пад улады цемры76, разам з Хрыстом памерлыя, пахаваныя i ўваскрослыя77, яны атрымліваюць Духа78 ўсынаўлення i разам з усім Божым народам цэлебруюць успамін смерці i ўваскрасення Пана.
Пажадана, каб літургія Вялікага посту i Пасхі была адноўлена так, каб рыхтавала душы катэхумэнаў да святкавання Пасхальнай таямніцы, падчас якога яны адраджаюцца праз хрост у Хрысце.
Пра гэтае хрысціянскае ўтаямнічанне ў катэхумэнаце павінны клапаціцца не толькі катэхеты i святары, але ўся супольнасць вернікаў, асабліва хросныя бацькі, каб катэхумэны з самага пачатку адчувалі, што належаць да Божага народу. Паколькі жыццё Касцёла ёсць апостальскім, катэхумэны павінны таксама навучыцца актыўна супрацоўнічаць у евангелізацыі і будаванні Касцёла праз сведчанне жыцця i вызнанне веры.
Нарэшце, юрыдычны статус катэхумэнаў трэба ясна акрэсліць у новым Кодэксе Кананічнага Права. Бо яны ўжо злучаны з Касцёлам79, ужо з’яўляюцца дамачадцамі Хрыста80, a нават ужо вядуць жыццё, пазначанае верай, надзеяй i любоўю.
АРТ. 3
СТВАРЭННЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
15. Дух Святы, які праз зерне Слова i абвяшчэнне Евангелля кліча ўсіх людзей да Хрыста i абуджае ў сэрцах паслухмянасць веры, а ў купелі адраджае веруючых у Хрыста да новага жыцця, збірае іх у адзін Божы народ, які ёсць выбраным родам, каралеўскім святарствам, народам святым, людам, узятым Богам ва ўласнасць (пар. 1 П 2, 9)81.
Таму місіянеры, супрацоўнікі Бога82, павінны ствараць супольнасці вернікаў, якія, жывучы паводле паклікання, да якога былі пакліканы83, выконвалі б заданне, даручанае ім Богам: святарскае, прароцкае i каралеўскае. Такім чынам хрысціянская супольнасць становіцца знакам прысутнасці Бога ў свеце, бо праз эўхарыстычную Ахвяру яна няспынна імкнецца з Хрыстом да Айца84. Старанна кормячыся Божым словам85, яна сведчыць пра Хрыста86 i, нарэшце, узрастае ў любові і палае апостальскім духам87. Таму хрысціянскую супольнасць з самага пачатку трэба так фарміраваць, каб яна, наколькі гэта магчыма, сама магла задаволіць свае патрэбы.
Гэты сход вернікаў, адораны культурным багаццем свайго народу, павінен глыбока ўкараніцца ў гэтым народзе. Няхай узнікаюць сем’і, напоўненыя духам Евангелля88, a адпаведныя школы няхай ім дапамагаюць. Трэба ствараць таварыствы i саюзы, праз якія апостальства свецкіх магло б усю супольнасць напоўніць евангельскім духам. Нарэшце, няхай заквітнее любоў сярод католікаў розных абрадаў89. Трэба таксама выхоўваць экуменічны дух сярод канвертытаў, якія павінны шчыра прызнаць братоў, што вераць у Хрыста, Ягонымі вучнямі, якія адрадзіліся праз хрост i ўдзельнічаюць у разнастайных дабротах Божага народу. Наколькі дазваляюць рэлігійныя ўмовы, экуменічную дзейнасць трэба так развіваць, каб, выключаючы ўсялякую абыякавасць, змяшэнне паняццяў і нездаровае спаборніцтва, католікі па-братэрску супрацоўнічалі з адлучанымі братамі паводле нормаў Дэкрэту пра экуменізм праз супольнае ў дадзеным выпадку вызнанне веры ў Бога i ў Езуса Хрыста перад народамі, а таксама праз сумесную дзейнасць у грамадскай, тэхнічнай, а таксама ў культурнай і рэлігійнай сферах. Няхай супрацоўнічаюць найперш дзеля Хрыста, свайго адзінага Пана: няхай іх яднае Яго імя! Такое супрацоўніцтва трэба ўстанавіць не толькі паміж прыватнымі асобамі, але таксама, паводле меркавання мясцовага ардынарыя, паміж Касцёламі або касцёльнымі супольнасцямі i іх установамі.
Хрысціяне, сабраныя ў Касцёл з усіх народаў, «не адрозніваюцца ад іншых людзей ні формай кіравання, ні мовай, ні палітычнымі інстытутамі»90. Таму няхай жывуць для Бога i Хрыста, захоўваючы годныя звычаі жыцця свайго народу. Як добрыя грамадзяне няхай развіваюць шчырую і дзейсную любоў да радзімы, але пазбягаюць усялякай пагарды да іншых народаў і ваяўнічага нацыяналізму; няхай падтрымліваюць любоў паміж усімі людзьмі.
Для дасягнення ўсяго гэтага вельмі неабходныя i вартыя асаблівага клопату свецкія, гэта значыць тыя далучаныя да Хрыста праз хрост хрысціяне, якія жывуць у свеце. Іх заданне заключаецца ў тым, каб, напоўніўшыся Духам Хрыста, жывіць, быццам рошчына, зямныя справы знутры i кіраваць імі так, каб яны заўсёды здзяйсняліся паводле задумы Хрыста91.
Аднак недастаткова, каб хрысціянскі народ прысутнічаў i быў арганізаваны ў нейкай краіне. Недастаткова, каб здзяйсняў апостальства сваім прыкладам, бо ён для таго ўстаноўлены i для таго прысутнічае, каб словам i чынам абвяшчаць Хрыста суграмадзянам-нехрысціянам i дапамагаць ім у поўным прыняцці Хрыста.
Пры гэтым для заснавання Касцёла i для развіцця хрысціянскай супольнасці неабходны розныя паслугі, якія ўзніклі па Божым закліку ў асяроддзі саміх вернікаў і павінны зведваць з боку ўсіх клапатлівую падтрымку i пашану. Да іх адносіцца паслуга святароў, дыяканаў i катэхетаў, а таксама «Каталіцкая Акцыя» (Actio Catholica). Кансэкраваныя асобы праз малітву і напружаную дзейнасць таксама выконваюць паслугу, неабходную для ўкаранення ў душах Хрыстовага Валадарства, а таксама для яго ўмацавання і пашырэння.
16. Касцёл з вялікай радасцю дзякуе за каштоўны дар святарскага паклікання, якім Бог адарыў столькі юнакоў сярод народаў, якія нядаўна навярнуліся да Хрыста. Самыя моцныя карані пускае Касцёл у кожным чалавечым грамадстве, калі розныя супольнасці вернікаў маюць сваіх уласных распарадчыкаў збаўлення ў стане біскупаў, прэзбітэраў i дыяканаў, якія служаць сваім братам. Такім чынам маладыя Касцёлы атрымліваюць паволі дыяцэзіяльную структуру са сваім уласным духавенствам.
Тое, што гэты Сабор пастанавіў адносна паклікання і фармацыі будучых святароў, трэба верна захоўваць у новаствораных i маладых Касцёлах. Найважнейшым трэба лічыць тое, што сказана пра цеснае спалучэнне духоўнай фармацыі з інтэлектуальнай i пастырскай, пра жыццё згоднае з прынцыпамі Евангелля, нягледзячы на ўласную карысць ці сямейную, пра выхаванне глыбокага пачуцця таямніцы Касцёла. Такім чынам кандыдаты да святарства навучацца поўнай ахвярнасці ў служэнні Хрыстоваму целу i евангельскай справе, трыванню ў еднасці са сваім біскупам як яго верныя памочнікі, i супрацоўніцтву са сваімі сабратамі92.
Для дасягнення гэтай агульнай мэты неабходна ўсю фармацыю семінарыстаў праводзіць у святле таямніцы збаўлення, як яна прадстаўлена ў Святым Пісанні. Няхай гэтую таямніцу Хрыста i чалавечага збаўлення яны знаходзяць у Літургіі i жывуць ёй93.
Гэтыя агульныя патрабаванні да святарскай, а таксама пастырскай i практычнай фармацыі трэба ўзгодніць, паводле прадпісанняў Сабору94, з імкненнем выходзіць насустрач своеасабліваму спосабу мыслення i паводзін свайго народу. Таму розумы семінарыстаў трэба раскрываць i рабіць уважлівымі, каб яны добра ведалі i ўмелі ацэньваць культуру свайго народу. Падчас вывучэння філасофіі i тэалогіі няхай дакладна пазнаюць тое, што лучыць іхнія традыцыі і рэлігіі з хрысціянскай рэлігіяй95. Святарская фармацыя павінна таксама браць пад увагу пастырскія патрэбы дадзенага рэгіёна. Таму семінарысты павінны ведаць гісторыю, мэту i метад місійнай дзейнасці Касцёла, а таксама спецыфічныя сацыяльныя, эканамічныя i культурныя рысы свайго народу. Трэба іх выхоўваць у духу экуменізму i адпаведна рыхтаваць да братняга дыялогу з нехрысціянамі96. Гэта ўсё патрабуе, каб пачатковыя курсы падрыхтоўкі да святарства адбываліся, наколькі гэта магчыма, сярод свайго народу i ў атмасферы яго звычаяў97. Нарэшце, трэба клапаціцца пра падрыхтоўку да належнага касцёльнага кіравання, у тым ліку і эканамічнага.
Акрамя гэтага, трэба выбіраць адпаведных святароў, якія пасля належнай пастырскай практыкі, атрымалі б вышэйшую адукацыю ва універсітэтах, таксама за мяжой, асабліва ў Рыме i ў іншых навуковых інстытутах, каб маладыя Касцёлы мелі мясцовае духавенства, якое валодае ведамі i вопытам, неабходным для выканання самых цяжкіх эклезіяльных заданняў.
Там, дзе Канферэнцыя Біскупаў палічыць неабходным, трэба аднавіць дыяканат як трывалы стан жыцця паводле нормаў Канстытуцыі пра Касцёл98. Пажадана, каб мужчыны, якія выконваюць сапраўднае дыяканскае служэнне і абвяшчаюць як катэхеты Божае слова, або кіруюць ад імя пробашча ці біскупа аддаленымі хрысціянскімі супольнасцямі, або займаюцца справамі міласэрнасці ў грамадскіх ці дабрачынных арганізацыях, умацоўваліся праз абрад ускладання рук, перададзены Апосталамі, i больш цесна ядналіся з алтаром, каб праз сакрамэнтальную ласку дыяканату больш плённа выконвалі сваё служэнне.
17. Годны пахвалы таксама атрад катэхетаў, што здабыў вельмі вялікія заслугі ў місійнай справе сярод народаў. Ён складаецца як з мужчын, так і жанчын, поўных апостальскага духу, якія дзякуючы сваёй вялікай працы сталі асаблівай і абсалютна неабходнай дапамогай у пашырэнні веры i Касцёла.
У наш час, калі адчуваецца недахоп духавенства для евангелізацыі такой вялікай колькасці вернікаў i для пастырскага служэння, паслуга катэхетаў мае вялізнае значэнне. Таму іх падрыхтоўка павінна адбывацца з улікам культурнага прагрэсу, каб гэтыя мужныя супрацоўнікі святароў маглі як мага лепш выконваць сваё заданне, якое пастаянна ўскладняецца з-за новых i штораз большых абавязкаў.
