Зварот каталіцкіх біскупаў Беларусі

Каталіцкія біскупы Беларусі кіруюць зварот да католікаў і ўсіх людзей добрай волі ў сувязі з паглыбленнем грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.

Наша бацькаўшчына Беларусь ужо чацвёрты месяц знаходзіцца ў нябачаным дагэтуль грамадска-палітычным крызісе, які, на жаль, паглыбляецца. Насілле не спыняецца, надалей праліваецца кроў, грамадства падзелена. Гэта не прадвяшчае нам шчаслівай будучыні, бо, як казаў Хрыстус, дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць (пар. Мц 12, 25).

Цяжка паверыць, што такое адбываецца ў нашай міралюбнай краіне, вядомай сваёй талерантнасцю і згодай паміж людзьмі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў.

Каталіцкі Касцёл, кіруючыся Евангеллем і пабудаваным на ім сацыяльным вучэннем, выказваецца супраць насілля, беззаконня, несправядлівасці і няпраўды і асуджае іх. Касцёл заклікае да мірнага вырашэння ўзніклых праблем шляхам дыялогу ў духу любові да Бога і бліжняга, з захаваннем Божых і чалавечых законаў.

Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, далучаемся да звароту Папы Францішка, скіраванага ім пасля малітвы «Анёл Панскі» 13 верасня 2020 г. да дзяржаўных уладаў. У ім Пантыфік заклікаў прыслухацца да голасу суграмадзянаў і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскай свабоды.

Пры гэтым мы хочам падкрэсліць, што галоўная мэта Касцёла — абвяшчаць Евангелле дзеля пабудовы Божага Валадарства, якое не кіруецца прынцыпамі гэтага свету і не прэтэндуе на зямную ўладу. Таму Касцёл не выконвае дзяржаўных функцый і не можа нікім выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах.

У гэты лёсавызначальны час гісторыі нашай бацькаўшчыны, як навучаў святы апостал Павел, мы павінны несці цяжар адзін аднаго (пар. Гал 6, 2), аказваць узаемную падтрымку і салідарнасць дзеля будавання згуртаванай, а не падзеленай Беларусі.

Звяртаемся да католікаў і ўсіх людзей добрай волі з заклікам працягваць узносіць свае малітвы ў інтэнцыі хуткага і мірнага вырашэння крызісу, бо благаслаўлёныя міратворцы і тыя, хто імкнецца да справядлівасці, як кажа Хрыстус. Няхай дабро пераможа зло.

Мір і дабро табе, наша бацькаўшчына Беларусь!

Каталіцкія біскупы Беларусі

Мінск, 25 лістапада 2020 г.

Цэтлікі: Дакументы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на афіцыйнам сайце
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
у Беларусі.

На гэтым сайце размяшчаецца выключна афіцыйная інфармацыя.

Больш інфармацыі аб жыцці Касцёла ў Беларусі і свеце вы можаце атрымаць на партале:

Catholic.by

Афіцыйны сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у беларусі