Зварот біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на XXV Дзень кансэкраванага жыцця

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, адказны ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця біскуп Аляксанадр Яшэўскі SDB кіруе зварот да ўсіх кансэкраваных асобаў у нашай краіне.

Сёлета, у літургічнае свята Ахвяравання Пана, Касцёл адзначае XXV Дзень кансэкраванага жыцця. Пры святле запаленых свечак у Евангеллі сённяшняга свята мы чуем заклік паглядзець на сваё пакліканне, прысвячэнне і кансэкрацыю.

Праз нашае нязменнае «так», праз аднаўленне абяцанняў Хрыстус з новай моцай пачынае ззяць у нас усім багаццем сваёй дабрыні, любові і евангельскай праўды.

Па-першае, гаворка ідзе пра аднаўленне прысвячэння, прынятага ў сакрамэнце хросту, пра якое нагадвае хрысцільная свечка. Яе полымя сімвалізуе святло Хрыста, што засвяціла для нас, калі мы атрымалі хросную пячатку прыналежнасці Яму.

Па-другое, мы аднаўляем той асаблівы запавет, які заключаецца і аднаўляецца ў таямніцы Эўхарыстыі. У ёй мы радуемся прысутнасці Бога, які пранікае ў нас, кранае нашыя сэрцы тым першасным пачуццём шчасця, якое спадарожнічала нам у дзень Першай святой Камуніі.

Па-трэцяе, мы аднаўляем запавет, які называем манаскай кансэкрацыяй; запавет, што звязаў нас у шлюбнай любові з Хрыстом і Яго Касцёлам.

Праз евангельскія парады ўбогасці, чыстасці і паслухмянасці мы выбіраем шлях самога Хрыста і Яго Дзевы Маці.

Паводле Правіла святога Бэнэдыкта, ісці шляхам евангельскіх парадаў значыць «нічога не ставіць вышэй за любоў Хрыста». Выбіраючы гэты шлях, мы заглыбляемся ў магутную творчую моц, здольную перамяніць кожны момант нашага жыцця і кожнае нашае дзеянне ў прыемную Богу ахвяру.

У вялікіх бібліятэках свету захоўваюцца самыя каштоўныя выданні Святога Пісання і Правілы розных манаскіх сем’яў. Вашае жыццё вернае пакліканню, падобна гэтым кнігам, таксама з’яўляецца каштоўным спосабам захавання Божага слова, якое адгукаецца ў духоўнасці манаскіх супольнасцяў.

Кожная харызма — гэта асаблівае евангельскае слова, якое Дух Святы нагадвае свайму Касцёлу. Нездарма кансэкраванае жыццё нараджаецца са слухання Божага слова і прымае Евангелле як норму жыцця.

Такім чынам, жыццё ў наследаванні чыстага, убогага і паслухмянага Хрыста становіцца жывой экзэгезай Божага слова.

З яго кожная харызма бярэ свой пачатак, і кожнае правіла імкнецца быць яго адлюстраваннем, даючы формы хрысціянскага жыцця, якія адзначаюцца евангельскім радыкалізмам (пар. Verbum Domini, 83).

Паважаныя кансэкраваныя асобы Беларусі!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыміце самыя шчырыя словы віншавання, удзячнасці і павагі. Няхай кожная манаская сям’я будзе аазісам, поўным духоўнага жыцця ў пустынях сучаснага свету, апаленага грахом; няхай стане асвяжальнай крыніцай надзеі і арыенцірам для тых, хто патанае ў штодзённых праблемах, пакутуе ад залежнасцяў і такім чынам не заўважае самага важнага.

Сёння ў супольнай малітве мы дзякуем вам за шчодрае, поўнае і нязменнае «так» у адказ на заклік любячага Пана.

Мы молімся, каб Найсвяцейшая Панна Марыя — Настаўніца духоўнага жыцця — падтрымала і суправаджала вас на шляху плённай рэалізацыі вашага манаскага паклікання. Няхай Яе заступніцтва нараджае мужнасць і святло Божай мудрасці, заўсёды паказваючы правільны кірунак на шляху, які вы аднойчы абралі. Жадаю перажываць дар паклікання ў духу нязменнай евангельскай радасці і энтузіязму, што можа станоўча запаліць і іншых.

Няхай Езус Хрыстус — Святло для асвятлення язычнікаў і кожнага чалавека, які прыходзіць у гэты свет, — свеціць нам усім сваёю ласкай і сілай, каб святло Хрыста стала нашым святлом; любоў Хрыста — нашай любоўю; жыццё Хрыста — нашым жыццём. Каб людзі маглі не толькі чуць, але і дакранацца да Евангелля, а дзякуючы нашым добрым учынкам — праслаўляць Айца, які ёсць у Нябёсах (пар. Мц 5, 16).

З благаслаўленнем,

біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDB
Адказны ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця

Мы вельмі радыя
бачыць вас на афіцыйнам сайце
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
у Беларусі.

На гэтым сайце размяшчаецца выключна афіцыйная інфармацыя.

Больш інфармацыі аб жыцці Касцёла ў Беларусі і свеце вы можаце атрымаць на партале:

Catholic.by

Афіцыйны сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у беларусі