З гэтай прычыны трэба павялічыць лічбу дыяцэзіяльных і нацыянальных школ, у якіх будучыя катэхеты атрымлівалі б каталіцкую адукацыю, асабліва ў галіне біблістыкі i літургікі, а таксама знаёміліся б з метадамі катэхізацыі i пастырскай практыкай і самаўдасканальваліся паводле хрысціянскіх прынцыпаў99, імкнучыся пастаянна ўзрастаць у пабожнасці i святасці жыцця. Акрамя гэтага, трэба арганізоўваць сустрэчы або курсы, на якіх катэхеты маглі б у вызначаныя тэрміны дапаўняць свае веды i ўменні, неабходныя для працы, a сваё духоўнае жыццё ажыўляць i ўмацоўваць. Тым, хто займаецца выключна гэтай справай, трэба праз справядлівую ўзнагароду забяспечыць адпаведны ўзровень жыцця i сацыяльнае забеспячэнне100. Пажадана, каб для фармацыі і ўтрымання катэхетаў былі прадугледжаны спецыяльныя фундацыі з боку Святой Кангрэгацыі Пашырэння Веры. Калі будзе неабходным і адпаведным, трэба стварыць спецыяльны фонд падтрымкі катэхетаў. Акрамя гэтага, Касцёлы з удзячнасцю павінны прымаць адданую працу памочнікаў катэхетаў, дапамога якіх ім будзе неабходна. У сваіх супольнасцях гэтыя памочнікі кіруюць малітвамі i вучаць хрысціянскай веры. Трэба належна клапаціцца пра іх дактрынальную і духоўную фармацыю. Калі будзе мэтазгодным, то кананічную місію катэхетам трэба даваць падчас публічных літургічных цэлебрацый, каб яны служылі справе веры, карыстаючыся большым аўтарытэтам у людзей.
18. З моманту заснавання Касцёла трэба старанна падтрымліваць манаскае жыццё, якое дае місійнай працы не толькі каштоўную i абсалютна неабходную дапамогу, але праз больш глыбокае прысвячэнне сябе Богу ў Касцёле выразна паказвае i выяўляе найглыбейшую сутнасць хрысціянскага паклікання101.
Працуючы дзеля заснавання Касцёла, манаскія інстытуты, напоўненыя містычнымі багаццямі, якімі адзначаецца манаская традыцыя Касцёла, няхай імкнуцца выявіць іх i перадаваць адпаведна адметнасцям i характару кожнага народу. Няхай старанна паразважаюць, якім чынам аскетычныя і кантэмпляцыйныя традыцыі, зерне якіх Бог калісьці пасеяў у старажытных культурах яшчэ да абвяшчэння Евангелля, можна прыняць у манаскае хрысціянскае жыццё.
У маладых Касцёлах трэба развіваць розныя формы манаскага жыцця, каб яны выяўлялі розныя аспекты Хрыстовай місіі i жыцця Касцёла, a таксама прысвячалі сябе розным пастырскім справам і рыхтавалі сваіх членаў да іх ажыццяўлення. Аднак Канферэнцыі Біскупаў няхай дбаюць пра тое, каб колькасць кангрэгацый з аднолькавай апостальскай мэтай не павялічвалася на шкоду манаскаму жыццю i апостальскай працы.
Асаблівай увагі заслугоўваюць розныя ініцыятывы для ўкаранення кантэмпляцыйнага жыцця: праз іх адны імкнуцца прышчапіць багатую традыцыю свайго ордэну, захоўваючы асноўныя элементы манаскага інстытута, іншыя вяртаюцца да больш простых форм старажытнага манаства. Аднак няхай усе старанна шукаюць форм, дастасаваных да мясцовых умоў. Паколькі кантэмпляцыйнае жыццё мае значэнне для поўнай прысутнасці Касцёла, неабходна, каб у маладых Касцёлах яно ўводзілася ўсюды.
РАЗДЗЕЛ III
МЯСЦОВЫ КАСЦЁЛ
19. Справа заснавання Касцёла ў пэўным асяроддзі людзей тады дасягае сваёй мэты, калі супольнасць вернікаў, укаранёная ўжо ў грамадскім жыцці i ў нейкай ступені дастасаваная да мясцовай культуры, з’яўляецца ўстойлівай i моцнай, г.зн. мае ўласную, хоць яшчэ недастатковую, лічбу мясцовых святароў, кансэкраваных асоб i свецкіх, а таксама паслугі і ўстановы, неабходныя для існавання i развіцця Божага народу пад кіраўніцтвам свайго біскупа.
У такіх маладых Касцёлах Божы народ павінен сталець ва ўсіх сферах хрысціянскага жыцця, адноўленага паводле нормаў дадзенага Сабору. Супольнасці вернікаў праз усё большую свядомасць становяцца жывымі супольнасцямі веры, літургіі i любовi; свецкія людзі праз грамадскую і апостальскую дзейнасць імкнуцца ўстанавіць у грамадстве парадак, заснаваны на любові i справядлівасці; сродкі масавай камунікацыі выкарыстоўваюцца адпаведна i разважліва; сем’і праз праўдзівае хрысціянскае жыццё становяцца крыніцай апостальства свецкіх, а таксама святарскіх і манаскіх пакліканняў. Нарэшце, вера прадстаўляецца ў належнай катэхезе, цэлебруецца ў літургіі адпаведна характару кожнага народу і праз кананічнае заканадаўства ўводзіцца ў адпаведныя ўстановы i мясцовыя звычаі.
Біскупы разам са сваім прэзбітэрыем, усё больш напаўняючыся духам Хрыста i Касцёла, павінны адчуваць i жыць у еднасці з паўсюдным Касцёлам. Павінна ўсталявацца цесная лучнасць паміж маладымі Касцёламі і ўсім Касцёлам, пры гэтым розныя элементы яго традыцыі яны павінны спалучыць са сваёй уласнай культурай, каб праз такі абмен сіламі памнажаць жыццё Містычнага цела102. Таму трэба развіваць тэалагічныя, псіхалагічныя i чалавечыя каштоўнасці, якія могуць прычыніцца да ўмацавання духа еднасці з паўсюдным Касцёлам.
Аднак гэтыя Касцёлы, размешчаныя найчасцей у бяднейшых частках свету, яшчэ вельмі часта церпяць недахоп святароў i матэрыяльных сродкаў. Таму найбольш патрабуюць, каб далейшая місійная дзейнасць усяго Касцёла давала тыя сродкі, якія ў першую чаргу служаць развіццю мясцовага Касцёла i сталенню хрысціянскага жыцця. Гэтая місійная дзейнасць павінна дапамагаць таксама тым Касцёлам, якія існуюць ужо даўно, але знаходзяцца ў стане пэўнага заняпаду або аслаблены.
Аднак гэтыя Касцёлы павінны агульным пастырскім намаганнем стварыць адпаведныя ўстановы, дзякуючы якім узрастала б колькасць пакліканняў да дыяцэзіяльнага духавенства i інстытутаў кансэкраванага жыцця, дакладна распазнаваліся б i плённа развіваліся пакліканні103, каб гэтыя Касцёлы маглі паволі задаволіць уласныя патрэбы i дапамагаць іншым.
20. Паколькі мясцовы Касцёл павінен найдасканалей адлюстроўваць паўсюдны Касцёл, ён павінен добра ўсвядоміць, што пасланы таксама да тых, хто не верыць у Хрыста, aле жыве разам з ім на той самай тэрыторыі, каб праз сведчанне жыцця кожнага верніка i ўсёй супольнасці быць знакам, які ўказвае Хрыста.
Акрамя гэтага, неабходна паслуга слова, каб Евангелле дайшло да ўсіх. Найперш біскуп павінен быць прапаведнікам веры i прыводзіць новых вучняў да Хрыста104. Каб добра выканаць гэты вялікі абавязак, ён павінен дасканала ведаць умовы жыцця сваёй аўчарні і асабістыя ўяўленні пра Бога сваіх суайчыннікаў; павінен таксама старанна ўлічваць змены, якія ўносяць урбанізацыя, эміграцыя i рэлігійная абыякавасць.
Мясцовыя прэзбітэры маладых Касцёлаў павінны з запалам здзяйсняць справу евангелізацыі ў цесным супрацоўніцтве з замежнымі місіянерамі, з якімі яны ўтвараюць адзіны прэзбітэрый пад кіраўніцтвам біскупа не толькі для пастырскай апекі над вернікамі i здзяйснення Божага служэння, але таксама для абвяшчэння Евангелля тым, хто знаходзіцца па-за Касцёлам. Яны павінны быць гатовыя, a пры неабходнасці ахвотна прапаноўваць сваю дапамогу біскупу, каб распачаць місійную працу ў аддаленых i заняпалых рэгіёнах сваёй дыяцэзіі або ў іншых дыяцэзіях.
Той жа запал павінны мець кансэкраваныя асобы, a таксама свецкія асобы адносна сваіх суграмадзян, асабліва самых убогіх.
Канферэнцыі Біскупаў павінны клапаціцца пра арганізацыю перыядычных курсаў па біблійных, тэалагічных, аскетычных i пастырскіх дысцыплінах, каб сярод разнастайных i зменлівых умоў духавенства здабывала штораз паўнейшыя тэалагічныя веды i пазнанне пастырскіх метадаў.
Акрамя гэтага трэба верна захоўваць тое, што было гэтым Саборам пастаноўлена, асабліва ў Дэкрэце пра служэнне i жыццё прэзбітэраў.
Каб гэтую місійную справу мясцовага Касцёла можна было выканаць, неабходны адпаведныя распарадчыкі, якіх трэба своечасова рыхтаваць згодна з умовамі паасобных Касцёлаў. A паколькі людзі ўсё часцей збіраюцца ў розныя аб’яднанні, вельмі пажадана, каб Канферэнцыі Біскупаў мелі супольныя нарады па ўстанаўленні дыялогу з гэтымі аб’яднаннямі. Калі ў нейкіх краінах ёсць групы людзей, якіх стрымлівае ад прыняцця каталіцкай веры іх няздольнасць дастасавацца да той спецыфічнай формы, якую прыняў тамтэйшы Касцёл, то варта асаблівым клопатам агарнуць гэту катэгорыю людзей105, пакуль усе хрысціяне не злучацца ў адну супольнасць. Калі Апостальская Сталіца мае для гэтага нейкіх месіянераў, то няхай паасобныя біскупы запрашаюць іх у свае дыяцэзіі, ахвотна прымаюць і дзейсна падтрымліваюць іх ініцыятывы.
Каб місійны запал квітнеў сярод мясцовага насельніцтва дадзенай краіны, пажадана, каб маладыя Касцёлы як мага хутчэй пачалі актыўна ўдзельнічаць у паўсюднай місійнай справе Касцёла, пасылаючы сваіх місіянераў абвяшчаць Евангелле ва ўсім свеце, нават калі самі будуць мець недахоп святароў. Праз іх адданы i актыўны ўдзел у місійнай справе сярод іншых народаў лучнасць з паўсюдным Касцёлам знойдзе такім чынам сваё дапаўненне.
21. Касцёл толькі тады сапраўды заснаваны, толькі тады жыве поўным жыццём і з’яўляецца дасканалым знакам Хрыста сярод людзей, калі разам з іерархіяй працуюць свецкія хрысціяне. Евангелле не можа глыбока ўкараніцца ў розумах, у жыцці i працы таго ці іншага народу без актыўнага ўдзелу свецкіх. Таму ўжо пры заснаванні Касцёла трэба звяртаць вялікую ўвагу на выхаванне сталых свецкіх хрысціянаў.
