APOSTOLICAM ACTUOSITATEM

дэкрэт пра апостальства свецкіх

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА АПОСТАЛЬСТВА СВЕЦКІХ
«APOSTOLICAM ACTUOSITATEM»

УСТУП
РАЗДЗЕЛ І - ПАКЛІКАННЕ СВЕЦКІХ ДА АПОСТАЛЬСТВА
РАЗДЗЕЛ II - ПАСТАЎЛЕНЫЯ МЭТЫ
РАЗДЗЕЛ III - РОЗНЫЯ СФЕРЫ АПОСТАЛЬСТВА
РАЗДЗЕЛ IV - РОЗНЫЯ ФОРМЫ АПОСТАЛЬСТВА
РАЗДЗЕЛ V - ЗАХАВАННЕ ПАРАДКУ
РАЗДЗЕЛ VI - ПАДРЫХТОЎКА ДА АПОСТАЛЬСТВА
ЗАКЛІК

УСТУП

1. Святы Сабор, жадаючы ажывіць апостальскую дзейнасць Божага народу1, скіроўвае свой клапатлівы позірк на свецкіх вернікаў, пра асаблівы і абсалютна неабходны ўдзел якіх у місіі Касцёла ён узгадваў ужо ў іншых месцах2. Апостальская дзейнасць свецкіх, якая вынікае з іхняга хрысціянскага паклікання, заўсёды павінна ажыццяўляцца ў Касцёле. Наколькі дабравольнай і плённай была такая дзейнасць у раннім Касцёле, выразна сведчыць Святое Пісанне (пар. Дз 11, 19-21; 18, 26; Рым 16, 1-16; Флп 4, 3).

Але і наш час чакае ад свецкіх людзей не меншай адданасці. Больш за тое, сённяшнія ўмовы патрабуюць ад іх больш інтэнсіўнага i шырэйшага апостальства. Пастаянны рост насельніцтва, навукова-тэхнічны прагрэс і больш цесныя сувязі паміж людзьмі не толькі значна пашырылі сферы апостальства свецкіх, даступныя пераважна толькі для іх, але і ўзнялі новыя праблемы, якія патрабуюць ад свецкіх пільнага клопату i стараннасці. Такога тыпу апостальства становіцца ўсё больш неабходным, паколькі незалежнасць многіх сфер жыцця чалавека, як гэта і павінна быць, у значанай ступені ўзрасла, што нярэдка спалучаецца з пэўным адыходам ад этычнага і рэлігійнага парадку і з небяспекай для хрысціянскага жыцця. Апроч гэтага, у многіх рэгіёнах, дзе вельмі мала святароў або — як гэта часам здараецца — яны пазбаўлены адпаведнай свабоды, неабходнай для пастырства, Касцёл без супрацоўніцтва свецкіх амаль перастаў бы існаваць і дзейнічаць. Сведчаннем такой разнастайнай і вялікай неабходнасці з’яўляецца бачнае дзеянне Духа Святога, які сёння дапамагае свецкім усё больш усвядоміць сваю адказнасць i пабуджае іх усюды да служэння Хрысту і Касцёлу3.

У дадзеным Дэкрэце Сабор хоча растлумачыць сутнасць апостальства свецкіх, яго характар i разнастайнасць, a таксама прадставіць яго асноўныя прынцыпы і даць пастырскія ўказанні для больш плённага яго ажыццяўлення. Усё гэта павінна стаць нормай пры пераглядзе кананічнага права ў пытаннях, якія датычаць апостальства свецкіх.

РАЗДЗЕЛ І
ПАКЛІКАННЕ СВЕЦКІХ ДА АПОСТАЛЬСТВА

2. Касцёл заснаваны для таго, каб праз пашырэнне Хрыстовага валадарства па ўсёй зямлі дзеля хвалы Айца зрабіць усіх людзей удзельнікамі збаўчага адкуплення4 i каб праз іх увесь свет сапраўды скіраваўся да Хрыста. Усялякая дзейнасць Містычнага цела ў гэтым накірунку называецца апостальствам. Касцёл здзяйсняе яго пры дапамозе ўсіх сваіх членаў, аднак па-рознаму. Хрысціянскае пакліканне па сваёй сутнасці з’яўляецца таксама пакліканнем да апостальства. Як ніводная частка жывога цела не бывае абсалютна пасіўнай, але ўдзельнічае ў жыцці цела і ў яго дзейнасці, так і ў целе Хрыста, якім ёсць Касцёл, усё цела «ў меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне» (Эф 4, 16). Больш за тое, узаемасувязь i еднасць частак у гэтым целе настолькі вялікая (пар. Эф 4, 16), што частку, якая не прычыняецца паводле сваёй магчымасці да ўзросту цела, трэба лічыць бескарыснай як для яе самой, так і для Касцёла.

У Касцёле пры адзінстве місіі існуе разнастайнасць паслуг. Апосталам і іх наступнікам Хрыстус даручыў абавязак навучання, асвячэння i кіравання ад Яго імя і паводле Яго моцы. Аднак і свецкія, стаўшы ўдзельнікамі святарскай, прароцкай і каралеўскай функцыі Хрыста, здзяйсняюць у Касцёле i ў свеце сваю частку місіі ўсяго Божага народу5. Іх дзейнасць сапраўды з’яўляецца апостальствам, бо здзяйсняецца дзеля евангелізацыі і асвячэння людзей i дзеля таго, каб напоўніць евангельскім духам і ўдасканаліць парадак зямных спраў, таму іх намаганне з’яўляецца выразным сведчаннем пра Хрыста i служыць збаўленню людзей. Паколькі характэрнай рысай, уласцівай стану свецкіх, з’яўляецца жыццё ў свеце i сярод зямных спраў, Бог кліча свецкіх споўніць сваё апостальства ў свеце з жывым хрысціянскім духам, падобна рошчыне.

3. Абавязак i права здзяйсняць апостальства свецкія атрымліваюць на падставе свайго з’яднання з Хрыстом Галавой. Прышчэпленыя праз хрост да Містычнага цела Хрыста і ўмацаваныя моцай Духа Святога праз канфірмацыю, яны самім Панам прызначаны да апостальства. Атрымліваюць пасвячэнне ў каралеўскае святарства i святы народ (пар. 1 П 2, 4-10), каб праз усялякія ўчынкі прыносіць духоўныя ахвяры i па ўсёй зямлі даваць сведчанне пра Хрыста. Дзякуючы сакрамэнтам, асабліва Эўхарыстыі, удзяляецца і жывіцца тая любоў, якая з’яўляецца душой усяго апостальства6.

Апостальства здзяйсняецца ў веры, надзеі і любові, якія Дух Святы ўлівае ў сэрцы ўсіх членаў Касцёла. Акрамя гэтага, запаведзь любові, якая з’яўляецца найбольшым наказам Пана, пабуджае ўсіх хрысціянаў клапаціцца пра Божую хвалу праз надыход Яго валадарства i пра вечнае жыццё для ўсіх людзей, каб яны пазналі адзінага праўдзівага Бога і пасланага Ім Езуса Хрыста (пар. Ян 17, 3).

Таму ўсе вернікі маюць узнёслы абавязак прычыняцца да таго, каб усе людзі ва ўсім свеце пазналі i прынялі Божы збаўчы заклік.

Для ажыццяўлення гэтага апостальства Дух Святы, які асвячае Божы народ праз служэнне і сакрамэнты, удзяляе вернікам таксама іншыя спецыяльныя дары (пар. 1 Кар 12, 7), «удзяляе кожнаму паасобку, як жадае» (1 Кар 12, 11), каб яны служылі адно аднаму тым дарам, які кожны атрымаў, і былі «як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай» (1 П 4, 10) дзеля будавання ўсяго цела ў любові (пар. Эф 4, 16). З прыняцця гэтых харызмаў, нават самых звычайных, нараджаецца для кожнага веруючага права i абавязак выкарыстоўваць іх у Касцёле i свеце для дабра людзей i будавання Касцёла ў свабодзе Духа Святога, які «вее там, дзе хоча» (Ян 3, 8), і адначасова ў еднасці з братамі ў Хрысце, асабліва са сваімі пастырамі, якія павінны ацэньваць сапраўдную прыроду гэтых дароў i належна іх ужываць. Зразумела, не для таго, каб гасіць Духа, але каб выпрабаваць усё i захаваць тое, што добрае (пар. 1 Тэс 5, 12.19.21)7.

4. Паколькі Хрыстус, пасланы Айцом, ёсць крыніцай i пачаткам усяго апостальства Касцёла, то, канешне, плённасць апостальства свецкіх залежыць ад іх жыццёвага з’яднання з Хрыстом паводле слоў Пана: «Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). Гэтае жыццё ў самым глыбокім з’яднанні з Хрыстом падтрымліваецца ў Касцёле духоўнымі сродкамі, агульнымі для ўсіх вернікаў, асабліва актыўным удзелам у святой Літургіі8. Свецкія павінны так выкарыстоўваць гэтыя сродкі, каб, дакладна спаўняючы зямныя абавязкі ў звычайных жыццёвых умовах, не страціць у сваім жыцці еднасці з Хрыстом, але ўсё больш узрастаць у ёй, выконваючы сваю працу паводле Божай волі. На гэтым шляху свецкія павінны старанна і з радасцю ўзрастаць у святасці, намагаючыся разважліва і цярпліва перамагаць цяжкасці9. Ні сямейныя клопаты, ні іншыя зямныя справы не павінны заставацца па-за сферай іх духоўнага жыцця паводле слоў Апостала: «Усё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу» (Клс 3, 17).

Такое жыццё патрабуе няспыннага ўдасканалення веры, надзеі і любові.

Толькі ў святле веры i ў разважанні над Божым словам кожны можа заўсёды i ўсюды пазнаваць Бога, у якім мы «жывём, рухаемся і існуём» (Дз 17, 28); у кожнай падзеі шукаць Ягоную волю, бачыць Хрыста ў кожным чалавеку, бліжні ён ці чужы; можа трапна заўважаць праўдзівае значэнне i вартасць зямных рэчаў як саміх па сабе, так і ў адносінах да мэты чалавека.

Тыя, хто мае такую веру, жывуць у надзеі аб’яўлення сыноў Божых, памятаючы пра крыж i ўваскрасенне Пана.

