Папа Францішак прыняў адстаўку арцыбіскупа Кандрусевіча

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сыходзіць на пенсію. 3 студзеня 2021 г., у дзень, калі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму споўнілася 75 гадоў, Папа Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў біскупа Казіміра Велікасельца OP адміністратарам архідыяцэзіі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у афіцыйнай заяве Святога Пасаду гаворыцца: «Святы Айцец прыняў адмову ад пастырскага кіраўніцтва, прадстаўленую Яго Эксцэленцыяй арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, у адпаведнасці з канонам 401 §1 Кодэксу кананічнага права, і адначасова прызначыў Апостальскім Адміністратарам Sede vacante на згаданую мітрапаліцкую катэдру біскупа Казіміра Велікасельца OP, тытулярнага біскупа Бланды і дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі».

Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Кандрусевіча Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім 21 верасня 2007 г., перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

З чэрвеня 2015 г. іерарх з’яўляецца Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён стаў першым іерархам Касцёла ў Беларусі пасля часоў камуністычнага пераследу: 25 ліпеня 1989 г. Ян Павел ІІ прызначыў Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскае пасвячэнне, якое прайшло 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме, узначаліў сам Пантыфік.

Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі іерарх заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, прычыніўся да выдання літургічнай літаратуры, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла, працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам.

Біскуп Казімір Велікаселец, які ў 1984 г. скончыў Рыжскую духоўную семінарыю, з 1999 г. з’яўляецца дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. У маі 2020 г., нягледзячы на дасягненне іерархам 75-гадовага ўзросту, папа Францішак дазволіў яму працягваць выконваць свае функцыі наступныя прынамсі два гады.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на афіцыйнам сайце
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
у Беларусі.

На гэтым сайце размяшчаецца выключна афіцыйная інфармацыя.

Больш інфармацыі аб жыцці Касцёла ў Беларусі і свеце вы можаце атрымаць на партале:

Catholic.by

Афіцыйны сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у беларусі