Свецкія вернікі цалкам належаць адначасова i да Божага народу, i да грамадзянскай супольнасці. Належаць да свайго народу, у якім нарадзіліся, бо яго культурныя багацці прыўлашчылі праз выхаванне, з яго жыццём злучаны рознымі сацыяльнымі сувязямі, да яго развіцця прычыняюцца ўласнымі сіламі ў сваёй прафесійнай дзейнасці, яго праблемы разумеюць, лічаць сваімі i імкнуцца іх вырашыць. Свецкія належаць таксама да Хрыста, бо ў Касцёле адрадзіліся праз веру i хрост, каб праз адноўленае жыццё i дзейнасць быць Хрыстовымі106, каб у Хрысце ўсё было падпарадкавана Богу i каб, нарэшце, Бог быў усім ва ўсіх107.
Галоўным абавязкам свецкіх, мужчын і жанчын, з’яўляецца сведчанне пра Хрыста, якое яны павінны даваць жыццём i словам у сям’і, у сваёй сацыяльнай групе i на працы. Трэба, каб у іх выявіўся новы чалавек, створаны паводле Божага вобраза, у справядлівасці i святасці праўды108. Гэтую навізну жыцця яны павінны выяўляць у сацыяльным i культурным асяроддзі сваёй радзімы, згодна з традыцыямі свайго народу. Таму ім трэба ведаць гэтую культуру, ачышчаць, захоўваць і развіваць яе ў новых умовах i, нарэшце, удасканальваць у Хрысце, каб для грамадства, у якім жывуць, Хрыстовая вера i жыццё Касцёла не былі ўжо чымсьці чужым, але каб пачалі яго напаўняць і перамяняць. Няхай яднае іх з суграмадзянамі шчырая любоў, каб ва ўзаемаадносінах выявілася новая сувязь еднасці i паўсюднай салідарнасці, зачэрпнутай з Хрыстовай таямніцы. Няхай таксама распаўсюджваюць Хрыстовую веру сярод тых, з кім лучыць іх супольнае жыццё i прафесійная дзейнасць. Гэты абавязак вельмі неабходны, таму што большасць людзей можа пачуць Евангелле i пазнаць Хрыста толькі з дапамогай блізкіх ім свецкіх людзей. Дзе гэта магчыма, няхай свецкія будуць гатовымі ў больш непасрэдным супрацоўніцтве з іерархіяй выконваць асаблівую місію абвяшчэння Евангелля i пераказвання хрысціянскага вучэння, каб дадаць сілаў Касцёлу, які нараджаецца.
Распарадчыкі Касцёла павінны высока цаніць актыўнае апостальства свецкіх. Няхай выхоўваюць іх так, каб яны, як члены Хрыста, усведамлялі сваю адказнасць за ўсіх людзей. Няхай грунтоўна вучаць іх Хрыстовай таямніцы, знаёмяць іх з практычнымі метадамі i падтрымліваюць іх у цяжкасцях згодна з Канстытуцыяй пра Касцёл i Дэкрэтам пра апостальства свецкіх.
Няхай малады Касцёл, захоўваючы адрозненні паміж служэннем i адказнасцю пастыраў і свецкіх, дае адно, жывое i моцнае сведчанне пра Хрыста, каб стаць выразным знакам збаўлення, якое прыйшло да нас у Хрысце.
22. Зерне, якім ёсць Божае слова, вырастаючы з добрай глебы, арошанай боскай расой, бярэ сокі, ператварае іх i прыўлашчвае сабе, каб прынесці багаты плён. Таму па прыкладзе эканоміі Уцелаўлення маладыя Касцёлы, укаранёныя ў Хрысце i пабудаваныя на фундаменце Апосталаў, прымаюць да дзівоснага абмену розныя багацці народаў, дадзеных Хрысту ў спадчыну109. Няхай гэтыя Касцёлы чэрпаюць са звычаяў i традыцый, з мудрасці i ведаў, з мастацтва i навукі сваіх народаў усё, што можа дапамагчы ўзносіць хвалу Стварыцелю, аб’яўляць ласку Збаўцы i правільна фарміраваць хрысціянскае жыццё110.
Для дасягнення гэтай мэты трэба, каб у межах кожнай вялікай гэтак званай соцыякультурнай тэрыторыі падтрымліваліся тыя тэалагічныя даследаванні, якія ў святле Традыцыі паўсюднага Касцёла выбіраюць прадметам новых пошукаў дзеянні i словы, аб’яўленыя Богам, запісаныя ў Святым Пісанні i растлумачаныя Айцамі і Настаўніцкім Інстытутам Касцёла. Такім чынам можна выразна заўважыць, якімі шляхамі, улічваючы філасофію i мудрасць народаў, вера можа шукаць зразумення, i якім чынам звычаі, светапогляд і грамадскі парадак можна ўзгадніць з маральнымі нормамі, змешчанымі ў Божым Аб’яўленні. Дзякуючы гэтаму ва ўсіх сферах хрысціянскага жыцця адкрыюцца шляхі для больш глыбокіх пераўтварэнняў адносна сучасных умоў. Так будуць выключаны ўсялякія праявы сінкрэтызму i фальшывага партыкулярызму, хрысціянскае жыццё будзе дастасавана да духу i характару паасобных культур111, a мясцовыя традыцыі разам з асаблівымі рысамі кожнай сям’і народаў, асветленыя святлом Евангелля, будуць прынятыя да каталіцкай еднасці. Нарэшце, новыя мясцовыя Касцёлы, упрыгожаныя сваімі традыцыямі, знойдуць сваё месца ў касцёльнай супольнасці без парушэння Першынства Сталіцы св. Пятра, якая кіруе ўсім сходам любові112.
Таму пажадана, а нават неабходна, каб Канферэнцыі Біскупаў у межах кожнай вялікай соцыякультурнай тэрыторыі аб’ядналіся паміж сабою, каб разам на супольных пасяджэннях рэалізаваць план дастасавання да сучасных умоў.
РАЗДЗЕЛ IV
МІСІЯНЕРЫ
23. Хоць абавязак распаўсюджвання веры мае кожны вучань Хрыста113, аднак Хрыстус Пан заўсёды кліча з ліку вучняў тых, каго сам хоча, каб яны былі з Ім i каб пасылаць іх абвяшчаць Яго вучэнне народам114. Таму праз Духа Святога, які ўдзяляе харызмы, як хоча, дзеля агульнага дабра115, абуджае ў сэрцах розных людзей місійныя пакліканні і адначасова кліча да існавання ў Касцёле ўстановы116, якія абавязак евангелізацыі, што належыць усяму Касцёлу, прымаюць як сваё асабістае заданне.
Спецыяльным пакліканнем пазначаны тыя, хто адораны адпаведнымі прыроднымі рысамі, здольнасцямі i талентамі і гатовы распачаць місійную справу117 — ці гэта мясцовыя жыхары, ці чужаземцы: святары, кансэкраваныя асобы i свецкія.
Пасланыя правамоцнай уладай, яны з верай i паслухмянасцю ідуць да тых, хто знаходзіцца далёка ад Хрыста, будучы прызначанымі да справы, да якой былі пакліканы118 як слугі Евангелля, «каб гэтае прынашэнне язычнікаў, асвячанае Духам Святым, было прынятае» (Рым 15, 16).
24. Калі Бог кліча, чалавек павінен адказаць такім чынам, каб, не раячыся з целам i крывёю119, усяго сябе прысвяціць справе Евангелля. Такі адказ можна даць толькі пад натхненнем i пры дапамозе Духа Святога, бо місіянер уваходзіць у жыццё i місію таго, хто «выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі» (Флп 2, 7). Таму ён павінен быць гатовым праз усё жыццё трываць у сваім пакліканні, выракаючыся сябе i ўсяго, што да гэтага часу меў, каб для ўсіх стаць усім120.
Абвяшчаючы Евангелле сярод народаў, няхай смела ўказвае таямніцу Хрыста, у імя якога спаўняе місію пасланніка, няхай у Ім мае адвагу гаварыць121 як павінен, не саромеючыся спакусы крыжа. Ідучы следам за сваім Настаўнікам, які быў ціхі i пакорны сэрцам, няхай паказвае, што ярмо Яго салодкае, a цяжар лёгкі122. Няхай сведчыць пра Пана сапраўдным евангельскім жыццём123, вялікай цярплівасцю, велікадушнасцю, лагоднасцю, шчырай любоўю124, a калі ўзнікне патрэба, нават праліццём крыві. Няхай сілу і мужнасць ён выпрошвае ў Бога, каб сярод многіх выпрабаванняў цяжкасцямі i вялікага ўбоства спазнаць нязмерную радасць125. Няхай будзе перакананы, што паслухмянасць — гэта асаблівая цнота слугі Хрыста, які праз сваю паслухмянасць адкупіў чалавечы род.
Каб вестуны Евангелля не занядбоўвалі ласку, якую маюць, яны павінны з дня ў дзень аднаўляць дух свайго розуму126. Ардынарыі i настаяцелі няхай збіраюць у вызначаны час місіянераў, каб яны ўмацоўваліся ў надзеі свайго паклікання і аднаўляліся ў апостальскім служэнні. Можна нават ствараць для гэтага спецыяльныя дамы.
25. Для такой слаўнай справы будучы місіянер павінен атрымаць спецыяльную духоўную і маральную фармацыю127. Павінен быць ініцыятыўным, настойлівым у выкананні працы i вытрывалым у цяжкасцях; павінен цярпліва і мужна ставіцца да адзіноты, стомленасці i, як яму здаецца, бясплённасці працы. Адкрыта i са шчырым сэрцам ён павінен выходзіць насустрач людзям, ахвотна прымаць даручаныя яму заданні, велікадушна дастасоўвацца таксама да нязвыклых нацыянальных звычаяў i да зменлівых умоў. У згодзе i ўзаемнай любові павінен распачынаць салідарнае супрацоўніцтва з братамі i з усімі, хто прысвячае сябе гэтай жа справе, каб на ўзор апостальскай супольнасці ён меў разам з вернікамі адно сэрца i адзін дух128. Гэтыя якасці духу трэба ўжо падчас вучобы старанна развіваць i выхоўваць, a духоўным жыццём узвышаць і падтрымліваць. Місіянер, напоўнены жывой верай i моцнай надзеяй, павінен быць чалавекам малітвы, палымнець моцаю духу129, любові i разважлівасці. Няхай задавольваецца тым, што мае130; у духу ахвярнасці няхай носіць у сабе кананне Езуса, каб жыццё Езуса аб’явілася ў тых, да каго яго пасылаюць131. У сваім старанным клопаце пра душы няхай ахвотна ахвяруе ўсё, a нават самога сябе так132, каб «такім чынам узрастаць праз штодзённае спаўненне свайго абавязку ў любові да Бога i бліжняга»133. Так, будучы паслухмяным разам з Хрыстом волі Айца, ён будзе працягваць Хрыстовую справу пад кіраўніцтвам іерархіі Касцёла i садзейнічаць таямніцы збаўлення.
26. Тыя, хто будзе пасланы да розных народаў, як добрыя слугі Хрыста павінны карміцца «словамі веры i добрага вучэння» (1 Цім 4, 6), якія будуць чэрпаць найперш са Святога Пісання, паглыбляючы таямніцу Хрыста, прапаведнікамі і сведкамі якога яны будуць.