У пілігрымаванні па гэтым зямным жыцці, схаваныя з Хрыстом у Богу, свабодныя ад путаў багацця, звяртаючыся да вечных дабротаў, яны велікадушна і цалкам прысвячаюць сябе пашырэнню Божага Валадарства, фарміраванню i ўдасканаленню парадку зямных спраў у хрысціянскім духу. Сярод цяжкасцяў гэтага жыцця яны знаходзяць сілу ў надзеі, маючы перакананне, «што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас» (Рым 8, 18).

Узрушаныя любоўю, што паходзіць ад Бога, яны робяць дабро ўсім, асабліва братам у веры (пар. Гал 6, 10), «адклаўшы ўсялякую зласлівасць і ўсякі подступ, крывадушнасць і зайздрасць ды ўсякае зласлоўе» (1 П 2, 1), i так прыцягваюць людзей да Хрыста. А Божая любоў, якая «вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 5), робіць свецкіх людзей здольнымі сапраўды выяўляць у сваім жыцці дух евангельскіх благаслаўленняў. Ідучы за ўбогім Хрыстом, няхай не падаюць духам з прычыны нястачы і не ганарацца з прычыны шматлікіх зямных дабротаў; наследуючы пакорнага Хрыста, няхай не імкнуцца да марнай славы (пар. Гал 5, 26), але стараюцца больш падабацца Богу, а не людзям; няхай заўсёды будуць гатовыя пакінуць усё для Хрыста (пар. Лк 14, 26) i цярпець пераслед дзеля справядлівасці (пар. Mц 5, 10), памятаючы словы Пана: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною» (Mц 16, 24). Жывучы паміж сабою ў хрысціянскім сяброўстве, няхай спяшаюцца на дапамогу адно аднаму ў кожнай патрэбе.

Сужэнства і сям’я, бясшлюбнасць або ўдаўство, хвароба, прафесійная і грамадская дзейнасць павінны вызначаць своеасаблівыя рысы духоўнасці свецкіх. Таму свецкія павінны няспынна развіваць якасці і таленты, якія адпавядаюць умовам іх жыцця, i выкарыстоўваць асабістыя дары, прынятыя ад Духа Святога.

Акрамя гэтага, свецкія, якія, ідучы за сваім пакліканнем, уступілі ў пэўны інстытут або ў нейкае таварыства, зацверджаныя Касцёлам, павінны таксама імкнуцца пазнаць асаблівасці духоўнага жыцця, уласцівыя дадзенаму інстытуту або таварыству.

Няхай таксама высока цэняць прафесійныя навыкі, сямейнае і грамадзянскае пачуццё, а таксама цноты, якія датычаць адносінаў у грамадстве: сумленнасць, пачуццё справядлівасці, шчырасць, чалавечнасць, мужнасць, без якіх немагчыма сапраўднае хрысціянскае жыццё.

Дасканалым прыкладам такога духоўнага і апостальскага жыцця з’яўляецца Найсвяцейшая Дзева Марыя, Каралева Апосталаў, якая падчас зямнога жыцця, падобнага да іншых, поўнага сямейных клопатаў і прац, заўсёды трывала ў цеснай еднасці са сваім Сынам i асаблівым чынам саўдзельнічала ў справе Збаўцы. Цяпер, узятая ў неба, «дзякуючы сваёй мацярынскай любові Яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць і знаходзяцца сярод небяспек i цярпенняў, пакуль не будуць даведзеныя да шчаслівай айчыны»10. Няхай усе з вялікай пабожнасцю ўшаноўваюць Яе i даручаюць Яе мацярынскай апецы сваё жыццё і апостальства.

РАЗДЗЕЛ II
ПАСТАЎЛЕНЫЯ МЭТЫ

5. Хрыстовая справа адкуплення, якая мае на мэце збаўленне людзей, датычыць таксама адновы ўсяго зямнога парадку. Таму місія Касцёла заключаецца не толькі ў пераказванні людзям Хрыстовага закліку і Яго ласкі, але яшчэ і ў тым, каб напоўніць і ўдасканаліць евангельскім духам парадак зямных рэчаў. Таму свецкія, выконваючы гэтую місію Касцёла, вядуць апостальскую дзейнасць у Касцёле і ў свеце як у духоўным, так і ў зямным сэнсе. Хоць гэтыя дзве рэчаіснасці адрозніваюцца паміж сабою, аднак у адзіным Божым плане яны так цесна злучаны паміж сабою, што сам Бог хоча перамяніць у Хрысце ўвесь свет у новае стварэнне спачатку ўжо тут на зямлі, a затым ва ўсёй паўнаце ў апошні дзень. Свецкі чалавек, будучы адначасова вызнаўцам веры i грамадзянінам, павінен у абодвух парадках заўсёды кіравацца толькі адным хрысціянскім сумленнем.

6. Місія Касцёла скіравана на збаўленне людзей, якое дасягаецца праз веру ў Хрыста і праз Яго ласку. Таму апостальства Касцёла і ўсіх яго членаў скіравана найперш на паказванне свету словам і чынам Хрыстовага закліку i на ўдзяленне яму Ягонай ласкі. Адбываецца гэта галоўным чынам праз паслугу слова і сакрамэнтаў, якая спецыяльна даручана духоўным і ў якой свецкія таксама маюць важную ролю, каб і яны былі супрацоўнікамі праўды (пар. 3 Ян 8). Менавіта ў гэтай сферы ўзаемна дапаўняюцца апостальства свецкіх i пастырскае служэнне.

Існуюць шматлікія магчымасці для свецкіх, каб здзяйсняць апостальства евангелізацыі і асвячэння. Сам прыклад хрысціянскага жыцця i добрыя ўчынкі, здзейсненыя ў звышпрыродным духу, прыцягваюць людзей да веры і да Бога, бо Пан кажа: «Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Mц 5, 16).

Аднак такога тыпу апостальства не заключаецца толькі ў сведчанні жыцця. Сапраўдны апостал шукае магчымасці таксама словам абвяшчаць Хрыста як няверуючым, каб прывесці іх да веры, так і веруючым, каб іх навучыць, умацаваць i заахвоціць да больш адданага жыцця, бо «любоў Хрыста ахапіла нас» (2 Кар 5, 14), і ў кожным сэрцы павінны знайсці водгук словы Апостала: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16)11.

Паколькі ў наш час узнікаюць новыя пытанні i празмерна распаўсюджваюцца небяспечныя памылкі, што імкнуцца цалкам знішчыць рэлігію, маральны парадак i само чалавечае грамадства, гэты Святы Сабор горача заахвочвае свецкіх па меры сваіх здольнасцяў i ведаў, згодна з думкай Касцёла, з вялікай стараннасцю ўдзельнічаць у тлумачэнні, абароне i адпаведным дастасаванні хрысціянскіх прынцыпаў пры вырашэнні праблем цяперашняй эпохі.

7. Божы план адносна свету заключаецца ў тым, каб людзі ў згодзе будавалі парадак зямных спраў i пастаянна яго ўдасканальвалі. Усё, што ўваходзіць у гэты парадак, а менавіта: асабістае i сямейнае дабро, культура, эканоміка, мастацтва, прафесійныя абавязкі, палітычныя інстытуты, міжнародныя адносіны i іншае, іх развіццё і прагрэс, з’яўляецца не толькі сродкам дасягнення канчатковай мэты чалавека, але мае таксама сваю вартасць, дадзеную Богам, незалежна ад таго, разглядаецца гэта паасобку ці як частка ўсяго зямнога парадку: «I бачыў Бог, што ўсё, што ўчыніў, было вельмі добрым» (Быц 1, 31). Гэтае натуральнае дабро рэчаў атрымлівае нейкую спецыяльную годнасць праз іх адносіны да чалавечай асобы, дзеля служэння якой яны створаны. Нарэшце, спадабалася Богу сабраць у Хрысце ўсё, як прыроднае, так і звышпрыроднае, у адно, «каб Ён ва ўсім меў першынство» (Клс 1, 18). Але гэтае прызначэнне не толькі не пазбаўляе зямны парадак яго аўтаноміі, уласных мэтаў, законаў, сродкаў, значэння для дабра людзей, але, наадварот, павялічвае яго моц i вартасць і адначасова суадносіць яго з цэласным пакліканнем чалавека на гэтай зямлі.

На працягу гісторыі ўжыванне зямных рэчаў зневажалася цяжкімі правінамі, бо людзі, сапсаваныя першародным грахом, траплялі ў шматлікія памылкі адносна праўдзівага Бога, прыроды чалавека i прынцыпаў маральнага закону: вось адкуль сапсаванасць людскіх звычаяў i інстытутаў, a нярэдка і прыніжэнне самой чалавечай асобы. Таксама і ў наш час многія людзі, пераацэньваючы прагрэс прыродазнаўчых і тэхнічных навук, схіляюцца да пакланення зямным рэчам і становяцца хутчэй іх слугамі, а не гаспадарамі.

Заданне ўсяго Касцёла — працаваць над тым, каб людзі маглі належна фарміраваць увесь парадак зямных рэчаў i скіроўваць яго праз Хрыста да Бога. Абавязак пастыраў — ясна прадстаўляць прынцыпы, што датычаць мэты стварэння i карыстання светам, і аказваць духоўную і маральную дапамогу дзеля аднаўлення ў Хрысце парадку зямных рэчаў.

Свецкія павінны распачаць аднову зямнога парадку як уласцівае ім заданне, i здзейсніць яе непасрэдна i рашуча, кіруючыся святлом Евангелля, духам Касцёла і адчуваючы наказ хрысціянскай любові. Будучы грамадзянамі, яны павінны супрацоўнічаць з суграмадзянамі, выкарыстоўваючы свой асаблівы вопыт i прымаючы на сябе адказнасць, усюды і ва ўсім шукаючы справядлівасці Божага Валадарства. Парадак зямных спраў трэба аднавіць так, каб не парушыць уласцівых яму законаў і ўзгадніць яго з найвышэйшымі нормамі хрысціянскага жыцця, каб дастасаваць да розных умоў месца, часу і народаў. Сярод спраў такога апостальства на першым месцы знаходзіцца грамадская дзейнасць хрысціянаў. Святы Сабор хоча, каб сёння яна ахоплівала ўсе зямныя справы, а таксама культуру12.

8. Хоць усялякая апостальская дзейнасць павінна нараджацца з любові і з яе чэрпаць сілы, аднак некаторыя справы па сваёй сутнасці могуць стаць жывым прыкладам самой любові. Хрыстус жадаў, каб яны былі знакамі Яго месіянскай місіі (пар. Mц 11, 4-5).

Найбольшая запаведзь Закону — любіць Пана Бога ўсім сэрцам, а бліжняга як самога сябе (пар. Mц 22, 37-40). Гэтую запаведзь любові да бліжняга Хрыстус зрабіў сваёй уласнай i надаў ёй новае значэнне, калі, атаясамліваючыся з братамі, хацеў стаць разам з імі аб’ектам любові, кажучы: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Mц 25, 40). Прыняўшы чалавечую натуру, Ён злучыў з сабою ўсё чалавецтва нейкім звышпрыродным адзінствам, a распазнавальным знакам сваіх вучняў учыніў любоў, кажучы: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).

Як святы Касцёл у пачатку сваёй гісторыі, спалучаючы эўхарыстычную Гасціну з «агапай», паказваў сябе з’яднаным вакол Хрыста повяззю любові, так у кожны час дае пазнаць сябе па гэтаму знаку любові і, радуючыся дзейнасці іншых людзей, пакідае сабе справу любові як свой абавязак i неад’емнае права. Таму Касцёл асабліва цэніць міласэрнаць да ўбогіх i хворых, а таксама справы дабрачыннасці i ўзаемадапамогі дзеля задавальнення розных чалавечых патрэб13.

Такога тыпу дзеянні i справы сталі сёння больш патрэбнымі i распаўсюджанымі, бо ў выніку большай даступнасці сродкаў камунікацыі адлегласці паміж людзьмі амаль пераадолены, a жыхары ўсяго свету сталі як бы членамі адной сям’і. Дабрачынная дзейнасць можа і павінна сёння ахопліваць усіх без выключэння людзей i задаволіць усе іхнія патрэбы. Дзе б не знаходзіліся людзі, якія не маюць ежы i вады, адзення, жылля, лекаў, працы, адукацыі, сродкаў для годнага чалавечага жыцця, людзі хворыя i змучаныя цяжкасцямі, церпячыя з прычыны выгнання i зняволення — усюды хрысціянская любоў павінна іх шукаць i знаходзіць, клапатліва суцяшаць i падтрымліваць. Гэты абавязак спачывае перш за ўсё на людзях і народах, якія маюць найбольшы дабрабыт14.

Каб такая практыка любові здзяйснялася i не была сумніўнай, трэба ў бліжнім бачыць вобраз Бога, паводле якога быў створаны чалавек, а таксама вобраз Хрыста Пана, якому сапраўды ахвяравана ўсё, што даецца патрабуючым. З вялікай далікатнасцю трэба адносіцца да свабоды і годнасці чалавека, якому аказваецца дапамога. Нельга скажаць інтэнцыі якім-небудзь пошукам уласнай карысці ці жаданнем панаваць15. У першую чаргу трэба задаволіць патрабаванні справядлівасці, каб не ахвяроўваць у якасці дару любові тое, што належыць паводле справядлівасці; трэба ліквідаваць прычыны зла, а не толькі яго вынікі; трэба так арганізаваць дапамогу, каб тыя, хто яе атрымлівае, паволі вызваляліся ад знешняй залежнасці i станавіліся самадастатковымі.

Таму няхай свецкія высока цэняць i па меры магчымасці падтрымліваюць справы міласэрнасці і сацыяльную дапамогу — прыватную, ці публічную, a таксама міжнародную, якая плённа падтрымлівае адзінкі і народы, што знаходзяцца ў патрэбе, праз супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі16.

РАЗДЗЕЛ III
РОЗНЫЯ СФЕРЫ АПОСТАЛЬСТВА

9. Свецкія займаюцца рознай апостальскай дзейнасцю як у Касцёле, так i ў свеце. У абодвух гэтых сферах адкрываюцца розныя магчымасці для апостальскай працы. Сярод іх трэба назваць самыя галоўныя: касцёльныя супольнасці, сям’я, моладзь, сацыяльнае асяроддзе, нацыянальны і міжнародны ўзровень. Паколькі ў наш час жанчыны прымаюць штораз больш актыўны ўдзел ва ўсім грамадскім жыцці, таму вельмі важна, каб яны таксама ўдзельнічалі ў розных сферах апостальскай дзейнасці Касцёла.

10. Як удзельнікі служэння Хрыста — Святара, Прарока і Караля — свецкія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці i дзейнасці Касцёла. У касцёльных супольнасцях іх дзейнасць настолькі неабходна, што без яе само апостальства пастыраў не можа быць у поўні плённым. Свецкія, ажыўленыя сапраўдным апостальскім духам, дапаўняюць тое, чаго не хапае іх братам, i падтрымліваюць дух пастыраў i рэшты вернікаў (пар. 1 Кар 16, 17-18) па прыкладзе тых мужчын i жанчын, якія падтрымлівалі Паўла ў абвяшчэнні Евангелля (пар. Дз 18, 18-26; Рым 16, 3). Беручы сілы з актыўнага ўдзелу ў літургічным жыцці сваёй супольнасці, свецкія шчыра ўдзельнічаюць у яе апостальскай працы; прыцягваюць да Касцёла людзей, якія трымаліся здалёк ад яго; старанна супрацоўнічаюць у абвяшчэнні Божага слова, асабліва праз катэхізацыю; служачы Касцёлу сваімі прафесійнымі ведамі, робяць больш плённай пастырскую працу, a таксама распараджэнне касцёльнымі дабротамі.

Парафія дае бачны прыклад супольнага апостальства, збіраючы ў адно розных людзей, якія ёсць у ёй, і ўключаючы іх у паўсюдны Касцёл17. Свецкія павінны прызвычаіцца дзейнічаць у парафіі ў шчыльнай еднасці са сваімі святарамі18; прадстаўляць супольнасці Касцёла праблемы свае i свету, а таксама справы, якія датычаць збаўлення, для сумеснага абмеркавання і вырашэння; супрацоўнічаць па меры магчымасці ва ўсіх апостальскіх і місійных ініцыятывах сваёй касцёльнай сям’і.

Свецкія павінны заўсёды адчуваць сваю прыналежнасць да дыяцэзіі, часткай якой з’яўляецца парафія, і быць заўсёды гатовымі адгукнуцца на заклік свайго пастыра ўдзельнічаць у дыяцэзіяльных справах. Больш за тое, каб задаволіць патрэбы гарадоў i вясковых раёнаў19, няхай не абмяжоўваюць свайго супрацоўніцтва межамі парафіі ці дыяцэзіі, але няхай імкнуцца пашырыць яе на міжпарафіяльныя, міждыяцэзіяльныя, нацыянальныя i міжнародныя тэрыторыі, тым больш, што міграцыя насельніцтва пастаянна павялічваецца, узрастае ўзаемасувязь людзей, а лёгкасць камунікацыі не дазваляе ўжо, каб нейкая частка грамадства засталася ў ізаляцыі. Такім чынам няхай свецкія клапоцяцца пра патрэбы Божага народу, рассеянага па ўсім свеце. Найперш, няхай місійную справу лічаць сваёй, аказваючы матэрыяльную або нават асабістую дапамогу, бо абавязкам і гонарам для хрысціянаў з’яўляецца аддаванне Богу часткі дабротаў, атрыманых ад Яго.

11. Паколькі Стварыцель усіх рэчаў устанавіў сужэнскі саюз пачаткам i падставай чалавечай супольнасці, a сваёй ласкай учыніў яго вялікай таямніцай адносна Хрыста і Касцёла (пар. Эф 5, 32), апостальства сярод сужэнцаў і сем’яў мае асаблівае значэнне як для Касцёла, так і для грамадзянскай супольнасці.

Хрысціянскія сужэнцы адно для другога, для сваіх дзяцей і іншых родных з’яўляюцца супрацоўнікамі ласкі i сведкамі веры. Для сваіх дзяцей яны — першыя прапаведнікі веры і выхаваўцы; словам і прыкладам выхоўваюць дзяцей да хрысціянскага і апостальскага жыцця, мудра дапамагаюць ім у выбары жыццёвага шляху, a адкрытае ў іх пакліканне да служэння Богу ўзрошчваюць з вялікім клопатам.

Заўсёды абавязкам сужэнцаў, а сёння гэта стала значнай часткай іх апостальства, было ўказванне і пацвярджэнне сваім жыццём непарыўнасці і святасці сужэнскага саюзу, моцнае падкрэсліванне права і абавязку бацькоў і апекуноў на хрысціянскае выхаванне дзяцей, абарона годнасці i законнай незалежнасці сям’і. Таму самі бацькі і ўсе вернікі павінны супрацоўнічаць з людзьмі добрай волі, каб грамадзянскае заканадаўства гарантавала абсалютную непарушнасць гэтых правоў. У кіраванні грамадствам заўсёды павінны ўлічвацца сямейныя патрэбы, якія датычаць жылля, выхавання дзяцей, умоў працы, сацыяльнага забеспячэння i падаткаў; у кіраванні працэсам міграцыі трэба гарантаваць сумеснае жыццё сям’і20.

Сям’я прыняла ад Бога місію стаць першай і жыццёва неабходнай ячэйкай грамадства. Яна выканае гэтую місію, калі праз узаемную любоў сваіх членаў i сумесную малітву да Бога стане як бы хатнім санктуарыем Касцёла; калі ўся сям’я далучыцца да літургічнага культу; калі, нарэшце, сям’я будзе гасціннай, калi будзе падтрымліваць справядлівасць і здзяйсняць іншыя добрыя ўчынкі, служачы ўсім братам, якія знаходзяцца ў патрэбе. Сярод розных спраў сямейнага апостальства варта ўзгадаць наступныя: усынаўленне пакінутых дзяцей, гасціннасць адносна прыхадняў, дапамога ў арганізцыі школ; падтрыманне парадай і справамі моладзі, дапамога нарачоным, каб яны лепш падрыхтаваліся да сужэнскага жыцця, удзел у катэхізацыі, падтрымка сужэнцаў i сем’яў, якія перажываюць матэрыяльныя або маральныя цяжкасці, забеспячэнне пажылых не толькі неабходнымі для жыцця сродкамі, але таксама належнымі ім па-справядлівасці набыткамі гаспадарчага прагрэсу.