Усе місіянеры: святары, кансэкраваныя асобы i свецкія павінны паводле свайго стану быць падрыхтаванымі i выхаванымі, каб быць здольнымі выконваць будучыя заданні134. Іх дактрынальную падрыхтоўку ўжо з самага пачатку трэба арганізаваць так, каб яна ўлічвала як паўсюднасць Касцёла, так і разнастайнасць народаў. Гэта датычыць усіх дысцыплін, якія іх рыхтуюць да выканання заданняў, a таксама іншых галін ведаў, якія з карысцю для сябе яны будуць вывучаць, каб мець агульныя ўяўленні пра народы, іх культуру i рэлігіі, не толькі мінулага, але і сучаснасці. Калі хто-небудзь мае намер адправіцца да іншага народу, то павінен высока цаніць яго нацыянальную спадчыну, мову і звычаі. Будучы місіянер перш за ўсё павінен вывучаць місіялогію, г.зн. пазнаць вучэнне i прынцыпы Касцёла, якія датычаць місійнай дзейнасці, следаваць шляхамі, якімі на працягу стагоддзяў ішлі прапаведнікі Евангелля, a таксама ведаць сучасны стан місій i тыя метады, якія цяпер лічацца найбольш плённымі135.
Хоць гэтая фармацыя павінна быць напоўнена пастырскім клопатам, аднак трэба даваць i спецыяльную, сістэматычную падрыхтоўку да апостальства, як тэарэтычную, так i практычную136.
Як найбольш кансэкраваных асоб трэба добра падрыхтаваць да вядзення катэхізацыі, каб яны маглі больш паспяхова супрацоўнічаць у справе апостальства.
Тыя, хто толькі на працягу нейкага часу прымае ўдзел у місійнай дзейнасці, таксама павінны атрымаць адпаведную свайму стану падрыхтоўку.
Гэтыя віды фармацыі трэба дапоўніць у тых краінах, куды будуць пасланыя місіянеры, каб яны глыбей пазналі гісторыю, грамадскія структуры, народныя звычаі, маральны парадак i рэлігійныя прадпісанні, а таксама самыя ўкрытыя паняцці пра Бога, свет i пра чалавека137, якія склаліся ў гэтых народаў на падставе сакральных традыцый. Няхай місіянеры ў такой ступені валодаюць мовамі, каб маглі правільна і свабодна на іх гаварыць i гэтак знаходзіць лепшы падыход да розумаў i сэрцаў людзей138. Акрамя гэтага, місіянераў трэба належным чынам знаёміць з асаблівымі мясцовымі пастырскімі патрэбамі.
Некаторыя павінны атрымаць больш грунтоўную падрыхтоўку ў місіялагічных інстытутах або на іншых факультэтах ці універсітэтах, каб больш плённа выконваць спецыяльныя заданні139 i сваімі ведамі дапамагаць іншым місіянерам у місійнай дзейнасці, якая, асабліва ў наш час, стварае вельмі шмат цяжкасцяў і дае столькі магчымасцяў. Больш за тое, вельмі пажадана, каб рэгіянальныя Канферэнцыі Біскупаў мелі ў распараджэнні дастатковую колькасць такіх спецыялістаў i плённа выкарыстоўвалі іх веды i вопыт для патрэб свайго служэння. Няхай заўсёды будзе дастаткова такіх людзей, якія б умелі дасканала карыстацца сродкамі тэхнікі i масавай камунікацыі, важнае значэнне якіх усе павінны прызнаваць.
27. Хоць усё гэта вельмі патрэбна кожнаму місіянеру, аднак наўрад ці пад сілу асобным людзям. Вопыт вучыць, што кожны паасобку не можа выканаць місійнай справы, таму супольнае пакліканне злучыла адзінкі ў інстытуты, дзе агульнымі намаганнямі яны могуць здабыць адпаведную падрыхтоўку i выканаць гэтую справу ад імя Касцёла і паводле волі іерархічнай улады. Гэтыя інстытуты здаўна вытрымлівалі «цяжар дня i спякоту», прысвячаючы сябе цалкам або часткова місійнай працы. Святая Сталіца часта даручала ім вялікія тэрыторыі для евангелізацыі, на якіх яны збіралі для Бога новы народ — мясцовы Касцёл, з’яднаны вакол сваіх пастыраў. Касцёлам, заснаваным потам і нават крывёю місіянераў, яны будуць служыць у братнім супрацоўніцтве, праяўляючы адданасць i ўменне, займаючыся пастырствам ці выконваючы спецыяльныя заданні дзеля агульнага дабра.
Часам яны распачнуць найбольш неабходныя працы на ўсім абшары дадзенага рэгіёна, напр., евангелізацыю груп ці народаў, якія па нейкіх прычынах яшчэ не прынялі евангельскай навіны або дагэтуль ёй супраціўляюцца140.
Пры неабходнасці ім трэба быць гатовымі фарміраваць i падтрымліваць уласным вопытам тых, хто прысвяціў сябе місійнай справе толькі на пэўны час.
З гэтых прычын, а таксама таму, што да гэтага часу ёсць яшчэ шмат народаў, якіх трэба прывесці да Хрыста, гэтыя інстытуты надалей застаюцца вельмі патрэбнымі.
РАЗДЗЕЛ V
АРГАНІЗАЦЫЯ МІСІЙНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
28. Хрысціяне, паколькі маюць розныя дары141, павінны супрацоўнічаць у справе евангелізацыі паводле магчымасцяў, здольнасцяў, дароў ласкі i служэння кожнага з іх142. Таму ўсе, хто сее i збірае жніво143, хто садзіць і палівае, павінны трываць у еднасці144, каб, «свабодна і ў адпаведнасці з прадпісаннямі імкнучыся да той самай мэты»145, разам прычыняцца да будавання Касцёла.
Таму праца прапаведнікаў Евангелля i дапамога іншых хрысціянаў павінны быць так скіраваны i аб’яднаны, каб «усё адбывалася ў адпаведным парадку» (1 Кар 14, 40) ва ўсіх сферах місійнай дзейнасці i супрацоўніцтва.
29. Паколькі клопат пра абвяшчэнне Евангелля ва ўсім свеце належыць у першую чаргу Калегіі Біскупаў146, таму Сінод Біскупаў, або пастаянная Рада Біскупаў па справах усяго Касцёла147, сярод спраў агульнага значэння павінна148 прысвяціць асаблівую ўвагу місійнай дзейнасці як самаму важнаму і найсвяцейшаму заданню Касцёла149.
Для ўсіх місій i для ўсёй місійнай дзейнасці павінна быць толькі адно кампетэнтнае ведамства, а менавіта Кангрэгацыя Пашырэння Веры, якая па ўсім свеце вяла б i каардынавала як місійную справу, так i місійнае супрацоўніцтва, не парушаючы, аднак, правоў Усходніх Касцёлаў150.
Хоць Дух Святы розным чынам абуджае місійны дух у Божым Касцёле, a часта i апярэджвае дзейнасць тых, хто кіруе жыццём Касцёла, аднак гэтае ведамства са свайго боку таксама павінна падтрымліваць пакліканні i місійную духоўнасць, запал і малітвы за місіі, а таксама даваць праўдзівую і дакладную інфармацыю пра іх. Яно павінна клапаціцца пра місіянераў i размяркоўваць іх паводле самых пільных патрэб розных краін, складаць адпаведны план працы, выдаваць дастатковыя ўказанні i прапаноўваць прынцыпы евангелізацыі, а таксама падтрымліваць розныя ініцыятывы. Павінна арганізоўваць i каардынаваць збор сродкаў, якія трэба размяркоўваць паводле крытэрыяў неабходнасці або карысці, а таксама паводле памераў тэрыторый, лічбы вернікаў i няверуючых, колькасці дабрачынных арганізацый i ўстаноў, памочнікаў i місіянераў.
Разам з Сакратарыятам па справе еднасці хрысціянаў няхай шукае шляхоў і сродкаў для стварэння i арганізацыі братняга супрацоўніцтва i згоды з місійнымі ініцыятывамі іншых хрысціянскіх супольнасцяў, каб па меры магчымасцяў ліквідаваць зняверанне з-за падзелу.
Таму неабходна, каб ведамства было прыладай адміністрацыі, а таксама органам дынамічнага кіраўніцтва, які карыстаецца навуковымі метадамі i сучаснымі сродкамі, улічваючы сённяшнія даследаванні ў сферы тэалогіі, метадалогіі i місійнага пастырства. У кіраўніцтве гэтым ведамствам павінны актыўна ўдзельнічаць, маючы голас, прадстаўнікі, выбраныя з тых, хто супрацоўнічае ў місійнай справе: біскупы ўсяго свету, прызначаныя з улікам меркавання Канферэнцый Біскупаў, а таксама кіраўнікі інстытутаў i Папскіх устаноў, такім чынам i ў такіх межах, якія вызначыць Рымскі Пантыфік. Усе яны павінны ў вызначаны тэрмін склікацца i пад кіраўніцтвам Найвышэйшага Пантыфіка ажыццяўляць кіраванне ўсёй місійнай справай. Гэтае ведамства павінна мець пастаянную групу кампетэнтных экспертаў, чый вопыт і веды не выклікаюць сумненняў, для збору адпаведнай інфармацыі пра мясцовую сітуацыю ў розных рэгіёнах, пра спосаб мыслення розных груп людзей, пра метады, якія выкарыстоўваюцца ў евангелізацыі, для прадстаўлення навукова падмацаваных высноў наконт місійнай дзейнасці i супрацоўніцтва.
Жаночыя манаскія супольнасці, рэгіянальныя місійныя ўстановы, а таксама арганізацыі свецкіх, асабліва міжнародныя, павінны быць належна прадстаўлены ў гэтым ведамстве.
30. Каб у выкананні місійнай працы дасягнуць мэты i жаданых вынікаў, усе працаўнікі місіі павінны быць «адзіныя сэрцам і душою» (Дз 4, 32).
Заданне біскупа як кіраўніка і цэнтра еднасці ў дыяцэзіяльным апостальстве — падтрымліваць, кіраваць i ўзгадняць місійную дзейнасць, аднак так, каб захоўваць i развіваць ініцыятыву тых, хто ўдзельнічае ў гэтай справе. Усе місіянеры, у тым ліку і кансэкраваныя асобы, непадначаленыя юрысдыкцыі мясцовага ардынарыя, падпарадкоўваюцца яму ў розных справах, якія адносяцца да выканання святога апостальства151. Для лепшай каардынацыі дзейнасці біскуп павінен ствараць, па меры магчымасці, пастырскую Раду, у якой павінны ўдзельнічаць праз выбраных дэлегатаў духавенства, кансэкраваныя асобы і свецкія. Больш за тое, няхай біскуп клапоціцца, каб апостальская дзейнасць не абмяжоўвалася толькі аднымі канвертытамі, але каб адпаведная лічба працаўнікоў і сродкаў была прызначана на евангелізацыю нехрысціянаў.
31. Канферэнцыі Біскупаў павінны на супольных пасяджэннях разглядаць самыя важныя пытанні i найбольш пільныя справы, не забываючы, аднак, пра мясцовыя адрозненні152. Каб не рассейваць малыя сілы людзей i сродкі i не памнажаць без патрэбы працы, рэкамендуецца ствараць супольнымі намаганнямі ўстановы, якія служаць агульнаму дабру, напр., семінарыі, вышэйшыя і тэхнічныя навучальныя ўстановы, пастырскія, катэхетычныя i літургічныя цэнтры, а таксама цэнтры сродкаў масавай камунікацыі.
Такое супрацоўніцтва трэба арганізаваць, пры неабходнасці, таксама паміж рознымі Канферэнцыямі Біскупаў.
32. Належыць узгадніць таксама дзейнасць касцёльных інстытутаў i таварыстваў. Усе яны, якія б ні былі, павінны падпарадкоўвацца мясцоваму ардынарыю ва ўсім, што датычыць місійнай дзейнасці. Таму будзе вельмі карысным заключаць спецыяльныя дамовы, якія ўрэгулююць адносіны паміж мясцовым ардынарыем i кіраўніком манаскага інстытута.