Заўсёды і ўсюды, асабліва ў краінах, дзе ўпершыню сеецца зерне Евангелля, дзе Касцёл робіць яшчэ першыя крокі або знаходзіцца ў небяспецы, хрысціянскія сем’і з’яўляюцца для свету каштоўным сведчаннем пра Хрыста, калі жывуць згодна з Евангеллем i даюць прыклад хрысціянскага сужэнства21.

Для больш лёгкага дасягнення мэтаў апостальства варта, каб сем’і ядналіся ў пэўныя супольнасці22.

12. На сучаснае грамадства моладзь аказвае вялікі ўплыў23. Умовы яе жыцця, спосаб мыслення, а таксама само стаўленне да сваіх сем’яў значна змяніліся. Часта яна вельмі хутка пераходзіць да новых гаспадарчых і сацыяльных умоў. І ў той час, як пастаянна ўзрастае яе грамадскае і палітычнае значэнне, здаецца, што яна не здольна належна прыняць новыя абавязкі.

Такое вялікае значэнне моладзі ў грамадстве патрабуе ад яе адпаведнай апостальскай дзейнасці, ды і сам яе натуральны характар спрыяе гэтаму.

Па меры таго, як у маладых людзей сталее ўсведамленне ўласнай асабовасці, ахопленыя запалам да жыцця i жаданнем дзейнічаць, яны прымаюць на сябе адказнасць i хочуць заняць сваё месца ў грамадскім і культурным жыцці. Калі гэты запал напоўнены Хрыстовым духам i кіруецца паслухмянасцю і любоўю да пастыраў Касцёла, то можа прынесці надзвычай багаты плён. Менавіта сама моладзь павінна стаць першым i непасрэдным апосталам моладзі, здзяйсняючы апостальскую дзейнасць у сваім коле і сваімі сіламі і зважаючы на тое грамадскае асяроддзе, у якім яна жыве24.

Дарослыя павінны імкнуцца наладзіць з моладдзю сяброўскі дыялог, што дазволіць абодвум бакам, пераадолеўшы ўзроставую перашкоду, узаемна пазнаць сябе і падзяліцца ўласцівымі для кожнага з бакоў каштоўнасцямі. Дарослыя павінны заахвочваць моладзь да апостальства найперш уласным прыкладам, a пры неабходнасці — разважлівай парадай i дзейснай дапамогай. Няхай моладзь шануе старэйшых i давярае ім. Хоць паводле сваёй натуры яна схільная да новага, аднак павінна належна цаніць хвалебныя традыцыі.

Дзеці таксама маюць сваю апостальскую дзейнасць. Па меры сваіх сілаў яны сапраўды з’яўляюцца жывымі сведкамі Хрыста сярод аднагодкаў.

13. Апостальства ў сацыяльнай сферы, a менавіта клопат пра выхаванне ў хрысціянскім духу спосабу мыслення i звычаяў, законаў і структуры таго грамадства, у якім жыве кожны з нас, настолькі з’яўляецца заданнем і абавязкам свецкіх, што ніхто іншы ніколі не зможа іх належна выканаць. У гэтай сферы свецкія могуць ажыццяўляць апостальства, як роўныя сярод роўных. Тут яны дапаўняюць сведчанне жыцця сведчаннем слова25. Тут, у працоўным, прафесійным, навучальным асяроддзі ці на месцы жыхарства, адпачынку або ў іншых аб’яднаннях яны маюць большую магчымасць дапамагаць братам.

Гэтую місію Касцёла ў свеце свецкія выконваюць перадусім праз жыццё ў веры, дзякуючы чаму яны становяцца святлом свету. Сваёй сумленнасцю ў выкананні любога задання яны прыцягваюць усіх да ўмілавання праўды і дабра і, нарэшце, да Хрыста і Касцёла. Праз братнюю любоў, дзякуючы якой удзельнічаюць у жыцці, працы, цярпеннях i імкненнях сваіх братоў, яны паволі і незаўважна рыхтуюць сэрцы ўсіх да дзеяння збаўчай ласкі. Цалкам усведамляючы сваю ролю ў будаванні грамадства, яны з хрысціянскай велікадушнасцю стараюцца выканаць свае сямейныя, грамадскія і прафесійныя абавязкі. Так спосаб іх дзеяння паступова пранікае ў асяроддзе іх жыцця і працы.

Гэтае апостальства павінна ахопліваць усіх людзей дадзенага асяроддзя i не выключаць ніякага духоўнага ці зямнога дабра, якое можна дасягнуць. Аднак сапраўдныя апосталы не павінны абмяжоўвацца толькі дзейнасцю, але павінны абвяшчаць бліжнім Хрыста таксама і словам. Бо шмат людзей можа пачуць Евангелле і пазнаць Хрыста толькі дзякуючы блізкім свецкім асобам.

14. Вялікае поле для апостальскай дзейнасці адкрываецца на нацыянальным і міжнародным узроўні, дзе галоўным чынам свецкія з’яўляюцца слугамі хрысціянскай мудрасці. Любячы свой народ i верна выконваючы грамадзянскі доўг, католікі павінны адчуваць свой абавязак падтрымліваць сапраўднае агульнае дабро і сваімі суджэннямі ўплываць на тое, каб грамадзянская ўлада ажыццяўлялася справядліва, a законы адпавядалі патрабаванням маральных прынцыпаў і агульнаму дабру. Католікі, кампетэнтныя ў дзяржаўных справах і належна ўмацаваныя ў веры і хрысціянскім вучэнні, не павінны ўхіляцца ад грамадскай дзейнасці, бо праз яе годнае выкананне яны могуць прычыніцца да агульнага дабра i разам з тым адкрыць шлях для Евангелля.

Католікі павінны імкнуцца супрацоўнічаць з усімі людзьмі добрай волі ў падтрымцы ўсяго, што праўдзівае, справядлівае, святое, годнае любові (пар. Флп 4, 8). Павінны весці з імі дыялог, апярэджваць іх у разважлівасці і далікатнасці, даследаваць спосабы ўдасканалення грамадскага і дзяржаўнага ладу ў духу Евангелля.

Сярод знакаў нашага часу асабліва трэба адзначыць пастаянна і незваротна ўзрастаючае пачуццё салідарнасці ўсіх народаў. Заданне ж апостальства свецкіх — клапатліва яго падтрымліваць i пераўтвараць у шчырае i сапраўднае пачуццё братэрства. Акрамя гэтага, свецкія павінны памятаць пра міжнародны аспект, пра дактрынальныя і практычныя пытанні і рашэнні, якія ўзнікаюць у гэтай сферы, асабліва ў дачыненні развіццёвых народаў26.

Усе, хто працуе ў іншых краінах або дапамагае ім, павінны памятаць, што адносіны паміж народамі павінны адзначацца сапраўдным братэрскім суіснаваннем, у якім кожны з бакоў адначасова дае і атрымлівае. Той, хто падарожнічае, ці то па справах, ці дзеля адпачынку, павінен памятаць, што ўсюды з’яўляюцца пілігрымуючымі прапаведнікамі Хрыста, таму абавязаны паводзіць сябе адпаведна.

РАЗДЗЕЛ IV
РОЗНЫЯ ФОРМЫ АПОСТАЛЬСТВА

15. Свецкія могуць весці апостальскую дзейнасць індывідуальна ці cумесна, утвараючы розныя аб’яднанні або таварыствы.

16. Індывідуальнае апостальства, багатай крыніцай якога з’яўляецца сапраўднае хрысціянскае жыццё (пар. Ян 4, 14), ёсць пачаткам i ўмовай усялякага апостальства свецкіх, таксама супольнага, i яго нічым нельга замяніць. Да такога апостальства, заўсёды і ўсюды плённага, a ў некаторых акалічнасцях адзіна прыдатнага і магчымага, пакліканы і абавязаны ўсе свецкія, любога стану, нават калі яны не маюць магчымасці або здольнасці супрацоўнічаць у таварыствах. Ёсць шмат форм апостальскай працы, праз якую свецкія будуюць Касцёл, асвячаюць свет i ажыўляюць яго ў Хрысце. Асаблівай формай індывідуальнага апостальства, a ў наш час таксама і найбольш адпаведным знакам аб’яўлення Хрыста, які жыве ў сваіх верніках, ёсць сведчанне ўсяго жыцця свецкага чалавека, якое вынікае з веры, надзеі і любові. Праз апостальства слова, якое ў пэўных акалічнасцях абсалютна неабходна, свецкія абвяшчаюць Хрыста, тлумачаць і пашыраюць Яго вучэнне, кожны адпаведна сваім умовам i здольнасцям, i самі верна вызнаюць яго.

Больш за тое, супрацоўнічаючы як грамадзяне гэтага свету ў справах будавання зямнога парадку i кіравання ім, свецкія павінны шукаць у святле веры вышэйшых матываў дзейнасці ў сямейным, прафесійным, культурным i грамадскім жыцці, a пры магчымасці паказваць іх iншым з перакананнем, што такім чынам яны становяцца супрацоўнікамі Бога Стварыцеля, Адкупіцеля i Асвяціцеля, i прыносяць Яму хвалу.

Урэшце, свецкія павінны напаўняць любоўю сваё жыццё i па меры магчымасці выяўляюць яе ў чынах.
Усе павінны памятаць, што праз публічны культ i малітву, пакаянне i дабравольнае прыняцце цяжкасцяў і жыццёвых пакутаў, праз якія прыпадабняюцца да церпячага Хрыста (пар. 2 Кар 4, 10; Клс 1, 24), яны змогуць дайсці да ўсіх людзей i прычыніцца да збаўлення ўсяго свету.

17. Гэтае індывідуальнае апостальства вельмі неабходнае ў тых краінах, дзе свабода дзейнасці Касцёла моцна абмежавана. У гэтых вельмі цяжкіх умовах свецкія замяняюць па меры магчымасці святароў, рызыкуючы сваёй свабодай, a часам нават і жыццём, і нясуць хрысціянскае вучэнне людзям свайго акружэння, выхоўваюць іх у рэлігійным жыцці і ў каталіцкім духу, заахвочваюць да частага прыняцця сакрамэнтаў і да пабожнасці, асабліва эўхарыстычнай27. Святы Сабор, узносячы падзяку Богу, які таксама і ў наш час не перастае клікаць сярод ганенняў свецкіх людзей, адораных гераічнай мужнасцю, ахоплівае іх айцоўскім клопатам і выказвае ім сваю ўдзячнасць.

Індывідуальнае апостальства знаходзіць асаблівае поле дзейнасці ў краінах, дзе мала католікаў i дзе яны жывуць у рассеянні. Менавіта там свецкія, займаючыся толькі індывідуальным апостальствам, з-за вышэй згаданых або з іншых прычын, якія вынікаюць з іх прафесійнай дзейнасці, маглі б таксама збірацца ў малых групах, якія дзейнічаюць без выразна акрэсленых або арганізацыйных форм, каб праз гэта заўсёды быў бачны для іншых людзей знак супольнасці Касцёла як праўдзівае сведчанне любові. Такім чынам, дзякуючы сяброўству i абмену вопытам, аказваючы ўзаемную духоўную дапамогу, яны набываюць сілы для пераадольвання цяжкасцяў жыцця, празмернай адасобленасці ў дзейнасці і для больш плённага апостальства.

18. Хрысціяне пакліканы да індывідуальнай апостальскай дзейнасці ў розных умовах свайго жыцця. Аднак яны павінны памятаць, што па сваёй натуры чалавек — гэта грамадская істота i што спадабалася Богу з’яднаць веруючых у Хрыста ў адзін Божы народ (пар. 1 П 2, 5-10) i злучыць у адно цела (пар. 1 Кар 12, 12). Таму супольнае апостальства дасканала адпавядае чалавечым і хрысціянскім патрабаванням вернікаў і адначасова ёсць знакам супольнасці i еднасці Касцёла ў Хрысце, які сказаў: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Mц 18, 20). Таму хрысціяне павінны здзяйсняць сваё апостальства ў з’яднанні28. Няхай будуць апосталамі як у сваіх сямейных, так і ў парафіяльных i дыяцэзіяльных супольнасцях, якія самі па сабе выражаюць супольнасны характар апостальства, а таксама ў тых свабодных групах, у якія яны вырашылі аб’яднацца.

Сумеснае апостальства мае вялізную вартасць яшчэ таму, што апостальская праца ці то ў касцёльных супольнасцях, ці то ў розных асяродках часта патрабуе сумеснага дзеяння. Таварыствы, заснаваныя для сумеснага апостальства, дапамагаюць сваім членам i рыхтуюць іх да апостальства, адпаведна арганізоўваюць іх апостальскую працу i кіруюць ёй так, каб можна было спадзявацца на больш шчодрыя плёны, чым тады, калі б кожны дзейнічаў паасобку.

У сучасных умовах вельмі неабходна, каб у сферы дзейнасці свецкіх людзей умацоўвалася сумеснае і арганізаванае апостальства, бо толькі праз цеснае з’яднанне сілаў можна ў поўні дасягнуць мэтаў сучаснага апостальства i дзейсна абараніць яго плады29. Акрамя гэтага вельмі важна, каб апостальства было дастасавана да агульнага менталітэту i грамадскіх умоў тых, да каго яно скіравана. У адваротным выпадку яны не змогуць супрацьстаяць націску грамадскай думкі ці ўстаноў.

19. Існуюць разнастайныя апостальскія аб’яднанні30. Адны з іх служаць агульнай апостальскай мэце Касцёла, другія асаблівым чынам займаюцца абвяшчэннем Евангелля і асвячэннем, трэція імкнуцца напоўніць зямны парадак хрысціянскім духам, чацвёртыя, нарэшце, асаблівым чынам даюць сведчанне аб Хрысце праз справы міласэрнасці і любові.

Сярод такіх аб’яднанняў трэба адзначыць найперш тыя, якія ўсхваляюць і ставяць на першае месца цеснае з’яднанне практычнага жыцця сваіх членаў з іх верай. Гэтыя аб’яднанні не з’яўляюцца самамэтай, але павінны садзейнічаць выкананню місіі Касцёла ў свеце. Іх апостальская плённасць залежыць ад іх згоднасці з мэтамі Касцёла, а таксама ад хрысціянскага сведчання i евангельскага духу паасобных членаў i ўсёй групы.

Што датычыць хуткага развіцця розных устаноў і прагрэсу сучаснага грамадства, то паўсюднасць місіі Касцёла патрабуе, каб апостальскія ініцыятывы католікаў мелі ўсё больш дзейсныя арганізацыйныя формы на міжнародным узроўні. Міжнародныя каталіцкія арганізацыі змогуць плённа дасягнуць сваёй мэты, калі паміж групамі, якія іх утвараюць, i іх членамі будзе цесная сувязь.

Захоўваючы адпаведныя адносіны з касцёльнымі ўладамі31, свецкія маюць права асноўваць аб’яднанні32, кіраваць імі i ўступаць ва ўжо існуючыя. Аднак трэба пазбягаць рассейвання сілаў, што здараецца тады, калі без дастатковага абгрунтавання засноўваюцца новыя таварыствы i дабрачынныя ўстановы або падтрымліваюцца нежыццяздольныя ўжо таварыствы i састарэлыя метады. Таксама не заўсёды мэтазгодным з’яўляецца перайманне іншымі краінамі арганізацыйных форм, прынятых у нейкай адной краіне33.

20. У многіх краінах некалькі дзесяткаў гадоў назад свецкія, штораз адданей прысвячаючы сябе апостальству, арганізавалі розныя формы дзейнасці i згуртаваліся ў розныя таварыствы, якія, захоўваючы цесную лучнасць з іерархіяй, імкнуліся і імкнуцца да сапраўдных апостальскіх мэтаў. Сярод іх або таксама сярод падобных даўнейшых інстытутаў трэба назваць найперш тыя, якія, хоць і выкарыстоўвалі розныя метады, аднак прынеслі Хрыстоваму Валадарству вельмі багатыя плады, а таму слушна рэкамендуюцца i падтрымліваюцца Найвышэйшымі Пантыфікамі i многімі біскупамі і атрымалі ад іх назву «Каталіцкая Акцыя». Вельмі часта яны мелі рысы супрацоўніцтва свецкіх у іерархічным апостальстве34.

Незалежна ад таго, ці маюць назву «Каталіцкая Акцыя», ці іншую, гэтыя формы апостальства выконваюць у наш час узнёслыя апостальскія функыі і ўзнікаюць пры наяўнасці і ў сукупнасці наступных характэрных элементаў:
a) Непасрэднай мэтай такіх арганізацый з’яўляецца апостальская мэта Касцёла, г.зн. імкненне да евангелізацыі i асвячэння людзей, а таксама да хрысціянскага фарміравання іх сумлення, каб такім чынам напоўніць евангельскім духам розныя супольнасці і сацыяльныя сферы.
б) Свецкія, супрацоўнічаючы адпаведным чынам з іерархіяй, дзеляцца сваім вопытам i прымаюць адказнасць за кіраўніцтва гэтымі арганізацыямі, за распазнаванне ўмоў, у якіх павінна весціся пастырская дзейнасць Касцёла, а таксама за планаванне i рэалізацыю праграмы дзейнасці.
в) Свецкія дзейнічаюць сумесна па прыкладзе арганічнага цела, каб такім чынам больш выразна падкрэсліць касцёльную супольнасць i павялічыць плён апостальства.
г) Свецкія, калі самі прапануюць свае паслугі ці калі іх запрашаюць да дзейнасці i непасрэднага супрацоўніцтва ў іерархічным апостальстве, дзейнічаюць пад вышэйшым кіраўніцтвам самой іерархіі, якая можа нават зацвердзіць гэтае супрацоўніцтва праз выразнае ўдзяленне ім мандату.

Арганізацыі, якія на думку іерархіі маюць усе гэтыя рысы, трэба залічыць да «Каталіцкай Акцыі», хоць яны ў залежнасці ад мясцовых ці нацыянальных патрэб набываюць розныя формы i назвы.

Святы Сабор настойліва рэкамендуе падтрымліваць гэтыя ўстановы, бо яны, несумненна, адпавядаюць апостальскім патрэбам Касцёла ў многіх краінах. Сабор заахвочвае святароў i свецкіх, якія супрацоўнічаюць у іх, больш эфектыўна ажыццяўляць вышэй пералічаныя характэрныя рысы i заўсёды па-братэрску супрацоўнічаць з усімі іншымі формамі апостальства ў Касцёле.

21. Усе апостальскія аб’яднанні трэба справядліва ацэньваць, але тыя, якія іерархія адпаведна з патрабаваннямі месца і часу ўхваліла або рэкамендавала, або вырашыла стварыць як найбольш неабходныя, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія павінны найбольш цаніць i па меры сваіх магчымасцяў падтрымліваць. Сярод іх сёння трэба ў першую чаргу рэфармаваць асабліва міжнародныя аб’яднанні або супольнасці католікаў.

22. Асаблівай павагі і прызнання заслугоўваюць у Касцёле тыя свецкія, як нежанатыя, так і сужэнцы, якія назаўсёды або часова прысвячаюць сябе служэнню гэтым установам i іх справам, падтрымліваючы іх сваім прафесійным вопытам. Вялікай радасцю напаўняе Касцёл той факт, што з дня ў дзень узрастае лічба свецкіх, якія працуюць у апостальскіх аб’яднаннях i ўстановах ці то ў сваёй краіне, ці на міжнародным узроўні, асабліва ў каталіцкіх місійных супольнасцях i ў маладых Касцёлах.

Няхай пастыры Касцёла ахвотна і з удзячнасцю прымаюць гэтых свецкіх, няхай клапоцяцца пра ўмовы іх жыцця, каб яны як найбольш адпавядалі патрабаванням праўды, справядлівасці i любові, асабліва ў тым, што датычыць годнага ўтрымання іх саміх і іхніх сем’яў, а таксама пра тое, каб яны мелі неабходную падрыхтоўку, духоўную дапамогу i ўзнагароду.