Калі нейкаму інстытуту даручана пэўная тэрыторыя, то касцёльны кіраўнік і манаскі інстытут пастараюцца зрабіць усё, каб з новай хрысціянскай супольнасці нарадзіўся мясцовы Касцёл, на чале якога ў адпаведным часе стане ўласны пастыр са сваім духавенствам.
Калі скончацца паўнамоцтвы над тэрыторыяй, узнікне новая сітуацыя. Тады Канферэнцыі Біскупаў i інстытуты на супольным пасяджэнні павінны вызначыць нормы рэгулявання адносінаў паміж мясцовым ардынарыем і манаскімі інстытутамі153. Апостальская Сталіца павінна будзе выдаць агульныя прынцыпы, паводле якіх можна будзе заключаць рэгіянальныя ці нават мясцовыя дамовы.
Хоць манаскія інстытуты будуць гатовыя весці далей распачатую справу, дапамагаючы ў звычайным пастырстве, аднак, калі ўзрасце лічба мясцовага духавенства, трэба будзе паклапаціцца, каб інстытуты, наколькі гэта будзе адпавядаць іх мэце, засталіся вернымі сваёй дыяцэзіі, велікадушна выконваючы ў ёй спецыяльныя заданні або апеку над нейкай тэрыторыяй, што ўваходзіць у дадзеную дыяцэзію.
33. Інстытуты, якія займаюцца місійнай дзейнасцю на той самай тэрыторыі, павінны знайсці шляхі i спосабы ўзгаднення сваёй працы. Таму вельмі карыснымі з’яўляюцца Канферэнцыі манахаў і Саюзы манашак, у якіх павінны ўдзельнічаць усе інстытуты адной і той жа краіны або аднаго і таго ж рэгіёна. Гэтыя Канферэнцыі павінны разглядаць пытанні пра тое, што можна дасягнуць супольнымі намаганнямі, i быць у цеснай лучнасці з Канферэнцыямі Біскупаў.
Усё гэта трэба адпаведным чынам пашыраць i на супрацоўніцтва місійных манаскіх інстытутаў у іх родных краінах, каб можна было лягчэй i з меншымі выдаткамі вырашыць агульныя для іх пытанні і ажыццявіць супольныя ініцыятывы, напр., дактрынальную падрыхтоўку будучых місіянераў, курсы для місіянераў, адносіны з публічнымі ўладамі, а таксама з міжнароднымі і сусветнымі ўстановамі.
34. Правільная i ўпарадкаваная місійная дзейнасць патрабуе, каб евангельскія працаўнікі былі навукова падрыхтаванымі да сваіх заданняў, асабліва да дыялогу з нехрысціянскімі рэлігіямі i культурамі, i каб у сваёй дзейнасці атрымлівалі дзейсную дапамогу. Таму пажадана, каб усе навучальныя ўстановы, якія займаюцца місіялогіяй або іншымі навуковымі дысцыплінамі, карыснымі для місій, напр., этналогіяй, лінгвістыкай, гісторыяй рэлігій, рэлігіязнаўствам, сацыялогіяй, пастырскімі метадамі i інш., супрацоўнічалі па-братэрску і велікадушна дзеля дабра місій.
РАЗДЗЕЛ VI
СУПРАЦОЎНІЦТВА
35. Паколькі ўвесь Касцёл місійны i справа евангелізацыі з’яўляецца асноўным заданнем Божага народу, Святы Сабор заклікае ўсіх да глыбокай унутранай адновы, каб, маючы жывое разуменне ўласнай адказнасці за пашырэнне Евангелля, яны, па меры сваіх сілаў, удзельнічалі ў місійнай дзейнасці сярод народаў.
36. Усе вернікі як члены жывога Хрыста, уцелаўлёныя i прыпадобненыя да Яго праз хрост, канфірмацыю i Эўхарыстыю, абавязаны супрацоўнічаць у пашырэнні i развіцці Яго цела, каб як найхутчэй давесці яго да паўнаты154.
Таму таксама ўсе дзеці Касцёла павінны жыва ўсведамляць сваю адказнасць перад светам, выхоўваць у сабе сапраўдны каталіцкі дух i прысвячаць свае сілы справе евангелізацыі. Аднак няхай усе ведаюць, што першым i самым важным іхнім абавязкам у пашырэнні веры з’яўляецца глыбокае хрысціянскае жыццё. Іх адданасць Божаму служэнню i любоў да бліжняга прыўнясуць ва ўвесь Касцёл новы дух, які стане знакам сярод народаў155, святлом свету (пар. Mц 5, 14) i соллю зямлі (пар. Mц 5, 13). Гэтае сведчанне жыцця будзе больш плённым, калі будзе давацца разам з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі, паводле прадпісанняў Дэкрэту пра экуменізм156.
Так у адноўленым духу ўзнясуць да Бога малітвы i здзейсняць учынкі пакаяння, каб Ён узбагаціў сваёй ласкай місійную справу, абудзіў місійныя пакліканні i ўчыніў, што з’явіцца так патрэбная місіям дапамога. Каб хрысціяне, разам i паасобку, дакладна пазналі сучасны стан Касцёла ў свеце i пачулі кліч натоўпу: «Дапамажы нам»157, трэба, карыстаючыся таксама сучаснымі сродкамі масавай камунікацыі, даваць ім інфармацыю пра місіі, каб яны, лічачы місійную справу сваёй, адкрывалі свае сэрцы на такія вялізныя i глыбокія патрэбы людзей i стараліся ім дапамагчы.
Неабходна таксама каардынаваць інфармацыю i супрацоўніцтва з нацыянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі.
37. Паколькі Божы народ жыве ў супольнасцях, пераважна дыяцэзіяльных i парафіяльных, i ў нейкім сэнсе становіцца бачным праз іх, то яны таксама павінны сведчыць пра Хрыста перад народамі.
Ласка адновы можа ўзрастаць у супольнасцях толькі тады, калі кожная з іх будзе пашыраць межы любові аж да краю зямлі i клапаціцца пра тых, хто знаходзіцца далёка, так, як і пра сваіх членаў.
Такім чынам уся супольнасць моліцца, супрацоўнічае i дзейнічае сярод народаў праз сваіх дзяцей, якіх Бог выбірае для гэтага высакароднага задання.
Вельмі карысна, не занядбоўваючы агульнай місійнай справы, падтрымліваць лучнасць з місіянерамі, якія паходзяць з той самай супольнасці, або з нейкай парафіяй ці дыяцэзіяй, што знаходзіцца на місійнай тэрыторыі, каб еднасць супольнасцяў стала бачнай i служыла ўзаемнаму ўзрастанню.
38. Усе біскупы, як члены біскупскай супольнасці, якой надалей з’яўляецца Калегія Апосталаў, былі кансэкраваныя не толькі для нейкай дыяцэзіі, але і для збаўлення ўсяго свету. Загад Хрыста абвяшчаць Евангелле кожнаму стварэнню158 датычыць найперш i непасрэдна іх — з Пятром i пад кіраўніцтвам Пятра. Адсюль нараджаецца гэтая еднасць i сумесная дзейнасць Касцёлаў, якая сёння так неабходна для правядзення справы евангелізацыі. На падставе гэтай еднасці кожны Касцёл павінен клапаціцца пра ўсе іншыя Касцёлы. Касцёлы павінны інфармаваць адзін аднаго пра ўласныя патрэбы, аказваць узаемную дапамогу, бо пашырэнне Хрыстовага цела ёсць заданнем усёй Калегіі Біскупаў159.
Біскуп у сваёй дыяцэзіі, з якой стварае адно цэлае, арганізоўваючы місійную дзейнасць, падтрымліваючы і кіруючы ёй, прычыняецца да таго, што дух i місійны запал Божага народу становіцца бачным, так што ўся дыяцэзія становіцца місійнай.
Абавязак біскупа заключаецца ў тым, каб шукаць сярод свайго народу асоб, асабліва сярод хворых i церпячых, якія б велікадушна ахвяравалі Богу свае малітвы i ўчынкі пакаяння дзеля евангелізацыі свету; каб ахвотна падтрымліваць пакліканні сярод моладзі i духавенства ў місійныя інстытуты; каб з удзячнасцю прымаць тое, што Бог кліча кагосьці да місійнай дзейнасці Касцёла; каб заахвочваць дыяцэзіяльныя кангрэгацыі дапамагаць місіям і падтрымліваць іх у гэтым; каб падтрымліваць сярод сваіх вернікаў арганізацыі місійных устаноў, асабліва «Папскую Місійную Справу», якой справядліва належыць першынство, бо яна з’яўляецца не толькі сродкам выхавання католікаў у сапраўдным духу паўсюднасці i місіянерства з дзяцінства, але і сродкам заахвочвання да больш плённага збірання добраахвотных ахвяраванняў на карысць усіх місій у залежнасці ад іх патрэб.160
Паколькі з кожным днём узрастае неабходнасць у працаўніках вінаградніка Пана, a дыяцэзіяльныя святары самі жадаюць прымаць штораз большы ўдзел у евангелізацыі свету, Святы Сабор заклікае біскупаў да таго, каб яны, зважаючы на вялізны недахоп святароў, што ўскладняе евангелізацыю ў многіх краінах, пасля належнай падрыхтоўкі пасылалі некаторых са сваіх лепшых святароў, якія жадаюць прысвяціць сябе місійнай справе, у тыя дыяцэзіі, дзе адчуваецца недахоп духавенства, каб там, прынамсі на працягу некаторага часу, у духу служэння яны вялі місійную працу161.
Дзеля больш плённага спаўнення місійнай дзейнасці біскупаў на карысць усяго Касцёла мэтазгодна, каб Канферэнцыі Біскупаў кіравалі справамі, якія датычаць планамернага супрацоўніцтва ў іх рэгіёнах. На сваіх Канферэнцыях біскупы павінны абмеркаваць пытанне наконт даручэння дыяцэзіяльным святарам справы евангелізацыі сярод народаў; акрэсліць памер укладу, які кожная дыяцэзія, прапарцыянальна да сваіх даходаў, мае абавязак штогод перадаваць на місійную справу162; разгледзець пытанне наконт кіраўніцтва i размеркавання сродкаў, якія непасрэдна прызначаны на падтрымку місій, і нaконт падтрымкі, а пры неабходнасці і заснавання місійных інстытутаў i семінарый дыяцэзіяльнага духавенства для місій, а таксама наконт развіцця больш цеснай лучнасці паміж гэтымі інстытутамі і дыяцэзіямі.
Таксама Канферэнцыя Біскупаў павінна ствараць i падтрымліваць установы, якія па-братэрску i з адпаведнай пастырскай апекай прымаюць тых, хто прыбывае з місійных земляў на вучобу або з мэтай знайсці працу. Дзякуючы ім далёкія народы становяцца ў нейкім сэнсе блізкімі, a старажытныя хрысціянскія супольнасці маюць цудоўную магчымасць весці дыялог з народамі, якія яшчэ не чулі Евангелля, і паказаць ім праз сваё служэнне любові i дапамогу сапраўдны вобраз Хрыста163.
39. Прэзбітэры з’яўляюцца адлюстраваннем Хрыста i супрацоўнікамі біскупскага стану ў яго патройным святым служэнні, якое па сваёй сутнасці належыць да місіі Касцёла164. Таму яны павінны добра разумець, што іх жыццё прысвечана таксама служэнню місіям. Паколькі з прычыны свайго паклікання, якое заключаецца галоўным чынам у цэлебрацыі Эўхарыстыі, якая ўдасканальвае Касцёл, яны трываюць у еднасці з Хрыстом Галавой i вядуць да гэтай супольнасці іншых, то яны павінны ўсведамляць, колькі яшчэ не хапае да паўнаты Яго цела i колькі трэба працы, каб гэтае цела з кожным днём усё больш узрастала. Таму сваю пастырскую працу яны павінны размеркаваць так, каб яна магла служыць пашырэнню Евангелля сярод нехрысціянаў.