РАЗДЗЕЛ V
ЗАХАВАННЕ ПАРАДКУ

23. Апостальства свецкіх хрысціянаў — індывідуальнае і супольнае — павінна быць уключана перш за ўсё ў адпаведным парадку ў апостальства ўсяго Касцёла. Больш за тое, лучнасць з тымі, каго Дух Святы ўстанавіў кіраваць Божым Касцёлам (пар. Дз 20, 28), з’яўляецца істотным элементам хрысціянскага апостальства. Не менш неабходным з’яўляецца супрацоўніцтва паміж рознымі апостальскімі ініцыятывамі, якімі належным чынам кіруе іерархія.

Каб падтрымаць дух адзінства, каб ва ўсім апостальстве Касцёла яснела братняя любоў, каб былі дасягнуты агульныя мэты i не было згубнай канкурэнцыі, неабходна ўзаемная павага i добрая каардынацыя ўсіх форм апостальства ў Касцёле, з захаваннем іх адметнага характару35. Найбольш гэта неабходна тады, калі нейкая дзейнасць Касцёла патрабуе гармоніі i апостальскага супрацоўніцтва дыяцэзіяльнага духавенства, кансэкраваных асоб i свецкіх.

24. Іерархія абавязана падтрымліваць апостальства свецкіх, устанаўліваць яго прынцыпы i духоўна дапамагаць яму, кіраваць яго дзейнасцю дзеля агульнага дабра Касцёла і сачыць за захаваннем беззаганнасці веравучэння i парадку.

Апостальства свецкіх прадугледжвае розныя спосабы адносінаў з іерархіяй у залежнасці ад яго розных форм i мэтаў.

Вельмі шмат ёсць у Касцёле апостальскіх ініцыятыў, якія ўзніклі дзякуючы свабоднаму рашэнню свецкіх i іх разважліваму кіраванню. Такога тыпу ініцыятывы могуць дапамагчы ў пэўных умовах лепш выканаць місію Касцёла, таму іерархія часта хваліць іх i падтрымлівае36. Аднак ніводная ініцыятыва не можа называцца «каталіцкай» без узгаднення яе з правамоцнай касцёльнай уладай.

Некаторыя формы апостальства свецкіх розным чынам выразна прызнаюцца іерархіяй.

Акрамя гэтага, касцёльная ўлада, зважаючы на патрабаванне агульнага дабра Касцёла, можа выбраць некаторыя таварыствы i апостальскія справы, якія непасрэдна імкнуцца да духоўнай мэты, i спецыяльна іх падтрымліваць, беручы на сябе асаблівую адказнасць за іх. Такім чынам іерархія, па-рознаму кіруючы апостальствам, адпаведна з акалічнасцямі, цесна лучыць нейкую яго форму з уласным апостальскім заданнем, захоўваючы, аднак, непаўторны характар i адрозненне паміж імі, a таму не пазбаўляе свецкіх неабходнай свабоды дзеяння паводле ўласнай ініцыятывы. Такое рашэнне іерархіі ў розных касцёльных дакументах называецца «мандатам». Нарэшце, іерархія даручае свецкім пэўныя заданні, цесна злучаныя з пастырскімі абавязкамі, напр., выкладанне хрысціянскага веравучэння, некаторыя літургічныя функцыі ці пастырскую апеку. З увагі на гэтую місію свецкія цалкам падпарадкоўваюцца вышэйшаму касцёльнаму кіраўніцтву. Што датычыць спраў i ўстаноў зямнога парадку, то іерархія павінна навучаць i па-сапраўднаму тлумачыць маральныя прынцыпы, якімі трэба кіравацца ў зямных справах. Яна таксама мае права, пасля дакладнага разгляду ўсяго i пазнаёміўшыся з меркаваннем кампетэнтных людзей, выносіць свой прысуд пра адпаведнасць такіх спраў i ўстаноў маральным прынцыпам i вырашаць, што неабходна для захавання i развіцця дабротаў звышпрыроднага парадку.

25. Біскупы, пробашчы i іншыя святары, як дыяцэзіяльныя, так і законныя, павінны памятаць, што права і абавязак здзяйсняць апостальства з’яўляецца агульным для ўсіх вернікаў, духоўных і свецкіх, i што ў будаванні Касцёла свецкія таксама маюць сваю асаблівую ролю37. Таму яны павінны па-братэрску супрацоўнічаць са свецкімі ў Касцёле i для Касцёла, а таксама спецыяльна клапаціцца пра свецкіх у іх апостальскай працы38.

Трэба старанна падбіраць святароў, адпаведна і добра падрыхтаваных, каб яны дапамагалі свецкім у розных формах іхняга апостальства39. Тыя, хто выконвае такую паслугу на падставе атрыманай ад іерархіі місіі, у сваёй пастырскай дзейнасці з’яўляюцца яе прадстаўнікамі. Таму павінны падтрымліваць належныя адносіны з іерархіяй, заўсёды верна захоўваючы дух i вучэнне Касцёла, старанна клапаціцца пра развіццё духоўнага жыцця, пра дух апостальства ў каталіцкіх аб’яднаннях, даручаных іх апецы; у апостальскай дзейнасці павінны служыць ім мудрай парадай i падтрымліваць іхнія ініцыятывы. Пастаянна ведучы са свецкімі дыялог, няхай старанна шукаюць новыя метады для больш плённага апостальства; няхай развіваюць дух адзінства як у самім аб’яднанні, так i паміж іншымі аб’яднаннямі.

Нарэшце, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, павінны высока цаніць апостальскую дзейнасць свецкіх. Паводле духу свайго інстытута і яго прадпісанняў яны павінны ахвотна прысвячаць сябе справе развіцця апостальскіх спраў свецкіх40; павінны імкнуцца падтрымліваць, падмацоўваць i дапаўняць святарскую дзейнасць.

26. У дыяцэзіях, наколькі гэта магчыма, павінны стварацца рады, якія ў адпаведным супрацоўніцтве духавенства і кансэкраваных асоб са свецкімі падтрымлівалі б апостальскую дзейнасць Касцёла як у сферы евангелізацыі i асвячэння, так і ў дабрачыннай, грамадскай і іншых сферах. Гэтыя рады могуць дапамагчы ва ўзаемнай каардынацыі працы розных аб’яднанняў i пачынанняў, якія вядуць свецкія, з захаваннем уласнага характару і аўтаноміі кожнага з іх41.

Такія рады павінны існаваць па меры магчымасці на парафіяльным, міжпарафіяльным, міждыяцэзіяльным, a таксама на нацыянальным ці міжнародным узроўнях42.

Пры Апостальскай Сталіцы трэба стварыць спецыяльны Сакратарыят па падтрымцы апостальства свецкіх i заахвочванню іх да дзейнасці. Ён будзе як бы цэнтрам, які пры дапамозе адпаведных сродкаў будзе даваць інфармацыю пра розныя ініцыятывы свецкіх людзей, а таксама вывучаць праблемы, якія сёння паўстаюць у гэтай сферы, і дапамагаць сваімі парадамі іерархіі i свецкім у іх апостальскай працы. У дзейнасці гэтага Сакратарыяту павінны ўдзельнічаць розныя рухі, а таксама павінны быць прадстаўлены розныя ініцыятывы апостальства свецкіх, якія ёсць у свеце, пры гэтым са свецкімі павінны супрацоўнічаць духавенства i кансэкраваныя асобы.

27. З прычыны супольнай евангельскай спадчыны, а значыць агульнага абавязку даваць хрысціянскае сведчанне, вельмі пажаданым, a часта нават неабходным з’яўляецца супрацоўніцтва католікаў з іншымі хрысціянамі, якое ажыццяўляецца асобнымі людзьмі ці касцёльнымі супольнасцямі, у пэўных акцыях або таварыствах на нацыянальным ці міжнародным узроўнях43.

Агульныя чалавечыя каштоўнасці таксама часта патрабуюць ад хрысціянаў, якія рэалізуюць апостальскія мэты, падобнага супрацоўніцтва з тымі, хто, хоць не вызнае хрысціянства, аднак прызнае гэтыя каштоўнасці.

Дзякуючы такому дынамічнаму i разважліваму супрацоўніцтву44, надзвычай важнаму ў сферы зямной дзейнасці, свецкія людзі даюць сведчанне пра Хрыста, Збаўцу свету, і пра еднасць чалавечай сям’і.

РАЗДЗЕЛ VI
ПАДРЫХТОЎКА ДА АПОСТАЛЬСТВА

28. Апостальства можа быць цалкам плённым толькі пры ўмове рознабаковай i поўнай падрыхтоўкі. Яна неабходна не толькі для пастаяннага духоўнага і дактрынальнага развіцця свецкага чалавека, але таксама абумоўлена рознымі акалічнасцямі, асобамі i заняткамі, да якіх павінна дастасоўвацца яго дзейнасць. Падрыхтоўка да апостальства павінна абапірацца на тыя падставы, якія дадзены Святы Сабор ужо ў іншых месцах акрэсліў і вызначыў45. Акрамя падрыхтоўкі, агульнай для ўсіх хрысціянаў, многія формы апостальства патрабуюць таксама асаблівай і спецыяльнай падрыхтоўкі з прычыны разнастайнасці асоб і ўмоў.

29. Паколькі свецкія людзі па-свойму ўдзельнічаюць у місіі Касцёла, іх апостальская падрыхтоўка набывае спецыфічны характар, які вынікае з самога секулярнага статусу свецкага чалавека і ўласцівай яму духоўнасці.

Падрыхтоўка да апостальства прадугледжвае поўную агульначалавечую фармацыю, дастасаваную да здольнасцяў i ўмоў жыцця кожнага. Свецкі чалавек, добра ведаючы сучасны свет, павінен быць закаранёны ва ўласную супольнасць i яе культуру.

Найперш, свецкі чалавек павінен навучыцца выконваць місію Хрыста і Касцёла, перажываючы ў веры боскую таямніцу стварэння i адкуплення пад кіраўніцтвам Духа Святога, які ажыўляе Божы народ і схіляе ўсіх людзей любіць Бога Айца і свет, а таксама людзей у Богу. Такая падрыхтоўка павінна лічыцца асноўнай і з’яўляецца ўмовай кожнага плённага апостальства.

Акрамя духоўнай, неабходна грунтоўная дактрынальная падрыхтоўка — тэалагічная, этычная і філасофская — у залежнасці ад ўзросту, умоў жыцця і здольнасцяў кожнага. Нельга таксама забываць пра значэнне агульнай культуры разам з практычнай і тэхнічнай падрыхтоўкай.

Каб садзейнічаць добрым чалавечым адносінам, трэба выхоўваць у свецкіх праўдзівыя чалавечыя якасці, у першую чаргу ўменне па-братэрску жыць i супрацоўнічаць, a таксама наладжваць дыялог.

Аднак, паколькі падрыхтоўка да апостальства не можа заключацца толькі ў тэарэтычным уменні, свецкіх ад пачатку іх фармацыі трэба вучыць паступова і разважліва глядзець на ўсё, ацэньваць i дзейнічаць у святле веры, выхоўваць i ўдасканальваць сябе разам з іншымі праз дзейнасць i такім чынам уваходзіць у актыўнае служэнне Касцёла46. Гэтая падрыхтоўка, якую трэба пастаянна ўдасканальваць з увагі на ўзрастаючую сталасць чалавечай асобы i ўскладненне праблем, патрабуе штораз глыбейшага пазнання i штораз лепшага дапасавання дзеяння да зменлівых умоў. Каб рэалізаваць усе патрабаванні гэтай падрыхтоўкі, трэба заўсёды памятаць пра еднасць i цэласнасць чалавечай асобы дзеля захавання i развіцця яе гарманічнасці i раўнавагі.

Так свецкі чалавек глыбока і актыўна ўваходзіць у саму сутнасць зямной рэчаіснасці i плённа выконвае сваю ролю ў яе фарміраванні, а таксама, як жывы член і сведка Касцёла, выяўляе яго i робіць магчымым яго дзеянне ў зямных справах47.

30. Падрыхтоўка да апостальства павінна распачынацца з пачатковага выхавання дзяцей. Аднак асабліва трэба ўводзіць у апостальства падлеткаў і моладзь, напаўняючы іх гэтым духам. Праз усё жыццё трэба ўдаскнальваць гэтую падрыхтоўку ў залежнасці ад таго, чаго патрабуюць ад свецкіх шматлікія новыя абавязкі. Зразумела, хрысціянскія выхаваўцы павінны таксама рыхтаваць да апостальства.

Заданне бацькоў — прызвычайваць у сям’і сваіх дзяцей з малых гадоў да штораз лепшага пазнання любові Бога да ўсіх людзей i паступова вучыць іх, менавіта сваім прыкладам, клапаціцца пра патрэбы бліжняга: як матэрыяльныя, так і духоўныя. Уся сям’я i яе сумеснае жыццё павінны быць як бы практычнай школай апостальства.

Больш за тое, трэба так выхоўваць дзяцей, каб, пакідаючы сям’ю, яны былі духоўна адкрытымі як на касцёльныя, так і свецкія супольнасці. У мясцовую парафіяльную супольнасць іх трэба ўводзіць так, каб у ёй яны ўсведамлялі, што з’яўляюцца жывымі і актыўнымі членамі Божага народу. Святары ў катэхетычнай працы i ў паслузе слова, у духоўным кіраўніцтве i ў іншых пастырскіх дзеяннях павінны памятаць пра падрыхтоўку да апостальства.

Таксама школы, каледжы i іншыя каталіцкія вучэбна-выхаваўчыя ўстановы павінны выхоўваць у моладзі каталіцкую самасвядомасць і заахвочваць яе да апостальскай дзейнасці. Калі не хапае такога выхавання — ці з-за таго, што моладзь не наведвае такія школы, ці з іншых прычын, — пра гэта тым больш павінны клапаціцца бацькі, пастыры i апостальскія аб’яднанні. Настаўнікі i выхаваўцы, якія паводле свайго паклікання i абавязку выконваюць высакародную форму апостальства свецкіх, павінны мець глыбокую дактрынальную падрыхтоўку i педагагічны навык, каб дзякуючы гэтаму больш плённа выхоўваць моладзь.

Групы і таварыствы свецкіх, якія прысвячаюць сябе апостальству або іншым надпрыродным мэтам, павінны старанна садзейнічаць падрыхтоўцы да апостальства паводле сваёй мэты і магчымасцяў48. Менавіта яны самі часта з’яўляюцца звычайным шляхам адпаведнай падрыхтоўкі да апостальства, бо ў іх даецца дактрынальная, духоўная і практычная падрыхтоўка. Іх члены абмяркоўваюць у малых групах са сваімі паплечнікамі і сябрамі метады і вынікі сваёй апостальскай дзейнасці i супастаўляюць свае штодзённыя паводзіны з Евангеллем.

Такога тыпу падрыхтоўку трэба весці з улікам усяго апостальства свецкіх, якое павінна здзяйсняцца не толькі ў саміх групах, але таксама ва ўсіх акалічнасцях на працягу ўсяго жыцця, асабліва прафесійнага і грамадскага. Больш за тое, кожны павінен сам дзейсна рыхтавацца да апостальства; гэта асабліва датычыць дарослых. З цягам гадоў розум чалавека становіцца штораз больш адкрытым, і дзякуючы гэтаму кожны праз стараннае назіранне можа адкрыць таленты, якімі Бог адарыў яго душу, і больш плённа выкарыстаць тыя харызмы, якія Дух Святы ўдзяляе яму дзеля дабра яго братоў.

31. Розныя формы апостальства патрабуюць таксама спецыяльнай i адпаведнай падрыхтоўкі.
a) Што датычыць апостальства евангелізацыі i асвячэння людзей, то свецкія павінны быць асабліва падрыхтаваныя да наладжвання дыялогу з іншымі людзьмі, веруючымі ці няверуючымі, каб усім аб’яўляць заклік Хрыста49.

Паколькі ў наш час усюды моцна пашыраны рознага тыпу матэрыялізм, нават сярод католікаў, свецкія павінны не толькі пільна вывучаць каталіцкае вучэнне, асабліва тыя моманты, якія аспрэчваюцца, але таксама сведчыць сваім евангельскім жыццём супраць усіх форм матэрыялізму.

б) Што датычыць аднаўлення ў хрысціянскім духу зямной рэчаіснасці, то свецкіх трэба вучыць разумець сапраўднае значэнне i вартасць зямных дабротаў саміх па сабе і ў аднясенні да ўсіх мэтаў чалавечай асобы. Яны павінны вучыцца правільна выкарыстоўваць зямныя рэчы i арганізоўваць установы, заўсёды імкнучыся да агульнага дабра паводле маральных прынцыпаў i сацыяльнага вучэння Касцёла. Найперш, свецкія павінны ведаць прынцыпы i высновы сацыяльнага вучэння настолькі, каб быць здольнымі супрацоўнічаць у развіцці гэтага вучэння і належна выкарыстоўваць яго прынцыпы ў паасобных выпадках50.
в) Паколькі ўчынкі любові i міласэрнасці з’яўляюцца выдатным сведчаннем хрысціянскага жыцця, падрыхтоўка да апостальства павінна весці таксама да іх практыкавання, каб вернікі вучыліся з самага дзяцінства спачуваць братам i велікадушна дапамагаць ім у патрэбах51.

32. Шмат ёсць дапаможных сродкаў, якія могуць выкарыстоўваць свецкія ў апостальстве: сходы, кангрэсы, рэкалекцыі, духоўныя практыкаванні, частыя сустрэчы, канферэнцыі, кнігі, каментарыі, якія дапамагаюць у больш глыбокім пазнанні Святога Пісання і каталіцкага вучэння, у развіцці духоўнага жыцця i ў пазнанні ўмоў, у якіх жыве сучасны свет, а таксама ў адшуканні i развіцці адпаведных метадаў52.

Гэтыя сродкі падрыхтоўкі ўлічваюць розныя формы апостальства ў тых асяроддзях, дзе яно вядзецца.
З гэтай мэтай былі таксама створаны цэнтры або вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія далі ўжо дасканалы плён.

Святы Сабор радуецца развіццю такіх ініцыятыў у некаторых краінах i выказвае гарачае жаданне распачынаць іх таксама ў іншых месцах, дзе ў гэтым ёсць патрэба.

Акрамя гэтага, трэба ствараць цэнтры дакументацыі i вывучэння не толькі тэалогіі, але таксама антрапалогіі, псіхалогіі, сацыялогіі, метадалогіі, каб больш поўна развіваліся здольнасці свецкіх людзей, мужчын і жанчын, моладзі і дарослых ва ўсіх сферах апостальства.

ЗАКЛІК

33. Святы Сабор горача заклікае ў імя Пана ўсіх свецкіх ахвотна, усёй душой i ўсім сэрцам адказаць на заклік Хрыста, які ў гэты час настойліва іх запрашае, i на натхненне Духа Святога. Моладзь няхай лічыць гэты заклік скіраваным асабліва да сябе i няхай прыме яго з запалам i велікадушна. Праз гэты Святы Сабор сам Пан зноў запрашае ўсіх свецкіх з кожным днём штораз больш яднацца з Ім і лічыць Яго справу сваёй (пар. Флп 2, 5), аб’ядноўваючыся ў Яго збаўчай місіі. Ён зноў пасылае іх у кожны горад і мясцовасць, куды сам павінен прыйсці (пар. Лк 10, 1). Заклікае іх да супрацоўніцтва ў розных формах i метадах адзінага апостальства Касцёла, якое трэба няспынна дастасоўваць да новых патрэб часу. Хоча, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў справе Пана і ведалі, што іх праца не будзе дарэмнай у Яго вачах (пар. 1 Кар 15, 58).