У пастырскай працы прэзбітэры павінны абуджаць i падтрымліваць сярод вернікаў адданасць справе евангелізацыі свету, навучаючы іх праз катэхізацыю i казанні пра абавязак Касцёла абвяшчаць нехрысціянскім народам Хрыста, паказваючы хрысціянскім сем’ям неабходнасць i ўзнёслае заданне выхоўваць місійныя пакліканні сярод сваіх дзяцей і развіваць сярод моладзі каталіцкіх школ і таварыстваў місійны запал, каб з іх выраслі будучыя прапаведнікі Евангелля. Няхай вучаць вернікаў маліцца за місіі i няхай не саромеюцца прасіць іх аб міласціне, становячыся быццам жабракамі дзеля Хрыста i збаўлення душ165.
Выкладчыкі семінарый i універсітэтаў павінны прадставіць маладым людзям сапраўдны стан свету i Касцёла, каб неабходнасць інтэнсіўнай евангелізацыі нехрысціянаў станавілася для іх больш яснай i ажыўляла іхні запал. Падчас лекцый па дагматыцы, біблістыцы, маральнай тэалогіі i па гістарычных дысцыплінах няхай выкладчыкі падкрэсліваюць змешчаныя ў іх місійныя аспекты, каб такім чынам фарміраваць у будучых святарах місійную свядомасць.
40. Інстытуты кансэкраванага жыцця, якія вядуць дзейнае або кантэмпляцыйнае жыццё, мелі да гэтага часу i маюць найбольшы ўдзел у евангелізацыі свету. Святы Сабор з радасцю прызнае іх заслугі i дзякуе Богу за іхнюю такую вялікую ахвярнасць дзеля Божай хвалы i дабра душ, а таксама заахвочвае іх непарушна трываць у распачатых справах, бо яны ведаюць моц любові, якую на падставе свайго паклікання абавязаны практыкаваць з усё большай дасканаласцю і якая пабуджае i забавязвае іх да праўдзівага каталіцкага духу i працы166.
Інстытуты кантэмпляцыйнага жыцця праз свае малітвы, учынкі пакаяння i цярпенні маюць вялікае значэнне для навяртання душ, бо ў адказ на малітву Бог дае работнікаў на сваё жніво167, адкрывае сэрцы нехрысціянаў на голас Евангелля168 i дае слову збаўлення ўзрастаць у іх сэрцах169. Больш за тое, да гэтых інстытутаў кіруецца просьба засноўваць свае дамы на місійных землях, як многія з іх ужо зрабілі, каб там сярод нехрысціянаў, ведучы жыццё, дастасаванае да старажытных рэлігійных традыцый народаў, яны давалі хвалебнае сведчанне пра веліч i любоў Бога, а таксама пра еднасць у Хрысце.
Інстытуты дзейнага жыцця, якія маюць місійную мэту або не, павінны шчыра задаць сабе пытанне перад Богам: ці здольныя яны пашыраць сваю дзейнасць у распаўсюджванні Божага Валадарства сярод народаў; ці могуць яны пакінуць некаторыя свае працы іншым, а свае сілы прысвяціць дзеля дабра місій; ці могуць распачаць місійную працу, пры неабходнасці ўносячы змены ў свае Канстытуцыі, аднак застаючыся вернымі духу свайго заснавальніка; ці іх члены па меры магчымасці прымаюць удзел у місійнай дзейнасці; ці іх спосаб жыцця з’яўляецца сведчаннем пра Евангелле, дастасаваным да характару i ўмоў дадзенага народу?
Пад натхненнем Духа Святога пастаянна павялічваецца ў Касцёле лічба свецкіх інстытутаў, дзейнасць якіх пад кіраўніцтвам біскупа таксама можа быць вельмі карыснай для місій як знак поўнага прысвячэння справе евангелізацыі свету.
41. Свецкія людзі супрацоўнічаюць у евангелізацыйнай справе з Касцёлам i ўдзельнічаюць у яго збаўчай місіі170 як сведкі i як жывыя прылады, асабліва тады, калі яны пакліканы Богам і прыняты да гэтай працы біскупам.
У хрысціянскіх краінах свецкія супрацоўнічаюць у справе евангелізацыі, выхоўваючы ў сабе i ў іншых веданне i любоў да місій, абуджаючы місійныя пакліканні ва ўласных сем’ях, у каталіцкіх таварыствах i школах, ахвяруючы ўсялякую дапамогу, каб дар веры, які дарма атрымалі, можна было дарма перадаваць іншым.
У місійных краінах свецкія, як чужаземцы, так і мясцовыя, павінны выкладаць у школах, кіраваць гаспадарчымі справамі, супрацоўнічаць у парафіяльнай i дыяцэзіяльнай дзейнасці, засноўваць i развіваць розныя формы апостальства свецкіх, каб вернікі маладых Касцёлаў як мага хутчэй маглі самі ўдзельнічаць у жыцці Касцёла171.
Нарэшце, свецкія павінны ахвотна аказваць грамадска-гаспадарчую дапамогу развіццёвым народам. Гэтая дапамога тым больш вартая пахвалы, чым больш будзе датычыць заснавання ўстаноў, якія закранаюць асноўныя структуры грамадскага жыцця або прызначаны для падрыхтоўкі тых, хто займае адказныя грамадскія пасады.
Асаблівай пахвалы заслугоўваюць тыя свецкія, якія ва універсітэтах або ў навуковых інстытутах прычыняюцца сваімі гістарычнымі або рэлігійна-навуковымі даследаваннямі да лепшага пазнання народаў i рэлігій, дапамагаючы такім чынам прапаведнікам Евангелля i рыхтуючы дыялог з нехрысціянамі.
Няхай у духу братэрства супрацоўнічаюць з іншымі хрысціянамі і нехрысціянамі, асабліва з членамі міжнародных арганізацый, пастаянна памятаючы пра тое, каб «будаванне зямной дзяржавы абапіралася заўсёды на Пану i да Яго было скіравана»172.
Для выканання ўсіх гэтых заданняў свецкім неабходна тэхнічная і духоўная падрыхтоўка, якую павінны ім даць прызначаныя для гэтага інстытуты, каб іх жыццё сярод нехрысціянаў было сведчаннем пра Хрыста, паводле слоў Апостала: «Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы не сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя» (1 Кар 10, 32-33).
ЗАКАНЧЭННЕ
42. Айцы Сабору разам з Рымскім Пантыфікам, глыбока ўсведамляючы абавязак пашыраць усюды Божае Валадарства, сардэчна вітаюць усіх прапаведнікаў Евангелля, найперш тых, хто для Хрыстовага імя церпіць пераслед, і падзяляюць іхнія цярпенні173.
Яны палаюць той самай любоўю, якой палаў да людзей Хрыстус. Разумеючы аднак, што сам Бог рыхтуе прыйсце свайго Валадарства на зямлю, моляцца разам з усімі вернікамі, каб праз заступніцтва Дзевы Марыі, Каралевы Апосталаў, народы як мага хутчэй дайшлі да пазнання праўды174 i каб Божае святло, якое яснее на абліччы Езуса Хрыста, асвятляла ўсіх праз Духа Святога175.
Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.
Рым, у св. Пятра, 7 снежня 1965г.
(Ідуць подпісы Айцоў)
Першапачатковы тэкст быў перапрацаваны з дапамогаю Айцоў Сабору, якія паходзілі з краін, дзе вядзецца місійная дзейнасць. Пры гэтым шырока выкарыстоўваліся ідэі Канстытуцыі «Lumen gentium». Дэкрэт быў абмеркаваны на ІІІ сесіі, пастаўлены на галасаванне і абнародаваны 7 снежня 1965 года. Паводле дакумента, місія Касцёла бярэ пачатак з місіі Сына і Духа Святога. Касцёл прымае ад Езуса заданне ісці і абвяшчаць, імкнучыся наследаваць у служэнні Езуса, убогага і паслухмянага, каб прывесці да спаўнення гісторыю збаўлення, якую Ён здзейсніў дзеля ўсяго чалавецтва. Кожная сапраўдная эклезіяльная місія павінна прыходзіць да народу з верай і міласэрнасцю, абвяшчэнне праўдаў веры павінна спалучацца з традыцыямі народу, з павагай да яго культурнай спадчыны. Маладыя касцёлы, якія належаць да паўсюднага Касцёла, павінны захоўваць сваю законную самастойнасць.
q
-
CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 48: AAS 57 (1965), p. 53.
-
Пар. Mк 16, 15.
-
S. AUGUSTINUS, Ennar. in Ps., 44, 23: PL 36, 508; CChr 38, 150.
-
Пар. Mц 5, 13-14.
-
Пар. Сір 36, 19.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 2: AAS 57 (1965), pp. 5-6.
-
Пар. Ян 11, 52.
-
Пар. S. IRENAEUS, Adv. Haer. III, 18, 1: «Verbum existens apud Deum, per quem omnia facta sunt, et qui semper aderat generi humano...» (Слова, якое было ў Бога, праз якое ўсё пачало існаваць, і якое заўсёды было з чалавецтвам...): PG 7, 932; тамсама, IV, 6, 7: «Ab initio enim assistens Filius suo plasmati, revelat omnibus Patrem, quibus vult, et quando vult et quemadmodum vult Pater» (Бо Сын, які з самага пачатку апярэджваў Яго стварэнне, адкрывае Айца ўсім, каму хоча, калі хоча і так, як гэтага хоча Айцец): тамсама, 990; пар. IV, 20, 6 і 7: тамсама, 1037; Demonstratio n. 34: Patr. Or., XII, 773; Sources Chrйt., 62, Paris 1958, p. 87; CLEMENS ALEX., Protrept., 112, 1: GCS Clemens I 79; Strom. VI, 6, 44, I: GCS Clemens II 453; 13, 106, 3 і 4: тамсама, 485. Пра гэтае ж вучэнне гл. PIUS XII, Nuntium radiophon. 31 dec. 1952; CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 16: AAS 57 (1965), p. 20.
-
Пар. Клс 1, 13; Дз 10, 38.
-
Пар. 2 Кар 5, 19.
-
Пар. Гбр 1, 2; Ян 1, 3 і 10; 1 Кар 8, 6; Клс 1, 16.
-
Пар. Эф 1, 10.
-
Пар. 2 Кар 8, 9.
-
Пар. Mк 10, 45.
-
Пар. S. ATHANASIUS, Ep. ad Epictetum, 7: PG 26, 1060; S. CYRILLUS HIEROS., Catech. 4, 9: PG 33, 465; MARIUS VICTORINUS, Adv. Arium, 3, 3: PL 8, 1101; S. BASILIUS, Epist. 261, 2: PG 32, 969; S. GREGORIUS NAZ., Epist. 101: PG 37, 181; S. GREG. NYSS., Antirrheticus, Adv. Apollin., 17: PG 45, 1156; S. AMBROSIUS, Epist. 48, 5: PL 16, 1153; S. AUGUSTINUS, In Ioan. Ev. tr. XXIII, 6: PL 35, 1585; CChr 36, 236; акрамя гэтага ён такім чынам сцвярджае, што Дух Святы не адкупіў нас, бо не ўцелавіўся: De Agone Christ., 22, 24: PL 40, 302; S. CYRILLUS ALEX., Adv. Nestor. I, I: PG 76, 20; S. FULGENTIUS, Epist. 17, 3, 5: PL 65, 454; Ad Trasimundum, III, 21: PL 65, 284: пра смутак і страх.