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 18 лістапада 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)
Дакумент шматразова змяняўся на працягу саборных сесій. Быў абмеркаваны на ІІІ сесіі і абнародаваны 18 лістапада 1965 года. Тэкст падае прынцыпы і спосабы ажыццяўлення апостальства свецкіх. Ён паказвае асаблівую ролю свецкіх у будаўніцтве сучаснага парадку, напоўненага хрысціянскім духам; прызнае права і абавязак асабістай ініцыятывы ў апостальстве, справядлівы плюралізм пачынанняў і форм, рэкамендуе гарманічную сувязь з іерархіяй, каардынацыю з іншымі ініцыятывамі і супрацоўніцтва з некатолікамі ва ўмацаванні чалавечых каштоўнасцяў. Пасля Сабору падтрымкай апостальства свецкіх займалася Папская Рада па справах свецкіх і іншыя ўстановы.

q

  1. Пар. IOANNES XXIII, Const. Apost. Humanae Salutis, 25 dec. 1961: AAS 54 (1962), pp. 7-10.
  2. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, nn. 33 ss.: AAS 57 (1965), pp. 39 s.; пар. таксама Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 26-40: AAS 56 (1964), pp. 107-111; пар. Decr. de Instrumentis communicationis socialis, Inter mirifica: AAS 56 (1964), pp. 145-153; пар. Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio: AAS 57 (1965), pp. 90-107; пар. Decr. de Pastorali Episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, nn. 16, 17, 18; пар. Declaratio de Educatione christiana, Gravissimum educationis, nn. 3, 5, 7.
  3. Пар. PIUS XII, Alloc. ad Cardinales, 18 febr. 1946: AAS 38 (1946), pp. 101-102; ён жа, Sermo ad Iuvenes Operarios Catholicos, 25 aug. 1957: AAS 49 (1957), p. 843.
  4. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Rerum Ecclesiae: AAS 18 (1926), p. 65.
  5. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 31: AAS 57 (1965), p. 37.
  6. Пар. тамсама, n. 33, p. 39; пар. таксама, n. 10, p. 14.
  7. Пар. тамсама, n. 12, p. 16.
  8. Пар. CONC. VAT. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium: cap. I, n. 11: AAS 56 (1964), pp. 102-103.
  9. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 32: AAS 57 (1965), p. 38; пар. таксама, n. 40-41, pp. 45-47.
  10. Тамсама, n. 62, p. 63; пар. таксама, n. 65, pp. 64-65.
  11. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Ubi arcano, 23 dec. 1922: AAS 14 (1922), p. 659; PIUS XII, Litt. Encycl. Summi Pontificatus, 20 oct. 1939: AAS 31 (1939), pp. 442-443.
  12. Пар. LEO XIII, Litt. Encycl. Rerum Novarum: ASS 23 (1890-91), p. 647; PIUS XI, Litt. Encycl. Quadragesimo Anno: AAS 23 (1931), p. 190; PIUS XII, Nuntius Radiophonicus, 1 iunii 1941: AAS 33 (1941), p. 207.
  13. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra: AAS 53 (1961), p. 402.
  14. Пар. тамсама, pp. 440-441.
  15. Пар. тамсама, pp. 442-443.
  16. Пар. PIUS XII, Alloc. ad «Pax Romana M. I. I. C.», 25 apr. 1957: AAS 49 (1957) pp. 298-299; et praesertim IOANNES XXIII, Ad Conventum Consilii «Food and Agriculture Organisation» (F.A.O.), 10 nov. 1959: AAS 51 (1959), pp. 856, 866.
  17. Пар. S. PIUS X, Litt. Apost. Creationis duarum novarum paroeciarum, 1 iunii 1905: ASS 38 (1905) pp. 65-67; PIUS XII, Alloc. ad fideles Paroeciae S. Saba, 11 ian. 1953: Discorsi e Radiomessaggi di S. S. Pio XII, 14 (1952-1953), pp. 449-454; IOANNES XXIII, Alloc. Clero et christifidelibus e dioecesi suburbicaria Albanensi, ad Arcem Gandulfi habita, 26 aug. 1962: AAS 54 (1962), pp. 656-660.
  18. Пар. LEO XIII, Alloc., 28 ian. 1894: Acta, 14 (1894), pp. 424-425.
  19. Пар. PIUS XII, Alloc. ad Parochos, etc., 6 febr. 1951: Discorsi e Radiomessaggi di S. S. Pio XII, 12 (1950-1951), pp. 437-443; 8 martii 1952: тамсама, 14 (1952-1953), pp. 5-10; 27 martii 1953: тамсама, 15 (1953-1954), pp. 27-35; 28 febr. 1954: тамсама, pp. 585-590.
  20. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Casti Connubii: AAS 22 (1930), p. 554; PIUS XII, Nuntius Radiophonicus, 1 iunii 1941: AAS 33 (1941), p. 203; ён жа, Delegatis ad Conventum Unionis Internationalis sodalitatum ad iura familiae tuenda, 20 sept. 1949: AAS 41 (1949), p. 552; ён жа, Ad patresfamilias e Gallia Romam peregrinantes, 18 sept. 1951: AAS 43 (1951), p. 731; ён жа, Nuntius Radiophonicus in Natali Domini 1952: AAS 45 (1953) p. 41; IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), pp. 429, 439.
  21. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Evangelii Praecones, 2 iunii 1951: AAS 43 (1951), p. 514.
  22. Пар. PIUS XII, Alloc. Delegatis ad Conventum Unionis Internationalis sodalitatum ad iura familiae tuenda, 20 sept. 1949: AAS 41 (1949), p. 552.
  23. Пар. S. PIUS X, Alloc. ad catholicam Associationem Iuventutis Gallicae de pietate, scientia et actione, 25 sept. 1904: ASS 37 (1904-1905), pp. 296-300.
  24. Пар. PIUS XII, Epist. Dans quelques semaines, ad Archiepiscopum Marianopolitanum: de conventibus a iuvenibus operariis christianis canadiensibus indictis, 24 mai 1947: AAS 39 (1947), p. 257; Nuntius Radiophonicus ad J. O. C. Bruxelles, 3 sept. 1950: AAS 42 (1950), pp. 640-641.
  25. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Quadragesimo Anno, 15 maii 1931: AAS 23 (1931), pp. 225-226.
  26. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), pp. 448-450.
  27. Пар. PIUS XII, Alloc. ad I Conventum ex Omnibus Gentibus Laicorum Apostolatui provehendo, 14 oct. 1951: AAS 43 (1951), p. 788.
  28. Пар. PIUS XII, Alloc. ad I Conventum ex Omnibus Gentibus Laicorum Apostolatui provehendo, 14 oct. 1951: AAS 43 (1951), pp. 787-788.
  29. Пар. PIUS XII, Litt. Encycl. Le pulerinage de Lourdes, 2 iulii 1957: AAS 49 (1957), p. 615.
  30. Пар. PIUS XII, Alloc. ad Consilium Foederationis internationalis virorum catholicorum, 8 dec. 1956: AAS 49 (1957), pp. 26-27.
  31. Пар. вышэй, раздзел V, 24.
  32. Пар. S. C. Concilii, Resolutio Corrienten., 13 nov. 1920: AAS 13 (1921), p. 139.
  33. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Princeps Pastorum, 10 dec. 1959: AAS 51 (1959), p. 856.
  34. Пар. PIUS XI, Epist. Quae nobis, ad Card. Bertram, 13 nov. 1928: AAS 20 (1928), p. 385. Пар. тамсама, PIUS XII, Alloc. ad. A. C. Italicam, 4 sept. 1940: AAS 32 (1940), p. 362.
  35. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Quamvis Nostra, 30 apr. 1936: AAS 28 (1936), pp. 160-161.
  36. Пар. S. C. Concilii, Resolutio Corrienten., 13 nov. 1920: AAS 13 (1921), pp. 137-140.
  37. Пар. PIUS XII, Alloc. ad II Conventum ex Omnibus Gentibus Laicorum Apostolatui provehendo, 5 oct. 1957: AAS 49 (1957), p. 927.
  38. Пар. PIUS XII, Alloc. ad II Conventum ex Omnibus Gentibus Laicorum Apostolatui provehendo, 5 oct. 1957: AAS 49 (1957), p. 927.
  39. Пар. PIUS XII, Adhort. Apost. Menti Nostrae, 23 sept. 1950: AAS 42 (1950), p. 660.
  40. Пар. CONC. VAT. II, Decr. De accommodata renovatione vitae religiosae, Perfectae caritatis, n. 8.
  41. Пар. BENEDICTUS XIV, De Synodo Dioecesana, 1. III, c. IX, n. VII-VIII: Opera omnia in tomos XVII distributa, tom. XI (Prati, 1844), pp. 76-77.
  42. Пар. PIUS XI, Litt. Encycl. Quamvis Nostra, 30 apr. 1936: AAS 28 (1936), pp. 160-161.
  43. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), pp. 456-457. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 12: AAS 57 (1965), pp. 99-100.
  44. Пар. CONC. VAT. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 12: AAS 57 (1965), p. 100. Пар. тамсама, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 15: AAS 57 (1965),pp. 19-20.
  45. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, cap. II, IV, V: AAS 57 (1965), pp. 12-21; 37-49; пар. тамсама, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, nn. 4, 6, 7, 12: AAS 57 (1965), pp. 94, 96, 97, 99, 100; пар. тамсама, supra, n. 4.
  46. Пар. PIUS XII, Alloc. Ad VI Conferentiam internationalem «boyscouts», 6 iunii 1952: AAS 44 (1952), pp. 579-580; IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), p. 456.
  47. Пар. CONC. VAT. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 33: AAS 57 (1965), p. 39.
  48. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), p. 455.
  49. Пар. PIUS XII, Epist. Encycl. Sertum laetitiae, 1 nov. 1939: AAS 31 (1939), pp. 635-644; пар. ён жа, Ad «laureati» Act. Cath. It., 24 maii 1953.
  50. Пар. PIUS XII, Alloc. ad Congressum Universalem Foederationis Mundialis Iuventutis Femineae Catholicae, 18 apr. 1952: AAS 44 (1952), pp. 414-419. Пар. ён жа, Alloc. ad Associationem Christianam Operariorum Italiae (A.C.L.I.), 1 maii 1955: AAS 47 (1955), pp. 403-404.
  51. Пар. PIUS XII, Ad Delegatos Conventus Sodalitatum Caritatis, 27 apr. 1952: AAS 44 (1952), pp. 470-471.
  52. Пар. IOANNES XXIII, Litt. Encycl. Mater et Magistra, 15 maii 1961: AAS 53 (1961), p. 454.
Цэтлікі: Дакументы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на афіцыйнам сайце
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
у Беларусі.

На гэтым сайце размяшчаецца выключна афіцыйная інфармацыя.

Больш інфармацыі аб жыцці Касцёла ў Беларусі і свеце вы можаце атрымаць на партале:

Catholic.by

Афіцыйны сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у беларусі