-
Пар. Гбр 4, 15; 9, 28.
-
Пар. Дз 1, 8.
-
Пар. Лк 24, 47.
-
Гэты Дух, што гаварыў праз прарокаў: Symb. Constantinopol.: DENZ. 150 (86); S. LEO MAGNUS, Sermo 76: PL 54, 405-406: «Cum in die Pentecostes discipulos Domini Spiritus Sanctus implevit, non fuit inchoatio muneris, sed adiectio largitatis: quoniam et patriarchae, et prophetae, et sacerdotes, omnesque sancti qui prioribus fuere temporibus, eiusdem sunt Spiritus sanctificatione vegetati... quamvis non eadem fuerit mensura donorum» (Калі ў дзень Пяцідзесятніцы Дух Святы напоўніў вучняў, гэта было не пачаткам служэння, а новым праяўленнем шчодрасці, бо і патрыярхі, і прарокі, і святары, і ўсе святыя, што былі раней, былі асвячаны тым жа Духам... хоць мера дароў была іншай). Таксама Sermo 77, I: PL 54, 412; LEO XIII, Enc. Divinum illud, 9 maii 1897: ASS 29 (1897), pp. 650-651. Так лічыць і св. Ян Хрызастом, хоць і настойвае на навізне спаслання Духа Святога ў дзень Пяцідзесятніцы: In Eph., c. 4, Hom. 10, 1: PG 62, 75.
-
Пар. Ян 14, 16.
-
Пра Бабілён і Пяцідзесятніцу часта гавораць святыя Айцы: ORIGENES, In Genesim, c. I: PG 12, 112; S. GREGORIUS NAZ., Oratio 41, 16: PG 36, 449; S. IO. CHRYSOST., Hom. 2 in Pentec., 2: PG 50, 467; In Act. Apost.: PG 60, 44; S. AUGUSTINUS, Enar. in Ps. 54, 11: PL 36, 636; CChr. 39, 664s; Sermo 271: PL 38, 1245; S. CYRILLUS ALEX., Glaphyra in Genesim II: PG 69, 79; S. GREGORIUS MAGN., Hom. in Evang., Lib. II, Hom. 30, 4: PL 76, 1222; S. BEDA, In Hexaem., lib. III: PL 91, 125. Акрамя гэтага гл. выяву ў крухце базылікі св. Марка ў Венецыі. Касцёл гаворыць на ўсіх мовах і так збірае ўсіх у каталіцкай веры: S. AUGUSTINUS, Sermones 266, 267, 268, 269: PL 38, 1225-1237; Sermo 175, 3: PL 38, 946; S. IO. CHRYSOST., In Ep. I ad Cor., Hom. 35: PG 61, 296; S. CYRILLUS ALEX., Fragm. in Act.: PG 74, 758; S. FULGENTIUS, Sermo 8, 2-3: PL 65, 743-744. Пра Пяцідзесятніцу як пра пасвячэнне Апосталаў на іх місію гл.: J. A. CRAMER, Catena in Acta SS. Apostolorum, Oxford, 1838, p. 24s.
-
Пар. Лк 3, 22; 4, 1; Дз 10, 38.
-
Пар. Ян 14-17; PAULUS VI, Alloc. in Concilio habita die 14 sept. 1964: AAS 56 (1964), p. 807.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 4: AAS 57 (1965), p. 7.
-
S. AUGUSTINUS, Sermo 267, 4: PL 38, 1231: «Hoc agit Spiritus Sanctus in tota Ecclesia quod agit anima in omnibus membris unius corporis» (Дух Святы дзейнічае ва ўсім Касцёле так жа, як душа дзейнічае ва ўсіх членах адзінага цела). Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 7 (cum nota 8): AAS 57 (1965), p. 11.
-
Пар. Дз 10, 44-47; 11, 15; 15, 8.
-
Пар. Дз 4, 8; 5, 32; 8, 26. 29. 39; 9, 31; 10; 11, 24-28; 13, 2. 4. 9; 16, 6-7; 20, 22-23; 21, 11 і г.д.
-
Пар. таксама Мц 10, 1-42.
-
Пар. Mц 28, 18.
-
Пар. Дз 1, 4-8.
-
Пар. Ян 20, 21.
-
Пар. Клс 1, 24.
-
TERTULLIANUS, Apologeticum, 50, 13: PL 1, 534; CChr I, 171.
-
Ужо св. Тамаш Аквінскі кажа пра апостальскае заданне пашырэння Касцёла: пар. Sent. Lib. I, dist. 16, q. 1, a. 2 ad 2 et ad 4; a. 3 sol.; Summa Theol., I, q. 43, a. 7 ad 6; I-II, q. 106, a. 4 ad 4. Пар. BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), pp. 445 et 453; PIUS XI, Rerum Ecclesiae, 28 febr. 1926: AAS 18 (1926), p. 74; PIUS XII, 30 apr. 1939 ad Directores OO. PP. MM.; ён жа, 24 iun. 1944, ad Directores OO. PP. MM.: AAS 36 (1944) p. 210; rursus in AAS 42 (1950), p. 727, et 43 (1951), p. 508; ён жа., 29 iun. 1948 ad clerum indigenum: AAS 40 (1948), p. 374; ён жа., Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 507; ён жа., Fidei Donum, 15 ian. 1957 AAS 49 (1957), p. 236; IOANNES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959), p. 835; PAULUS VI, Hom., 18 oct. 1964: AAS 55 (1964), p. 911. Найвышэйшыя Першасвятары, а таксама Айцы і схаластыкі часта казалі пра пашырэнне (dilatatione) Касцёла: S. THOMAS AQ., Comm. in Matt., 16, 28; LEO XIII, Enc. Sancta Dei Civitas, 3 dec. 1880: AAS 13 (1880), p. 241; BENEDICTUS XV, Enc. Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), p. 442; PIUS XI, Enc. Rerum Ecclesiae, 28 febr. 1926: AAS 18 (1926), p. 65.
-
Пар. 1 П 1, 23.
-
Пар. Дз 2, 42.
-
Канешне, у такое разуменне місійнай дзейнасці ўключаюцца на самай справе і тыя часткі Лацінскай Амерыкі, дзе няма ўласнай іерархіі, дзе хрысціянскае жыццё не дасягнула сталасці, а Евангелле не прапаведуецца ў дастатковай ступені. Але ці прызнае Апостальская Сталіца гэтыя тэрыторыі сапраўды місійнымі — гэта не залежыць ад Сабору. Вось чаму ў тым месцы, дзе гаворка ідзе пра сувязі паміж паняццем місійнай дзейнасці і вызначанай тэрыторыяй, наўмысна гаворыцца, што такая дзейнасць ажыццяўляецца «пераважна» («plerumque») на вызначаных тэрыторыях, прызнаных Апостальскай Сталіцай.
-
CONC. VAT. II, Decr. De Oecumenismo, Unitatis Redintegratio, n. 1: AAS 57 (1965), p. 90.
-
Пар. Mк 16, 16; Ян 3, 5.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 14: AAS 57 (1965), p. 18.
-
Пар. Гбр 11, 6.
-
Пар. 1 Кар 9, 16.
-
Пар. Эф 4, 11-16.
-
Пар. Ян 7, 18; 8, 30 і 44; 8, 50; 17, 1.
-
Пра гэтую ідэю аб’яднання гл. вучэнне св. Ірэнэя пра рэкапітуляцыю (de Recapitulatione). Пар. таксама HIPPOLYTUS, De Antichristo, 3: «Omnes volens omnesque salvare desiderans, omnes Dei filios praestare volens sanctosque omnes in unum hominem perfectum vocans...» (Жадаючы ўсіх, імкнучыся збавіць усіх, зрабіць усіх дзецьмі Божымі, склікаючы ўсіх святых у аднаго дасканалага чалавека...): PG 10, 732; GCS Hippolyt I 2 p. 6; Benedictiones Iacob, 7: T.U., 38-1 p. 18, lin. 4 ss.; ORIGENES, In Ioann. Tom. I, n. 16: «Tum enim cognoscendi Deum una erit actio eorum qui ad Deum pervenerint, duce eo Verbo quod est apud Deum; ut sic sint in cognitione Patris formati omnes accurate filii, ut nunc solus Filius novit Patrem» (Бо тады пазнанне Бога будзе адзінай справай тых, хто прыйдзе да Бога пад кіраўніцтвам таго Слова, якое ёсць у Бога, каб усе дзеці былі старанна выхаваныя ў пазнанні Бога, як цяпер толькі Сын ведае Айца): PG 14, 49; GCS Orig. IV 20; S. AUGUSTINUS, De sermone Domini in monte, I, 41: «Diligamus quod nobiscum potest ad illa regna perduci, ubi nemo dicit: Pater meus, sed omnes uni Deo: Pater noster» (Палюбім жа тое, што можа разам з намі быць прыведзеным туды, дзе ніхто не кажа: «Ойча мой», але ўсе звяртаюцца да адзінага Бога: «Ойча наш»): PL 34, 1250; S. CYRILLUS ALEX., In Ioann. I: «Sumus enim omnes in Christo et communis humanitatis persona in ipsum reviviscit. Nam et novissimus Adam idcirco nuncupatus est... Habitavit enim in nobis, qui per naturam Filius est ac Deus; ideoque in eius Spiritu clamamus: Abba Pater! Habitat autem Verbum in omnibus in uno templo, scilicet quod propter nos et ex nobis assumpsit, ut omnes in seipso habens, omnes in uno corpore, sicuti Paulus ait, reconciliaret Patri» (Бо ўсе мы ў Хрысце, і ў Ім зноў ажывае абагульненая асоба чалавецтва, таму Ён і называецца апошнім Адамам... Бо сярод нас жыў той, хто паводле натуры ёсць Сынам і Богам, таму ў Яго духу мы клічам: «Абба Ойча!» Слова жыве ва ўсіх людзях у адной святыні, якую Яно дзеля нас і для нас прыняло, каб, маючы ў сабе ўсіх нас, усіх у адным целе, як кажа Павел, прымірыць з Айцом): PG 73, 161-164.
-
BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 19199: AAS 11 (1919), p. 445: «Nam ut Ecclesia Dei catholica est nullamque apud gentem vel nationem extranea...» (Бо праз гэта Касцёл Божы з’яўляецца каталіцкім і не ёсць чужым для нейкага народу, нейкай краіны...). Пар. IOANNES XXIII, Enc. Mater et Magistra: «a iure divino ad universas pertinet gentes... Ecclesia, cum in populi alicuius quasi venas vim suam inseruerit, idcirco neque est neque se existimat institutum quoddam, eidem populo extrinsecus impositum... Atque ideo quidquid bonum honestumque sibi esse videatur, idem confirmant atque perficiunt» (паводле Божага закону Касцёл належыць усім народам... бо ён быццам улівае сваю сілу ў жылы таго ці іншага народу, а таму не ёсць і не лічыць сябе нейкай установай, навязанай гэтаму народу звонку... Адсюль усё, што здаецца ім добрым і годным, яны (г.зн. тыя, хто быў адроджаны ў Хрысце) здзяйсняюць і ўдасканальваюць), 25 maii 1961: AAS (1961), p. 444.
-
Пар. Ян 3, 18.
-
Пар. IRENAEUS, Adv. Haer., III, 15, n. 3: PG 7, 919: «Veritatis fuerunt praedicatores et apostoli libertatis» (Яны былі прапаведнікамі праўды і апосталамі свабоды).
-
Breviarium romanum, Ant. O ad vesperas diei 23 decembris.
-
Пар. Mц 24, 31; Didachu 10, 5: FUNK I, p. 32.
-
Пар. Mк 13, 10.
-
CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 17: AAS 57 (1965), pp. 20-21; S. AUGUSTINUS, De Civitate Dei, 19, 17: PL 41, 646; Instr. S. C. P. F.: Collectanea I, n. 135, p. 42.
-
Паводле Арыгена Евангелле павінна прапаведавацца да канца гэтага свету: Hom. in Luc., XXI: GCS, Orig. IX 136, 21 sq.; In Matth. comm. ser., 39: XI 75, 25 sq.; 76, 4 sq.; Hom. in Ierem. III, 2: VIII 308, 29s.; S. THOMAS, Summ. Theol., I-II, q. 106, a. 4, ad 4.
-
Пар. Дз 1, 7.
-
HILARIUS PICT., In Ps. 14: PL 9, 301; EUSEBIUS CAESARIENSIS, In Isaiam 54, 2-3: PG 24, 462-463; CYRILLUS ALEX., In Isaiam V, cap. 54, 1-3: PG 70, 1193.
-
Пар. Эф 4, 13.
-
Пар. Ян 4, 23.
-
Пар. Mц 5, 16.
-
Пар. 1 Ян 4, 11.
-
Пар. Mц 9, 35 і наст.; Дз 10, 38.
-
Пар. 2 Кар 12, 15.
-
Пар. Mц 20, 26; 23, 11; Alloc. Pauli VI die 21 nov. 1964 in Concilio habita: AAS 56 (1964), p. 1013.
-
Пар. Эф 4, 24.
-
Пар. Клс 4, 3.
-
Пар. Mк 16, 15.
-
Пар. Дз 4, 13. 29. 31; 9, 27-28; 13, 46; 14, 3; 19, 8; 26, 6; 28, 31; 1 Тэс 2, 2; 2 Кар 3, 12; 7, 4; Флп 1, 20; Эф 3, 12; 6, 19-20.
-
Пар. 1 Кар 9, 15; Рым 10, 14.
-
Пар. 1 Тэс 1, 9-10; 1 Кар 1, 18-21; Гал 1, 31; Дз 14, 15-17; 17, 22-31.
-
Пар. Дз 16, 14.
-
Пар. Клс 3, 5-10; Эф 4, 20-24.
-
Пар. Лк 2, 34; Mц 10, 34-39.
-
Пар. 1 Тэс 1, 6.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decl. De Libertate Religiosa, Dignitatis Humanae, nn. 2, 4, 10; Const. past. De Ecclesia in mundo huius temporis, Gaudium et Spes, n. 21.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 17: AAS 57 (1965), pp. 20-21.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. De Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 64-65: AAS 56 (1964), p. 117.
-
Пар. Клс 1, 13. De qua liberatione a servitute daemonis et tenebrarum in Evangelio, пар. Мц 12, 28; Ян 8, 44; 12, 31 (пар. 1 Ян 3, 8; Эф 2, 1-2). In Liturgia Baptismi, пар. Rit. Rom.
-
Пар. Рым 6, 4-11; Клс 2, 12-13; 1 П 3, 21-22; Mк 16, 16.
-
Пар. 1 Тэс 3, 5-7; Дз 8, 14-17.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 14: AAS 57 (1965), p. 19.
-
Пар. S. AUGUSTINUS, Tract. in Ioann. 11, 4: PL 35, 1476.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 9: AAS 57 (1965), p. 13.
-
Пар. 1 Кар 3, 9.
-
Пар. Эф 4, 1.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 10, 11, 34: AAS 57 (1965), pp. 10-17, 39-40.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Divina Revelatione, Dei Verbum, n. 21: AAS 57 (1965), p. 24.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 12, 35: AAS 57 (1965), pp. 16, 40-41.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 23, 36: AAS 57 (1965), pp. 28, 41-42.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 11, 35, 41: AAS 57 (1965), pp. 15-16, 40-41, 47.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Ecclesiis Orientalibus Catholicis, Orientalium Ecclesiarum, n. 4: AAS 57 (1965), pp. 77-78.
-
Epist. ad Diognetum, 5: PG 2, 1173; пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 38: AAS 57 (1965), p. 43.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 32: AAS 57 (1965), p. 38; Decr. De Apostolatu Laicorum, Apostolicam Actuositatem, nn. 5-7.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Institutione Sacerdotali, Optatam totius, nn. 4, 8, 9.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. De Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 17: AAS 56 (1964), p. 105.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Institutione Sacerdotali, Optatam totius, n. 1.
-
Пар. IOANNES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959), pp. 843-844.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Oecumenismo, Unitatis Redintegratio, n. 4: AAS 57 (1965), pp. 94-96.
-
Пар. IOANNES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959), p. 842.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 29: AAS 57 (1965), p. 36.
-
Пар. IOANNES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959) p. 855.
-
Маюцца на ўвазе «пастаянныя катэхеты».
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 31, 44: AAS 57 (1965), pp. 37, 50-51.
-
Пар. IOANNES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959), p. 838.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Presbyterorum Ministerio et Vita, Presbyterorum Ordinis, n. 11; Decr. De Institutione Sacerdotali, Optatam totius, n. 2.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. Dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 25. AAS 57 (1965), p. 29.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Presbyterorum Ministerio et Vita, Presbyterorum Ordinis, n. 10, дзе для таго, каб аблегчыць асаблівыя пастырскія працы для розных сацыяльных груп, прадугледжана ўстанаўленне персанальных прэлатур, наколькі гэтага патрабуе неабходнасць належнага ажыццяўлення апостальства.
-
Пар. 1 Кар 15, 23.
-
Пар. 1 Кар 15, 28.
-
Пар. Эф 4, 24.
-
Пар. Пс 2, 8.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 13: AAS 57 (1965), pp. 17-18.
-
Пар. Alloc. PAULI VI in Canon. Ss. Mart. Ugandens., 18 oct. 1964: AAS 56 (1964), p. 908.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 13: AAS 57 (1965), p. 18.
-
CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 17: AAS 57 (1965), p. 21.
-
Пар. Mк 3, 13 і наст.
-
Пар. 1 Кар 12, 11.
-
«Установамі» называюцца тут манаскія супольнасці, кангрэгацыі, інстытуты і аб’яднанні, якія працуюць на місіях.
-
Пар. PIUS XI, Rerum Ecclesiae, 28 febr. 1926: AAS 18 (1926), p. 69-71; PIUS XII, Saeculo exeunte, 13 iun. 1940: AAS 32 (1940), p. 256; Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 506.
-
Пар. Дз 13, 2.
-
Пар. Гал 1, 16.
-
Пар. 1 Кар 9, 22.
-
Пар. Эф 6, 19 і наст.; Дз 4, 31.
-
Пар. Mц 11, 29 і наст.
-
Пар. BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), pp. 449-450.
-
Пар. 2 Кар 6, 4 і наст.
-
Пар. 2 Кар 8, 2.
-
Пар. 1 Цім 4, 14; Эф 4, 23; 2 Кар 4, 16.
-
Пар. BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), pp. 448-449; PIUS XII, Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 507. Пры падрыхтоўцы місіянераў-святароў трэба ўлічваць і тое, што прынята Другім Ватыканскім Саборам у Дэкрэце пра фармацыю святароў «Optatam totius».
-
Пар. Дз 2, 42; 4, 32.
-
Пар. 2 Цім 1, 7.
-
Пар. Флп 4, 11.
-
Пар. 2 Кар 4, 10 і наст.
-
Пар. 2 Кар 12, 15 і наст.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 41: AAS 57 (1965), p. 46.
-
Пар. BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), p. 440; PIUS XII, Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 507.
-
BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), p. 448; Decr. S. C. P. F., 20 maii 1923: AAS 15 (1923), pp. 369-370; PIUS XII, Saeculo exeunte, 2 iun. 1940: AAS 32 (1940), p. 256; Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 507; IOAN-NES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959), pp. 843-844.
-
CONC. VAT. II, Decr. De Institutione Sacerdotali, Optatam totius, nn 19-21. Пар. таксама Const. Apost. Sedes Sapientiae cum Statutis generalibus, 31 maii 1956: AAS 48 (1956), pp. 354-365.
-
PIUS XII, Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), pp. 523-524.
-
BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), p. 448; PIUS XII, Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 507.
-
Пар. PIUS XII, Fidei donum, 15 iun. 1957: AAS 49 (1957), p. 234.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Presbyterorum Ministerio et Vita, Presbyterorum Ordinis, n. 10, дзе гаворыцца пра дыяцэзіі, персанальныя прэлатуры і інш. установы такога кшталту.
-
Пар. Рым 12, 6.
-
Пар. 1 Кар 3, 10.
-
Пар. Ян 4, 37.
-
Пар. 1 Кар 3, 8.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 18: AAS 57 (1965), p. 22.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 23: AAS 57 (1965), p. 28.
-
Пар. Motu proprio Apostolica Sollicitudo, 15 sept. 1965: AAS 57 (1965), p. 776.
-
Пар. PAULUS VI, Alloc. die 21 nov. 1964, in Concilio habita: AAS 56 (1964), p. 1011.
-
Пар. BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), pp. 39-40.
-
Калі якія-небудзь місіі з нейкіх прычын усё яшчэ часова падпарадкаваны іншым установам, то будзе мэтазгодным, каб гэтыя ўстановы падтрымлівалі адносіны са Святой Кангрэгацыяй Пашырэння Веры, каб у кіраўніцтве і распараджэнні ўсімі місіямі можна было прытрымлівацца пастаяннага і цалкам адзінага плана і парадку.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 35, 4.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 36-38.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 35, 5-6.
-
Пар. Эф 4, 13.
-
Пар. Іс 11, 12.
-
Пар. CONC. VAT. II, Decr. De Oecumenismo, Unitatis Redintegratio, n. 12: AAS 57 (1965), p. 99.
-
Пар. Дз 16, 9.
-
Пар. Mк 16, 15.
-
Пар. CONC VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 23-24: AAS 57 (1965), pp. 27-29.
-
Пар. BENEDICTUS XV, Maximum illud, 30 nov. 1919: AAS 11 (1919), pp. 453-454; PIUS XI, Rerum Ecclesiae, 28 febr. 1926: AAS 18 (1926), pp. 71-73; PIUS XII, Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), pp. 525-526; ён жа, Fidei Donum, 15 ian. 1957: AAS 49 (1957), p. 241.
-
Пар. PIUS XII, Fidei Donum, 15 ian. 1957: AAS 49 (1957), pp. 245-246.
-
CONC.VAT. II, Decr. De pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, n. 6.
-
Пар. PIUS XII, Fidei Donum, 15 ian. 1957: AAS 49 (1957), p. 245.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 28: AAS 57 (1965), p. 34.
-
Пар. PIUS XI, Rerum Ecclesiae, 28 febr. 1926: AAS 28 (1926), p. 72.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 44: AAS 57 (1965), p. 50.
-
Пар. Mц 9, 38.
-
Пар. Дз 16, 14.
-
Пар. 1 Кар 3, 7.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, nn. 33, 35: AAS 57 (1965), pp. 39, 40-41.
-
Пар. PIUS XII, Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), pp. 510-514; IOANNES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959), pp. 851-852.
-
Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. De Ecclesia, Lumen Gentium, n. 46: AAS 57 (1965), p. 52.
-
Пар. PIUS XII, Evangelii Praecones, 2 iun. 1951: AAS 43 (1951), p. 527; IOANNES XXIII, Princeps Pastorum, 28 nov. 1959: AAS 51 (1959), p. 864.
-
Пар. 1 Цім 2, 4.
-
Пар. 2 Кар 4, 6.